Зме́шаная мо́ва (таксама кантактная мова, крэольская мова) — тэрмін, які вызначае мову, ўзнікшую ва ўмовах шырока распаўсюджанага двухмоўя. Асноўнае адрозненне змешанай мовы ад піджына ў тым, што падчас узнікнення піджына маецца моўны бар’ер — кантактуючыя людзі не ведаюць мовы адзін аднаго і вымушаны размаўляць на піджыне, каб вырашаць агульныя пытанні. Змешаная мова ўзнікае ва ўмовах поўнага двухмоўя, калі прадстаўнікі групы дастаткова добра валодаюць дзвюма мовамі, каб супастаўляць іх элементы і запазычваць тыя ці іншыя ў новую стыхійна канструюемую імі мову. Пры гэтым гаворка ідзе менавіта аб стварэнні мовы (з фіксаванымі правіламі, лексікай і г. д.), а не аб звычайным пры двухмоўі змяшэнні кодаў.

Прыклады «змешаных моў» правіць

Прыхільнікі вызначэння змешанай мовы адносяць да яе характэрных прыкладаў, напрыклад, руска-алеуцкую па паходжанню мядноўскую мову (мова алеуцкага насельніцтва і рускіх крэолаў вострава Медны ў Расіі), мічыф (распаўсюджаны некалі ў канадскай правінцыі Манітоба, склаўся на аснове французскай мовы і кры), бангі (Канада, на аснове гэльскай мовы і кры), медзіа ленгуа (Эквадор). Асобнымі прыкметамі змешанай мовы таксама валодае англійская мова, у якой германская аснова падверглася моцнаму ўплыву англа-нарманскага суперстрату. У поўнай меры змешанымі лічацца мовы, якія склаліся на аснове дзвюх неблізкароднасных моў. Да змешаных моў зрэдку таксама адносяць суржык, трасянку. Як лічыцца, узнікненне «змешанай мовы» становіцца адказам групы на яе патрэбу ў асабістай ідэнтычнасці; такая мова ўзнікае дзеля ўнутрыгрупавых зносін. Напрыклад, мядноўская мова ўзнікла як следства ўзнікнення новай этнічнай групы — рускіх старажылаў (крэолаў, нашчадкаў шлюбаў рускіх прамыслоўцаў і алеутак). Рускія старажылы мелі ў Расійскай імперыі больш высокі сацыяльны статус, чым карэннае мясцовае насельніцтва. Магчыма, мова ўзнікла і змагла зацвердзіцца на доўгія гады менавіта як важны этнічны маркер новай групы. Змешаныя мовы былі ўпершыню выдзелены ў працах П. Бакера (у яго дысертацыі 1994 года і манаграфіі 1997 года[1]). Ён жа стварыў і тэрмін «змешаная мова».

Фарміраванне «змешаных моў» правіць

Фарміраванне «змешаных моў» звычайна адбываецца імкліва, на працягу жыцця аднаго-двух пакаленняў. Некалькі спрашчаючы сітуацыю, магчыма адзначыць, што пакаленне «вынаходзіць» мову (працягваючы размаўляць на дзвюх іншых, з якіх адна не з’яўляецца роднай), для наступнага пакалення новая мова (змешаная) ужо з’яўляецца роднай і служыць сродкам унутрыгрупавых зносін. «Бацькі» змешанай мовы ім таксама вядомы і выкарыстоўваюцца падчас зносін з іншымі групамі; далей адна з моў-крыніц, звычайна менш прэстыжная, перастае выкарыстоўвацца; так, мядноўцы не ведаюць «чыстай» алеуцкай мовы, англійскія цыганы не ведаюць «сапраўднай» цыганскай і г. д.[2]

Крытыка паняцця «змешанай мовы» правіць

Расійскі мовазнаўца-кампаравіст Алег Мудрак адмаўляе магчымасць узнікнення «змешаных моў»: «Змяшэння моў ніколі не бывае, нельга гаварыць, што адна мова ўзнікла з-за змяшэння дзвюх іншых моў, такога ў прыродзе не адзначана. Умоўна, калі вы сабе ўяўляеце: узяць тэлевізар SONY і тэлевізар „Изумруд“, палову дэталяў ад аднаго і палову дэталяў ад другога, і сабраць тэлевізар — гэта не будзе працаваць. Гэта будзе ўжо не тэлевізар. Радыё, мабыць, магчыма сабраць, а тэлевізар — нельга. Вось кожная мова — гэта асобная сістэма, якая сама па сабе існуе і развіваецца па сваім уласным законам»[3][4].

Спіс змешаных моў правіць

  • Англа-рамані (Вялікабрытанія)
  • Утуньхуа (Кітай)
  • Йеніш (Германія)
  • Какчыкель-кічэ (Гватэмала)
  • Каллавалла (Балівія)
  • Кало (Іспанія)
  • Камто (Паўднёваафрыканская Рэспубліка)
  • Ломаврэн (Арменія)
  • Малаві ломвэ (Малаві)
  • Мбугу (Танзанія)
  • Медыя ленгуа (Эквадор)
  • Медная алеутская (Расія)
  • Мічыф (ЗША)
  • Нгулуван (Мікранэзія)
  • Нко (Гвінея)
  • Вандруючая дацкая (Данія)
  • Вандруючая нарвежская (Нарвегія)
  • Рамана-грэчаская (Грэцыя)
  • Рамана-сербская (Сербія)
  • Суржык (Украіна)
  • Таврынгер-рамані (Швецыя)
  • Тагдал (Нігер)
  • Трасянка (Беларусь)
  • Шэлта (Ірландыя)
  • Э (Кітай)

Зноскі

  1. Bakker, P. A language of our own: The genesis of Michif, the mixed Cree-French language of the Canadian Métis. Oxford University Press, 1997.
  2. Н. Б. Вахтин, Е. В. Головко. Социолингвистика и социология языка: Учебное пособие. СПб., 2004. С. 156.
  3. История языков(недаступная спасылка) Архівавана 24 лістапада 2005.
  4. О. Мудрак. Язык во времени. Классификация тюрских языков(недаступная спасылка) Архівавана 22 снежня 2015.

Спасылкі правіць