Зняцце з крыжа (Рагір ван дэр Вэйдэн)

«Зняцце з крыжа» (нідэрл.: Kruisafneming, 1435—1440) — алтарны абраз (цэнтральная частка трыпціха, яго бакавыя створкі не захаваліся) фламандскага мастака Рагіра ван дэр Вэйдэна, адна з вяршыняў еўрапейскага выяўленчага мастацтва XV стагоддзя. У наш час захоўваецца ў мадрыдскім музеі Прада.

Рагір ван дэр Вэйдэн
Зняцце з крыжа. каля 14351440
Матэрыял Дубовая дошка
Тэхніка алей
Памеры 220 × 262 см
Прада, Мадрыд
(інв. P002825[1])
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя стварэння правіць

Карціна была замоўлена гільдыяй арбалетчыкаў Лёвена і першапачаткова знаходзілася ў капліцы Дзевы Марыі «што за сцяной»[2][3]. У знак таго, што карціна замоўлена гільдыяй, у вуглах панэляў намаляваны маленькія арбалеты[4]. Мастацтвазнаўцы датуюць стварэнне «Зняцца» прыблізна 1435 годам[2]. У 1548 годзе карціну ван дэр Вэйдэна абмянялі на яе копію пэндзля Міхіэля Коксі і арган. Новым уладальнікам «Зняцця з крыжа» стала сястра Карла V, штатгальтар Нідэрландаў, Марыя Аўстрыйская[2]. «Зняцце з крыжа» знаходзілася ў замку Марыі ў Бінчы, дзе ў 1551 годзе карціну ўбачыў іспанскі дваранін Вінсентэ Альварэс, які так адгукнуўся пра твор ван дэр Вэйдэна:

Гэта была лепшая карціна ва ўсім замку і нават, я лічу, ва ўсім свеце, таму што я бачыў у гэтых краях шматлікія добрыя карціны, але ніхто не мог параўнацца з ёй па вернасці прыродзе і напоўненасці глыбокай пашанай выяве. Усе, хто бачыў яе мелі такое ж меркаванне.[2]

Альварэс суправаджаў будучага караля Іспаніі Філіпа II. Філіп перавёз карціну ў Іспанію, дзе яна захоўвалася ў капліцы яго паляўнічага доміка ў Эль-Парда[2]. З 1574 года карціна знаходзілася ў Эскарыяле. У інвентары, датаваным 15 красавіка 1574 года згадваецца:

…вялікая панэль, на якой намалявана зняцце з крыжа, з нашай Дзевай і іншымі васьмю фігурамі… рукі Майстры Рагіра, якая належала каралеве Марыі[5].

У 1939 годзе «Зняцце з крыжа» было перададзена ў музей Прада[6].

Сюжэт правіць

Пра зняцце з крыжа цела Ісуса (у сувязі з пакладаннем у труну) згадваюць усе евангелісты: Матфей (Мф. 27:57-59), Марк (Мк. 15:43-46) і Лука (Лк. 23:50-54) паведамляюць пра тое, што цела Хрыста зняў яго тайны вучань Іосіф Арымафейскі. Іаан (Ін. 19:38) дадае яшчэ аднаго ўдзельніка зняцця — Нікадзіма. Ніводны з евангелістаў не гаворыць пра тое, што ў зняцці ўдзельнічалі Багародзіца, жонкі-міраносіцы, Іаан Багаслоў, якіх звычайна малююць у творах на гэту тэму. У Сярэднявеччы ў сувязі са зняццем цела вялікая ўвага надавалася ролі маці Ісуса. Прыкладам можа паслужыць ананімны тэкст XIV стагоддзя Meditationes de Vita Christi, магчыма яго аўтарам з'яўляецца Лудальф Саксонскі. Існуе меркаванне, што апісанне зняцця цела Хрыста з гэтага твора аказала ўплыў на многіх мастакоў, у тым ліку і Рагіра ван дэр Вэйдэна[7]:

Тады Дзева Марыя поўная глыбокай пашаны прымае яго правую руку і прыціскае яе да сваёй шчакі, глядзіць на яе і цалуе яе са слёзамі і сумнымі ўздыхамі.

Мастацтвазнавец Лорн Кэмпбел так ідэнтыфікуе персанажаў карціны (злева направа): Марыя Клеопава; святы Іаан Багаслоў; Саламея-павітуха (у зялёным, падтрымлівае Дзеву Марыю, якая прыйшла ў непрытомнасць); Нікадзім (у чырвоным) — трымае цела Ісуса; малады чалавек на лесвіцы — слуга Нікадзіма ці Іосіфа Арымафейскага; Іосіф Арымафейскі (персанаж у вытканых золатам адзеннях); барадаты чалавек за Іосіфам з пасудзінай, верагодна, яшчэ адзін слуга (пасудзіна — атрыбут Марыі Магдаліны, які змяшчае «фунт нарду, вельмі дарагога», якім яна памазала ногі Ісуса) і сама Марыя Магдаліна[8].

 
Слёзы Марыі Клеопавай.

Паміж гісторыкамі мастацтва існуе рознагалоссе, хто з персанажаў Іосіф Арымафейскі і Нікадзім. Дырк дэ Вос лічыць, што Іосіф — чалавек у чырвоным, які трымае цела Хрыста, а Нікадзім — яго ногі[9].

Асноўны цэнтр кампазіцыі — Хрыстос і Дзева Марыя, якая прыйшла ў непрытомнасць. Ван дэр Вэйдэн парушыў каноны, якія існавалі раней, надаўшы целу Дзевы незвычайнае для нідэрландскага жывапісу становішча[4]. Яе фігура амаль паўтарае становішча цела сына і сімвалізуе містычную адданасць маці, выказаную яшчэ Фамой Кемпійскім у трактаце Imitatio Christi (1418). Тут мастак раскрывае свет пачуццяў, зразумелы кожнаму чалавеку, і прымушае гледача суперажываць.

Дырк дэ Вос выказаў здагадку, што алтар па задуме ван дэр Вэйдэна павінен быў мець грандыёзнае драўлянае абрамленне, і што выява на карціне павінна была супернічаць з паліхромнай скульптурай. Ван дэр Вэйдэн тлумачыць жэсты і выразы твараў персанажаў, абапіраючыся не столькі на традыцыю жывапісу, колькі пластычных відаў мастацтва. Фігуры амаль у чалавечы рост, перададзеныя ў перспектыве, змешчаны ў вельмі абмежаваную прастору (але ў карціне прынамсі пяць планаў) і ўяўляюць сабой адну злучную групу. Гэты прыём дазваляе сканцэнтраваць увагу гледача на пярэднім плане кампазіцыі і ўзмацняе трагізм падзеі.

Становішча рук Хрыста і яго маці (новых Адама і Евы) накіроўвае погляд гледача на чэрап Адама, сімвалізуючы такім чынам сутнасць збавення[10].

Кэмпбел сцвярджае, што ключом да працы з'яўляецца не рэалізм, а хутчэй выкарыстанне скажэнняў, якія выклікаюць пачуццё хвалявання. Уводзячы цалкам ірацыянальныя дэталі, дэфармуючы рэальныя вобразы, мастак дасягае найвышэйшага эмацыйнага ўздзеяння. Кэмпбел мяркуе, што ў пэўным плане «Зняцце з крыжа» ван дэр Вэйдэна мае больш агульнага з творамі Маціса і Пікаса (асабліва з яго Гернікай), чым з карцінамі яго сучаснікаў[8].

Зноскі правіць

  1. а б https://www.museodelprado.es/coleccion/obra-de-arte/el-descendimiento/856d822a-dd22-4425-bebd-920a1d416aa7 Праверана 8 снежня 2018.
  2. а б в г д De Vos, Dirk. Rogier van der Weyden: The Complete Works. — Harry N. Abrams, 1999. — С. 185—186. — ISBN 0-8109-6390-6.
  3. Descent from the Cross // Museo Nacional del Prado.
  4. а б Snyder, James. Northern Renaissance Art; Painting, Sculpture, The Graphic Arts from 1350 to 1575. — Second Edition. — Saddle River, NJ: Prentice Hall, 2005. — С. 118.
  5. Powell, Amy The Errant Image: Rogier van der Weyden’s Deposition from the Cross and its Copies = Art History. — 2006. — Т. 29. — № 4. — С. 540—552.Powell, (2006) The Errant Image: Rogier van der Weyden’s Deposition from the Cross and its Copies, p.552
  6. Museo del Prado, Catálogo de las pinturas. — Madrid: Ministerio de Educación y Cultura, 1996. — С. 448. — ISBN 8487317537.
  7. Lane, Barbara. The altar and the altarpiece: sacramental themes in early Netherlandish painting. — Harper & Row, 1984. — С. 89. — ISBN 0064350002.
  8. а б Campbell, Lorne & Van der Stock, Jan. Rogier van der Weyden: 1400—1464. Master of Passions. — Campbell & Van der Stock, 2009. — С. 32—64.
  9. De Vos, Dirk. Rogier van der Weyden: The Complete Works. — Harry N. Abrams, 1999. — С. 21. — ISBN 0-8109-6390-6.
  10. De Vos, Dirk. Rogier van der Weyden: The Complete Works. — Harry N. Abrams, 1999. — С. 22. — ISBN 0-8109-6390-6.

Літаратура правіць

  • С. Дзуффи. Большой атлас живописи. — М.: Олма-Пресс, 2002. — С. 58. — 431 с. — ISBN 5-224-03922-3.
  • Янсон X. В., Энтони Ф. Основы истории искусств. — 1992.
  • von Simson, Otto G., Compassio and Co-redemptio in Roger van der Weyden's Descent from the Cross, in The Art Bulletin, Vol. 35, No. 1 (Mar., 1953), pp. 9-16.
  • Pierluigi De Vecchi ed Elda Cerchiari, I tempi dell'arte, volume 2, Bompiani, Milano 1999. ISBN 88-451-7212-0
  • Stefano Zuffi, Il Quattrocento, Electa, Milano 2004. ISBN 88-370-2315-4