Зна́менны спеў, або стаўповы спеў — асноўны спеў старажытнарускай манадыйнай музыкі. Назва паходзіць ад старажытнарускага слова «знамя» — знак, нота ў безлінейным неўменным запісе музыкі. Падпарадкаваны агульным кананічным прынцыпам праваслаўнай царкоўнай музыкі: папевачнаму развіццю, радку як асноўнаму вышыннаму ўзроўню формаўтварэння знаменнага песнапення, сістэме асмагласся. Выконваўся унісонным мужчынскім хорам. Мелодыка знаменных спеваў — строгая, суровая, стрыманая, падпарадкаваная вядучаму слоўнаму тэксту, вылучаецца плаўным паступовым меладычным рухам, дазволенасцю скачкоў на тэрцыю, кварту, квінту. Адзін з тыповых прынцыпаў арганізацыі знаменных напеваў — лінеарная перакампаноўка мелодыі (тэрмін Л. Касцюкавец). Вылучаюць вялікі знаменны спеў (больш урачысты, распеты), лірызаваны і малы (скарочаны варыянт знаменнага спеву). Вядомы з рукапісаў канца XI — пачатку XII ст. (Благавешчанскі кандакар). Гістарычна меў З перыяды развіцця: старажытнарускага сапраўдамоўя, раздзельнамоўя і новага сапраўдамоўя.

Прыклад знаменнай натацыі

Існуюць грэчаскі, балгарскі, сербскі, кіеўскі знаменны спеў. На аснове старажытнарускага развіўся кіеўска-літоўскі, на Беларусі — беларускі, супрасльскі знаменныя спевы, а таксама лакальныя — магілёўскі, віцебскі, нясвіжскі, куцеінскі, слуцкі, мірскі, віленскі, жыровіцкі.

Беларусы стварылі ў Расіі шэраг новых спеваў, у т.л. старасіманаўскі, вяцкі і інш. На аснове ўскладнення знаменнага спеву і яго натацыі склаліся дзямественны спеў, пуцявы і т.зв. «казанскае знамя» (XVIXVII стст.).

Літаратура правіць