Знішчальнік — баявы самалёт, прызначаны для знішчэння самалётаў і беспілотных прыстасаванняў праціўніка ў паветры. Можа выконваць задачу паражэння наземных (марскіх) цэляў і паветранай разведкі. Асноўная форма баявых дзеянняў — паветраны бой.

Савецкі/расійскі знішчальнік чацвёртага пакалення Су-27
Амерыканскі знішчальнік пятага пакалення F-22 Raptor

Ужываецца для заваявання перавагі ў паветры над праціўнікам, для суправаджэння бамбардзіроўшчыкаў, транспартных паветраных суднаў, самалётаў цывільнай авіяцыі, заслоны (прыкрыцця) наземных аб’ектаў ад авіяцыі праціўніка. Радзей знішчальнікі выкарыстоўваюцца для атакі наземных і марскіх аб’ектаў.

Нягледзячы на агрэсіўную назву, знішчальнік з’яўляецца абаронным сродкам узброеных сіл, наступальных задач знішчальная авіяцыя не мае. Аднак дзякуючы павелічэнню цягаўзброенасці (і, адпаведна, іх грузапад’ёмнасці, то бок ракетна-бомбавай нагрузкі) сучасныя знішчальнікі атрымалі магчымасць эфектыўнай атакі наземных аб’ектаў, і ва ўмовах сучасных лакальных канфліктаў знішчальнікі паступова сталі болей універсальнай зброяй, то бок зноў ператварыліся ў знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі.

З вялікай доляй верагоднасці ў будучыні ролю знішчальнікаў могуць перахапіць беспілотныя лятальныя апараты (БПЛА), якія актыўна ствараюцца і ўжо паспяхова ўжываюцца для знішчэння кропкавых цэляў на паверхні зямлі. Гэта дазволіць скараціць страты лётнага складу, спрасціць і зрабіць больш таннымі самалёты, а таксама пазбавіцца абмежаванняў перагрузак, якія накладваюцца з-за гранічных магчымасцяў чалавечага арганізма.

Гісторыя знішчальнікаў правіць

Знішчальнікі пачалі ўжывацца ў гады Першай сусветнай вайны супраць самалётаў, дырыжабляў і аэрастатаў. У параўнанні з выведнікамі і бамбардзіроўшчыкамі таго часу знішчальнікі мелі вялікую хуткасць і высокую манеўранасць, былі ўзброены, як правіла, адным (часам двума) кулямётамі, а асобныя знішчальнікі — авіяцыйнымі пушкамі. Гэта забяспечвала ім вялікую агнявую перавагу над лятальнымі апаратамі іншага прызначэння.

Да Другой сусветнай вайны правіць

 
Знішчальнік Вікерс. Вялікабрытанія, 1915

Першыя паветраныя баі адбыліся падчас Першай сусветнай вайны. Менавіта тады ўпершыню ўзнікла патрэба ў спецыялізаваных самалётах, прызначаных для знішчэння паветраных цэляў.

На першых знішчальніках экіпаж складаўся з двух чалавек — пілота і стралка. Кулямёт, усталяваны на паваротнай турэлі ззаду пілота, мог абстрэльваць заднюю паўсферу, аднак актуальная для знішчальніка франтальная зона выключалася. Кулямёты тых часоў былі не настолькі надзейнымі, каб усталёўваць іх на крылах, а ўсталёўцы курсавога кулямёта перашкаджаў паветраны абаротны вінт. Аднак неўзабаве французскі лётчык Ралан Гарос вынайшаў сістэму, якая дазваляла страляць праз абаротны вінт. Гэта былі металічныя куткі, замацаваныя ў аснове лопасцяў вінта такім чынам, што куля рыкашэціла ў бяспечным для пілота і самалёта кірунку. Недахопам такога прыстасавання была страта 7—10 % куль. Гэтую праблему ліквідаваў крыху пазней Антон Фокер, стварыўшы сінхранізатар стральбы, які дазваляе страляць праз плоскасць вінта без рызыкі пашкоджання апошняга. Працуе ён так: калі вінт, на якім замацаваныя гачкі, праходзіць міма, ён закранае кручком і затрымлівае спускавы механізм і снарад.

У міжваенны перыяд былі створаны суцэльнаметалічныя манапланы замест традыцыйных біпланаў.

Знішчальнікі Другой сусветнай правіць

 
Bf 109, Германія
 
Supermarine Spitfire, Вялікабрытанія, 1938

Да пачатку Другой сусветнай вайны знішчальная авіяцыя добра сфарміравалася як клас баявой тэхнікі. Галоўныя сусветныя дзяржавы таго часу мелі некалькі асноўных тыпаў знішчальнікаў, якія адрозніваліся як лётнымі характарыстыкамі, так і тактыкай ужывання. Так, Германія мела знішчальнікі Me-109 і Me-110 розных мадыфікацый, Савецкі Саюз меў знішчальнікі І-16 і І-153, Вялікабрытанія мела парк знішчальнікаў Spitfire і Hurricane. Значна прасунуліся ў стварэнні знішчальнай авіяцыі і некаторыя іншыя краіны, у прыватнасці, ЗША, Японія, Францыя. Былі і сучаснейшыя мадыфікацыі і тыпы знішчальнікаў, якія не паспелі атрымаць вядомасць, але падчас вайны атрымалі сур’ёзнае развіццё. Так, да пачатку ваенных дзеянняў на Усходнім фронце Савецкі Саюз ужо меў у сваім распараджэнні новыя знішчальнікі Як-1, МіГ-3, ЛаГГ-3, а Германія падчас вайны стварыла і развіла лінейку знішчальнікаў FW-190.

У самым пачатку баявых дзеянняў на еўрапейскім тэатры яшчэ не было выразнай упэўненасці, які ж менавіта з асноўных параметраў знішчальніка — хуткасць або манеўранасць — з’яўляецца для яго важнейшым. Гэтым было абумоўлена сур’ёзнае адрозненне схем, па якіх будаваліся планёры перадваенных знішчальнікаў. Так, савецкі І-153 «Чайка» быў біпланам, а І-16, які з’явіўся раней, быў манапланам. Нямецкія Me-109 і Me-110 адрозніваліся колькасцю рухавікоў — адзін і два адпаведна. Аднак досвед вядзення актыўных баявых дзеянняў з ужываннем знішчальнай авіяцыі параўнальна хутка схіліў шалі ў бок аднаматорных манапланаў. Так, на працягу ўсёй Другой сусветнай вайны асноўнымі прамысловымі дзяржавамі не было выпушчана ні адной новай мадыфікацыі знішчальнікаў-біпланаў. А нейкае развіццё атрымаў толькі адзін знішчальнік з двума рухавікамі — амерыканскі Лайтнінг, што было абумоўлена спецыфікай дзеянняў на ціхаакіянскім ТВД.

Вялікая патрэба ў знішчальнай авіяцыі ў гады Другой сусветнай вайны была абумоўлена як масіраваным ужываннем бамбардзіровачнай і штурмавой авіяцыі, так і ўласна магчымасцямі знішчальнікаў для знішчэння наземных цэляў і падтрымкі наземных падраздзяленняў. Менавіта ў гэты час была адточана тактыка штурмавых удараў па важных наземных аб’ектах — аэрадромах, мастах, складах, чыгуначных вузлах, транспарту. Пры распрацоўцы новых мадыфікацый знішчальнікаў канструктарам часцяком ставілася задача максімальна ўзмацніць ударную моц самалёта. Так, напрыклад, савецкімі канструктарамі была створана мадыфікацыя знішчальніка Як — Як 9Б, якая адрознівалася магчымасцю несці бомбавае ўзбраенне не на знадворнай падвесцы, а ў спецыялізаваных бомбавых адсеках. Такім чынам, быў зроблены крок да з’яўлення новага класа самалётаў, знішчальнікаў-бамбардзіроўшчыкоў, які атрымаў вялікае развіццё ў пасляваенныя гады. Аднак асноўным абавязкам знішчальнікаў падчас Другой сусветнай вайны заставаліся задачы заслоны (прыкрыцця) сваіх войскаў ад авіяцыі праціўніка, знішчэнне яго самалётаў, паветранай разведкі і суправаджэння бамбардзіровачнай і штурмавой авіяцыі.

Вайна выклікала выбуховае развіццё авіяцыйнай тэхнікі і практычна давяла поршневы самалёт да дасканаласці. Аднак прапелерны самалёт з поршневымі рухавікамі мае мяжу хуткасці, паколькі не ў стане пераадолець гукавы бар'ер. Для павелічэння хуткасці быў патрэбны прынцыпова новы рухавік. У канцы вайны Германія першай пачала выпуск знішчальнікаў з рэактыўным рухавіком (Ме 262) і ракетных знішчальнікаў Me-163. Гэтыя самалёты мелі большую хуткасць, чым поршневыя самалёты краін антыгітлераўскай кааліцыі, прымальныя паказчыкі манеўранасці і лічыліся вельмі перспектыўнымі супраць бамбардзіровачнай і знішчальнай авіяцыі праціўніка. Аднак выпускаліся невялікімі серыямі, таму гэтыя самалёты не змаглі істотна паўплываць на ход ваенных дзеянняў.

Пасляваеннае развіццё правіць

 
Знішчальнік МіГ-29, СССР, 1977
 
Знішчальнік Міраж-2000, Францыя, 1978

1960-я гг. вызначыліся паступленнем на ўзбраенне ВПС асноўных авіяцыйных дзяржаў свету звышгукавых знішчальнікаў, якія мелі шэраг агульных прыкмет, нягледзячы на ​​ўсе адрозненні ў кампанаванні і палётнай масе. Яны мелі хуткасць, якая ўдвая перавышала гукавую, і столь каля 18-20 км, абсталёўваліся бартавымі радыёлакацыйнымі станцыямі і кіраванымі ракетамі класа «паветра-паветра». Такое супадзенне не было выпадковым: развіццё тэхнікі адбылося менавіта ў гэтым кірунку з-за таго, што асноўнай пагрозай бяспекі па абодва бакі жалезнай заслоны лічыліся бамбардзіроўшчыкі, якія нясуць ядзерныя бомбы. Адпаведна фарміраваліся і патрабаванні да новых знішчальнікаў, асноўнай задачай якіх быў перахоп вышынных хуткасных неманеўраных цэляў у любы час сутак і ў любых умовах надвор’я.

Аднак знішчальнік-«паразіт» XF-85 Goblin быў спраектаваны адмыслова для базавання на бамбардзіроўшчыках Convair B-36 як на паветраных авіяносцах (авіяносьбітах).

У выніку ў ЗША, СССР і Заходняй Еўропе з’явіўся шэраг самалётаў, якія пасля па сукупнасці прыкмет і лётна-тэхнічных характарыстык аднеслі да другога пакалення знішчальнікаў. Устойліва расла цана знішчальнікаў, што дыктавала неабходнасць змяншэння колькасці парку з адначасовым пашырэннем функцый самалётаў. Акрамя таго, тактыка паветранай вайны змянялася на вачах — шырокае развіццё зенітных кіраваных ракет прывяло да адмовы ад дактрыны масіраванага ўварвання бамбардзіроўшчыкоў на вялікай вышыні. Асноўную стаўку ва ўдарных аперацыях усё больш сталі рабіць на тактычныя самалёты з ядзернай зброяй, здольныя прарываць мяжу СПА на вялікай вышыні.

Для процідзеяння ім прызначаліся знішчальнікі трэцяга пакалення — МіГ-23, «Міраж» F-1, J-37 «Вігга». Паступленне на ўзбраенне гэтых машын, разам з мадэрнізаванымі варыянтамі МіГ-21 і F-4, планавалася на пачатак 1970-х. Адначасова па абодва бакі акіяна пачаліся праектныя даследаванні па стварэнні знішчальнікаў чацвёртага пакалення — перспектыўных баявых машын, якія склалі б аснову ваенна-паветраных сілаў у наступным дзесяцігоддзі.

Першымі за вырашэнне гэтай праблемы ўзяліся ў ЗША, дзе яшчэ ў 1965 годзе паставілі пытанне аб стварэнні пераемніка тактычнага знішчальніка F-4C «Фантом». У сакавіку 1966 была разгорнута праграма FX (Fighter Experimental). Праектаванне самалёта па ўдакладненых патрабаваннях пачалося ў 1969, калі самалёт атрымаў пазначэнне F-15 «Ігл». Пераможцы конкурсу праектаў, фірме «McDonnell Douglas», 23 снежня 1969 г. быў выдадзены кантракт на будаўніцтва доследных самалётаў, а ў 1974 годзе з’явіліся першыя серыйныя знішчальнікі F-15A «Ігл» і «спаркі» TF-15A (F-15B).

 
F-35

У 1969 г. пачалася распрацоўка савецкіх знішчальнікаў чацвёртага пакалення, да якіх можна аднесці Су-27, МіГ-29 і іх мадыфікацыі.

Першы ў свеце знішчальнік пятага пакалення F-22 Raptor распрацоўваўся ў 1986—2001 гг. і стаў на ўзбраенне ВПС ЗША ў пачатку 2003 года.

ЗША таксама распрацавалі і актыўна ўкараняюць праграму шматмэтавага знішчальніка пятага пакалення F-35. Першыя F-35 сталі на ўзбраенне ў 2011 годзе.

Распрацоўка расійскага шматфункцыянальнага знішчальніка пятага пакалення завершана. Гэты знішчальнік, распрацаваны канструктарскім бюро «Сухой» у межах праграмы «Перспектыўны авіяцыйны комплекс франтавой авіяцыі» (ПАК ФА) і вядомы таксама як Т-50 (выраб 701), здзейсніў свой першы выпрабавальны палёт 29 студзеня 2010 г. Палёт, які доўжыўся каля 45 хвілін, завяршыўся паспяхова: паведамлялася, што самалёт здзейсніў кароткі разбег, адарваўся ад узлётнай паласы і пачаў набіраць вышыню. Чакалася, што знішчальнік будзе прыняты на ўзбраенне ў 2015—2016 гадах. Серыйная вытворчасць самалёта фактычна пачалася ў 2019 г. пад назвай Су-57.

Паветраны бой правіць

З эвалюцыяй знішчальнікаў паветраны бой зведаў значныя змены. У першых паветраных баях ужываліся рэвальверы для паражэння самалёта і пілота праціўніка. Такія дуэлі ў паветры нагадвалі рыцарскія паядынкі. Да з’яўлення парашута адзіным спосабам паратунку быў скок з малой вышыні, які часта быў смяротным. Пілота, які здабыў пяць і больш паветраных перамог, называлі асам.

Дужа хутка рэвальверы саступілі месца кулямётам, якія засяроджвалі агонь у пэўным пункце перад знішчальнікам, мясціліся ў крылах і / або насавой частцы фюзеляжа. Для дакладнага паражэння праціўніка неабходна было шляхам манеўравання зайсці ў хвост самалёта ворага. Такі бой фізічна вымотваў пілотаў, якія выконвалі складаныя фігуры вышэйшагу пілатажу з высокімі перагрузкамі. Пілот павінен быў быць не толькі добра фізічна развітым, але і дасканала валодаць ведамі пра свой самалёт і самалёт праціўніка. Найважнейшымі характарыстыкамі сталі максімальная хуткасць, худкапад’ёмнасць, манеўранасць. Для пацвярджэння паветранай перамогі ўсталёўвалі кінакамеры, якія здымалі пад час націскання на гашэтку.

Для перамогі ў паветраным баі на сучасных знішчальніках прамая бачнасць самалёта суперніка ўжо не патрэбная. Дастаткова яго выяўлення бартавымі і дапаможнымі наземнымі сістэмамі. Пілот абаронены спецыяльным супрацьперагрузачным касцюмам і можа вытрымліваць значна большыя перагрузкі ў паветраным баі. Рухавікі з кіраваным вектарам цягі дазваляюць пілоту выконваць складаныя манеўры ў паветры на высокай хуткасці, што было б немагчыма без дапамогі камп’ютараў у кіраванні сучаснымі знішчальнікамі.

Чатыры фактары, якія, на думку эксперта ў галіне вайсковай авіяцыі П’ера Спрэя, забяспечваюць перамогу ў паветраным баі[крыніца?]:

  1. Першым пабачыць праціўніка. Ад Першай сусветнай вайны і да В’етнама ад 65 да 95 % самалётаў, збітых у паветраных баях, загінулі ў выніку раптоўных нападаў.
  2. Пераўзыходзіць праціўніка колькасна.
  3. Мець лепшую манеўранасць, і не толькі з тэхнічнага пункту гледжання, але і па ўзроўні майстэрства пілотаў.
  4. Хутка нанесці праціўніку ўдар. Чым больш самалётаў удзельнічае ў баі, тым больш з’яўляецца магчымасцяў нанесці ўдар, але і расце верагоднасць для пілота стаць мішэнню, пакуль ён цэліцца.

Класіфікацыя знішчальнікаў правіць

Усе знішчальнікі ствараюцца для розных мэтаў, таму іх прынята класіфікаваць на пэўныя групы па прызначэнні. Сярод такіх груп можна вылучыць:

  • Франтавы (ці лёгкі) знішчальнік. Канцэпт быў распрацаваны ў сярэдзіне XX ст. і прадугледжвае стварэнне лёгкіх і манеўраных знішчальнікаў для барацьбы з самалётамі суперніка непасрэдна на полі бою. Да франтавых знішчальнікаў можна аднесці амаль усе савецкія знішчальнікі МіГ, акрамя перахопнікаў МіГ-25 і МіГ-31.
  • Знішчальнік-бамбардзіроўшчык — спецыялізаваны знішчальнік для нанясення ўдараў па наземных цэлях. З развіццём знішчальнай авіяцыі і з’яўленнем шматмэтавых знішчальнікаў адпала неабходнасць у стварэнні вузкаспецыялізаваных знішчальнікаў-бамбардзіроўшчыкаў. Прадстаўнікамі такога віду знішчальнікаў з’яўляюцца савецкія МіГ-23 і МіГ-27, а таксама амерыканскія знішчальнікі F-105 і F-15E.
  • Знішчальнік-перахопнік — спецыялізаваны на перахопе паветраных цэляў самалёт, які адрозніваецца вышэйшай, у параўнанні са звычайнымі знішчальнікамі, хуткасцю і магутным радыёлакацыйным абсталяваннем. Як прыклад, савецкія Су-15, МіГ-25, МіГ-35 і амерыканскія F-102 і F-14.
  • Шматмэтавы знішчальнік. Пачынаючы з чацвёртага пакалення, усе знішчальнікі можна лічыць шматмэтавымі, паколькі яны добра прыстасаваныя як да выканання задач па знішчэнні наземных цэляў, так і да паветранага бою і перахопу. Тыповым прадстаўніком шматмэтавых знішчальнікаў з’яўляецца F-16.

Пакаленні знішчальнікаў правіць

Краіны-вытворцы знішчальнікаў чацвёртага і пятага пакаленняў правіць


Гл. таксама правіць

Заўвагі правіць

Спасылкі правіць