Зембін

вёска ў Барысаўскім раёне

Зе́мбін[2] (трансліт.: Ziembin, руск.: Зембин) — аграгарадок, раней мястэчка, у Барысаўскім раёне Мінскай вобласці, за 29 км на паўночны захад ад Барысава, на скрыжаванні аўтадарог Р3 і Р63. Цэнтр Зембінскага сельсавета.

Аграгарадок
Зембін
Касцёл да руйнавання франтона ў 2022 г.
Касцёл да руйнавання франтона ў 2022 г.
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Вышыня цэнтра
181 м[1]
Насельніцтва
  • 713 чал. (2014)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 177
Паштовы індэкс
222133
Аўтамабільны код
5
Зембін на карце Беларусі ±
Зембін (Беларусь)
Зембін
Зембін (Мінская вобласць)
Зембін

Назва правіць

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Зембін спазнаў значныя змяненні. Пачатковай формай, імаверна, быў Жабін — ад прозвішча Жаба. На карце XVI ст. паселішча значыцца як Жэмбін. Пазней «ж» перайшло ў «з» падобна на тое, як гэта адбылося ў Жыгмант — Зыгмант, жалеза — залеза (дыялектнае), Ждановіч — Здановіч і г. д. Ужо пад 1592 годам мястэчка ўпамінаецца як Зэбін. Такім чынам, трансфармацыя назвы мела наступны выгляд: Жабін — Жэбін — Зэбін — Зембін[3].

Гісторыя правіць

Вялікае Княства Літоўскае правіць

Паводле даследчыкаў XIX стагоддзя, сярод навакольных паселішчаў Зембін ёсць найстарэйшым. Аднак дакладная дата яго заснавання застаецца невядомай. Першы пісьмовы ўпамін датуецца толькі 1526 годам. У гэты час тут існаваў вялікі маёнтак, якім валодалі Радзівілы. Пра значнасць маёнтку сведчыць тое, што для кіравання ім прызначаўся дзяржаўца. Як вядома, дзяржаўцы ў Вялікім Княстве Літоўскім прызначаліся толькі ў вялікакняжскія або ў буйныя маёнткі. У ліпені 1592 года дзяржаўцам зембінскім быў Януш Длускі. У канцы XVI — пачатку XVII стагоддзяў маёнтак належаў прадстаўніку іншага вядомага вялікалітоўскага роду — Станіславу Кішку.

У XVІ — першай палове XVІІ стагоддзяў адбыўся росквіт Зембіна. У гэты час ён меў статус мястэчка. З сярэдзіны XVІІ стагоддзя праз вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай і яе наступствы Зембін, як і ўся краіна, перажыў моцны заняпад. Пачатак XVIII стагоддзя не прынёс палёгкі. Вайсковыя дзеянні за часамі Вялікай Паўночнай вайны абмінулі мястэчка, аднак працяглае размяшчэнне тут хаўруснага маскоўскага войска на чале з Меншыкавым давяло край да жабрацтва. З гэтай прычыны Зембін згубіў статус мястэчка. На 1777 год тут было 38 двароў, карчма, бровар і 2 вадзяныя млыны.

Пераломным у лёсе Зембіна быў 1783 год. Тагачасны ягоны гаспадар Храптовіч дамогся вяртання паселішчу статуса мястэчка, запрасіў сяліцца ў ім усіх вольных людзей (як хрысціянаў, так і нехрысціянаў) і стварыў ім умовы для вядзення гандлю. З гэтага часу ў Зембіне пасяліліся яўрэі, а сам ён пачаў хутка расці. Этнічная змена складу насельніцтва прывяла да змены вонкавага выгляду. Калі раней на Рынку стаяла царква, то неўзабаве па вяртанні статуса мястэчка на яе месцы ўзвялі сінагогу (апошняя бажніца на гэтым месцы існавала яшчэ да Другой сусветнай вайны), а новую царкву збудавалі паміж 1783 і 1800 гадамі ў баку ад цэнтра — там, дзе і цяпер знаходзіцца больш позняя царква-мураўёўка.

Пад уладай Расійскай імперыі правіць

 
Касцёльная пячатка, XIX ст.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Зембін апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Барысаўскім павеце Мінскай губерні. Новыя ўлады адабралі мястэчка ў Яўхіма Храптовіча, але ўжо ў 1807 годзе вярнулі ягонаму сыну Ірынею. У 1795 годзе ў Зембіне адкрылася пошта, у якой было 4 паштальёны і 8 коней. На 1800 год у мястэчку было 52 двары, дзейнічалі касцёл і царква, штогод праводзіліся 2 кірмашы, працаваў вадзяны млын. У 1811 годзе царкву адбудавалі намаганнямі Францішка Сержпутоўскага.

У вайну 1812 года 30 чэрвеня Зембін занялі французскі войскі, у лістападзе таго ж года ў мястэчку правёў першую ноч па трагічнай пераправе праз Бярэзіну Напалеон. Тут жа ў касцёле спавядаўся цяжка паранены французскі генерал. У Зембіне ён памёр і спачыў на могілках. У 1834 годзе Ірыней Храптовіч прадаў частку мястэчка Ліхадзіеўскаму. Апошні здаваў яго ў арэнду.

Зембін здаўна быў цэнтрам культуры і адукацыі. Мясцовая бібліятэка, якая, хутчэй за ўсё, утварылася з заснаваннем у першай палове XVІІ стагоддзя кляштара дамініканаў, была ў свой час найбагацейшай у краі. Існавала яна да 1812 года, калі згарэла ў часе вайсковых дзеянняў. З пабудовай у пачатку XIX стагоддзя новага будынка касцёла пры ім утварылася школа.

У 1839 годзе расійскія ўлады гвалтоўна адабралі будынак царквы ў Святога Прастола і перадалі яго ў валоданне Правячага сінода Расійскай імперыі (Рускай Праваслаўнай царквы). У 1840 годзе праводзіўся рамонт будынка царквы, які абшылі дошкамі. У 1862 годзе па пажары драўляную царкву адбудавалі ў маскоўскім стылі пад тытулам Святога Мікалая (працы каштавалі 2225 рублёў). У 1863 годзе адкрытае народнае вучылішча.

Вайна паміж Расійскай імперыяй і Францыяй і паўстанні 1830—1831 і 1863—1864 гадоў, у якіх актыўна ўдзельнічалі зембінцы, спынілі рост мястэчка. Калі на 1800 год яно мела 52 двары, то на 1864 — толькі 50. Пазней Зембін зноў хутка рос. У 1880 годзе ў ім ужо было 139 двароў (101 з іх валодалі яўрэі). Мястэчка стала цэнтрам воласці. На 1890 год у яе склад уваходзілі 124 населеныя пункты з колькасцю насельніцтва 9202 чалавекі. Паводле вынікаў перапісу 1897 года ў Зембіне было 164 двары, дзейнічалі касцёл і царква, працавалі школа, млын, 4 кузні, 23 крамы, 3 карчмы і 5 заезных дамоў. У 1900 годзе згарэла драўляная царква, на месцы якой у 1903—1904 гадах збудавалі мураваную. У 1912 годзе ў мястэчку пачала працаваць паштова-тэлеграфная кантора. На 1917 год — 154 двары.

Найноўшы час правіць

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў мястэчка было пад акупацыяй Польшчы.

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. У Зембін было эвакуявана 1-е Пінскае вышэйшае пачатковае вучылішча, якое ў 1920 годзе было пераўтворана ў працоўную школу 2-й ступені. У 1923 годзе ў школе было 505 вучняў. Вучылішча месцілася ў нацыяналізаваным памяшканні, малодшыя групы займалі будынак колішняга Зембінскага народнага вучылішча, збудаванага ў 1866 годзе на грамадскія сродкі. Каля школы быў вялікі сад, аб’яўлены пастановай Саўнаркама БССР ад 5 ліпеня 1926 года помнікам прыроды. Працавалі лясніцтва, 2 маслабойні, 3 кузні, ваўначоска, 2 ганчарныя і майстэрня па апрацоўцы скуры. 30 студзеня 1922 года ў колішнім маёнтку арганізаваная арцель «Чырвоны араты». У 1921 годзе адкрыты клуб і хата-чытальня, дзейнічалі драматычны гурток, быў ветэрынарны пункт. 29 красавіка 1924 года закладзенае крэдытнае сельскагаспадарчае таварыства «Араты» (56 пайшчыкаў).

З 20 жніўня 1924 года — мястэчка, цэнтр Зембінскага раёна і сельсавета Барысаўскай акругі, з 9 чэрвеня 1927 года ў Менскай акрузе. З 22 верасня 1927 года ў Барысаўскім раёне, з 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці.

У 1927 годзе былі мястэчка і пасёлак Зембін. Дзейнічалі паштова-тэлеграфнае аддзяленне, лясніцтва, страхавы ўчастак, амбулаторыя, ветэрынарны пункт, крэдытнае таварыства, 7-гадовая школа, яўрэйская пачатковая школа, пункт па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых, народны дом, швейная і шавецкая майстэрні, 5 кузняў, 24 лаўкі (21 з іх прыватная), 3 скураныя і прыватная шавецкая майстэрні, паравы млын, аптэка, 2 заезныя дамы, цырульня, 2 хлебапякарні, маслабойня, ваўначоска, 2 сталярныя майстэрні, камбінат грамадскай узаемадапамогі. У 1929 годзе арганізаваны калгас «Чырвоная Змена», які ў лютым 1932 года аб’ядноўваў 71 гаспадарку.

 
Мемарыял у Зембінскім гета

У Другую сусветную вайну з пачатку ліпеня 1941 года да 30 чэрвеня 1944 года тэрыторыя пад акупацыяй Германіі. У Зембіне месціўся нямецкі гарнізон. Савецкія партызанскія брыгады «Дзядзькі Колі» і брыгада імя Кірава ў снежні 1942 года здзейснілі напад на гарнізон, было разгромлена валасное праўленне, знішчаны тэхніка і склады харчу. У 1943 годзе на гарнізон напалі савецкія партызаны 1-й антыфашысцкай брыгады, брыгад «Смерць фашызму», «Дзядзькі Колі». На вясковых могілках пахаваныя 14 партызан, якія загінулі ў 1942—1944 гадах. Асобна пахаваныя 2 воіны і партызаны. У ліпені 1941 года ў Зембіне было створана гета, куды трапілі яўрэі з Зембіна і наваколля. 18 жніўня 1941 года гета было ліквідавана, а 927 чалавек з яго былі растраляныя ў лесе на ўскрайку Зембіна.

У 2000-я гады паселішча атрымала статус «аграгарадка».

Насельніцтва правіць

  • XVIII стагоддзе: 1800 год — 266 чал.[4]
  • XIX стагоддзе: 1880 год — 635 чал.[5]; 1897 год — 1361 чал. у мястэчку Зембіне і 19 чал. у маёнтку Зембіне
  • XX стагоддзе: 1908 год — 1189 чал. у мястэчку Зембіне і 28 чал. у маёнтку Зембіне; 1917 год — 1244 чал. у мястэчку Зембіне і 68 чал. у маёнтку Зембіне; 1919 год — 1512 чал., з іх паводле веры: 9,7 % каталікоў, 24,5 % праваслаўных, 64,4 % іўдзеяў; паводле нацыянальнасці: 5,5 % палякаў, >5 % беларусаў, астатнія яўрэі[6]; 1926 год — 1199 чал. у мястэчку Зембіне і 85 чал. у колішнім маёнтку Зембіне; 1960 год — 1056 чал.[7]; 1971 год — 942 чал.; 1994 год — 1714 чал.[8]; 1997 год — 834 чал.[9]; 1999 год — 799 чал.
  • XXI стагоддзе: 2008 год — 1049 чал.; 2010 год — 723 чал.

Культура правіць

З 1989 года дзейнічае Зембінская карцінная галерэя. У 2010 годзе з вёскі Іканы пераведзены Музей народнай славы, у якім знаходзіцца, у тым ліку, калекцыя рэплік карцін майстроў еўрапейскага малярства, перададзеных музею Надзеяй Хадасевіч-Лежэ, і 6 мазаік працы самой мастачкі[10].

Славутасці правіць

  • Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (1790—1809)
  • Свята-Міхайлаўская царква (1903—1904)
  • Рэшткі зембінскай міквы
  • Помнік у памяць 1045 землякоў: воінаў, партызан і ахвяр фашызму, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны
  • Помнік на брацкай магіле 14 партызан брыгады «Дзядзька Коля», якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны
  • Мемарыял у памяць 927 мірных грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці, расстраляных 18 жніўня 1941 года

Вядомыя асобы правіць

Зноскі

  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  3. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 140—141.
  4. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 1 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2010. С. 120.
  5. Jelski A. Ziembin // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn (польск.). — Warszawa, 1895. S. 607.
  6. Мацельскі М. Вынікі невядомага перапісу(недаступная спасылка) // «Гоман Барысаўшчыны» № 4 (121), 2009.
  7. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 1 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2010. С. 121.
  8. ЭГБ 1996.
  9. БелЭн 1998.
  10. Віктар Марціновіч, Маленькі Луўр у Зембіне, Новы час, 24 лістапада 2015 г.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць