Зецельская гаворка

Зецельская гаворка — літоўская «астраўная» гаворка, што да канца ХХ стагоддзя захоўвалася ў ваколіцах Дзятлава (у мясцовым літоўскім вымаўленні Zíetela, «Зецела») на нёманскім левабярэжжы.

Зецельская гаворка
Краіны Беларусь
Рэгіёны Панямонне
Агульная колькасць носьбітаў няма
Класіфікацыя

Індаеўрапейская сям'я

Балтыйская галіна
Усходнебалтыйская група
Літоўская мова
Зецельская гаворка
Пісьменнасць беспісьмовая
Былы арэал ужывання літоўскай мовы ля Зецелы
Былы арэал ужывання літоўскай мовы ля Зецелы (паводле А. Відугірыса, 2004).

Геаграфія і дэмаграфія правіць

Арэал гаворкі быў найбольш аддалены на поўдзень ад асноўнага арэалу літоўскай мовы ў параўнанні з іншымі літоўскамоўнымі «астраўкамі» ўздоўж беларуска-літоўскага (Рымдзюны, Пеляса) і польска-літоўскага памежжа (Сейны).

Станам на 1886 год на зецельскай гаворцы размаўлялі 1156 жыхароў пяці вёсак Зецельскай воласці — Норцавічы, Погіры, Засецце, Яцвезь, Карпяшы. Пазней літоўская мова захоўвалася найперш у першых трох з іх. Часам сюды далучаюць суседнія вёскі Пінчыцы, Страла, Ціцейкі[1].

У 1960 годзе пад час паездкі літоўскага мовазнаўца А. Відугірыса па-літоўску разумелі 32 асобы. З іх добра ведалі мову менш за палову (15 жыхароў у вёсцы Засецце).

У 1975 годзе ў часе экспедыцыі Т. Суднік было каля 30 носьбітаў зецельскай гаворкі ў вёсках Погіры і Засецце Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці[2]. Паводле звестак А. Відугірыса, апошні носьбіт гаворкі памёр у 1988 годзе[3].

Мяркуецца, што тэрыторыя распаўсюджання гаворкі раней была большая за тыя вёскі, у якіх яна ўжывалася ў XIX ст. Пра гэта сведчыць канцэнтрацыя балцкіх тапонімаў на поўдні Дзятлаўскага раёна — каля Раготны, Дварца, уздоўж дарогі Дзятлава — Слонім[4], а таксама звесткі антрапаніміі Зецельскай воласці з інвентара 1580 года[5].

Гаворка правіць

Ад пачатку даследавання зецельскай гаворкі былі адзначаныя яе архаічнасць на фоне астатняй літоўскай мовы (напрыклад, захаванне ў граматыцы розных месных склонаў). Шматлікасць "беларускіх" моўных запазычанняў у ёй сведчылі аб доўгім і цесным кантакце носьбітаў гэтай літоўскай гаворкі з навакольным, ужо славянамоўным насельніцтвам.

З аднаго боку, А. Відугірысам адзначаныя асаблівасці зецельскай гаворкі збліжаюць яе з моўным арэалам заходніх аўкштойтаў (літоўскія гаворкі вакол Коўна). Але заходнеаўкштойцкія гаворкі літоўскай мовы ад Зецельскага астраўка аддзеленыя паласой паўднёвааўкштойцкай гаворкі літоўскай мовы (таксама і зонай гродзенска-баранавіцкай групы беларускіх гаворак). Мовазнавец тлумачыў гэта тым, што продкі заходніх аўкштойтаў, яцвягі-дайнава, даўней жылі таксама і там, дзе цяпер жывуць носьбіты паўднёвааўкштойцкай гаворкі[6][7].

З іншага боку, у зецельскай гаворцы прасочваюцца і заходнябалцкія рысы, уключаючы пераход ž- > z- (літ. žąsis «гусь», žiema «зіма» — па-зецельску ząsis, ziema). Гэты пераход выразны ў заходнябалцкай прускай мове, а таксама ў яцвяжскай мове (наколькі яна паўстае з дыскусійнага «Яцвяжскага слоўнічка»), уласцівы ён і ўсходнім балтам селам.

У сувязі з гэтай рысай зецельскай гаворкі адзначаюць і такія гідронімы, як Зэльва (у Літве дастаткова гідронімаў тыпу Želva, ад літ. želvas «зеленаваты») і Свіцязь (па-зецельску Svitožis, тады як па-літоўску корань быў бы Švit-). Як і былы арэал зецельскай гаворкі, яны знаходзяцца на нёманскім левабярэжжы і лічацца яцвяжскай назоўнай спадчынай[8].

Гэтыя моўныя асаблівасці даюць карціну калісняй моўнай інтэрферэнцыі паміж мясцовай, аўтахтоннай заходнябалцкай (меркавана яцвяжскай) гаворкай і літоўскай гаворкай заходнеаўкштойцкага тыпу[9].

Дыскусіі правіць

Першы даследчык гаворкі Эдуард Вольтэр меркаваў, што носьбіты зецельскай літоўскай гаворкі — нашчадкі прусаў, якія, паводле Іпаццеўскага летапісу, былі пераселены Трайдзенем пад Слонім[10].

Удзел прусаў у фармаванні этнічнага аблічча мясцовых жыхароў у той ці іншай форме падтрымлівалі гісторыкі А. Непакупны, Я. Атрэмбскі, Е. Ахманьскі, У. Свяжынскі, А. Квяткоўская (часам высоўваліся здагадкі, што перасяленцы былі не прусамі, а яцвягамі).

Гісторык Аляксей Кібінь пярэчыць, што ў гэтай мясціне зусім не магло быць Трайдзеневых прусаў, бо ў летапісе пад 1276 годам пішацца, што прускія пасяленцы, адпраўленыя Трайдзенем у Слонім, былі перахопленыя галіцка-валынскім атрадам.

Супраць версіі ўзнікнення гэтага моўнага астраўка толькі ў выніку позняга перасялення выказваўся і літоўскі лінгвіст К. Гаршва, які даследаваў фаналогію пагранічных літоўскіх дыялектаў[11].

Пры гэтым А. Кібінь аспрэчвае і аўтахтонную прысутнасць тут яцвягаў — бо тут, на нёманскім левабярэжжы, яцвяжскія каменныя курганы узнікаюць толькі ў ХІ стагоддзя, і, адпаведна, гэта і ёсць той час, калі тут апынуліся яцвягі як продкі носьбітаў зецельскай гаворкі[12].

А. Відугірыс сцвярджае, што яцвягі насялялі левабярэжжа Нёмана — наваколлі Ваўкавыска, Слоніма, Наваградка, Горадні і інш., і таму гэтыя землі былі названыя «Чорнай Руссю», з мэтай проціпаставіць гэтую тэрыторыю Русі «Белай», якая моўна аславянілася раней[9].

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. A. Vidugiris. Šis tas apie Zietelos vardą ir šnektą // Voruta. Nr. 3 (669). C. 15.
  2. T. М. Судник. Диалекты литовско-славянского пограничья. Очерки фонологических систем. М., 1975.
  3. Vidugiris А. Zietelos šnektos žodynas. Vilnius, 1998. P. 10
  4. Гаучас П. К вопросу о восточных и южных границах литовской этнической территории в средневековье // БСИ. 1986. М., 1988. С. 203
  5. Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в X—XIII веках. — М., 2014. С. 21
  6. A. Vidugiris, 1996; Vidugiris, 2004.
  7. Vidugiris А. Iš Zietelos ir pietų aukštaičių leksikos sąsajų // Vakarų baltų kalbos ir kultūros reliktai. Klaipėda, 1996. P. 82-89; Vidugiris А. Zietelos lietuvių šnekta. P. 42-45
  8. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. V., 1981. С. 322, 394, 399.
  9. а б A. Vidugiris. Šis tas apie Zietelos vardą ir šnektą // Voruta. Nr. 3 (669). C. 15.
  10. Э. А. Вольтеръ, 1911
  11. Garšva К. Lietuvių kalbos paribio šnektos. P. 224—232
  12. Кибинь А. С. К происхождению зетельского говора

Літаратура правіць

  • Э. А. Вольтеръ. Слѣды древнихъ прусовъ и ихъ языка въ Гродненской губерніи. — Известія Отдѣленія русскаго языка и словесности Императорской Академіи наук. — СпБ., 1911. — Т. XVI.
  • Z. Zinkievičius. Lietuvių dialektologija. — Vilnius, 1966. — С. 25-27.
  • Т. М. Судник. Диалекты литовско-славянского пограничья. Очерки фонологических систем / отв. ред. В. Н. Топоров. — М.: Наука, 1975.
  • A. Vidugiris. Iš Zietelos ir pietų aukštaičių leksikos sąsajų // Vakarų baltų kalbos ir kultūros reliktai. — Klaipėda, 1996. — С. 82-89.
  • С. А. Піваварчык. Да этнічных працэсаў на Панямонні ў раннім сярэднявеччы // Białoruskie Zeszyty Historyczne. — Białystok: 1999. — № 11. Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016.
  • A. Vidugiris. Zietelos lietuvių šnekta. — Vilnius, 2004.
  • А. С. Кибинь. К происхождению зетельского говора. — Э.А. Вольтер и балтистика как комплексная дисциплина. — Спб., 2006.