Зэльвянка

рака ў Беларусі

Зэльвянка, таксама Зальвянка, Зэльвенка — рака ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях Беларусі, левы прыток Нёмана. Даўжыня 170 км. Вадазбор 1940 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 11 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,4 .

Зэльвянка
Характарыстыка
Даўжыня 170 км
Басейн 1 940 км²
Расход вады 11 м³/с
Вадацёк
Выток  
 • Каардынаты 52°51′15″ пн. ш. 24°29′21″ у. д.HGЯO
Вусце Нёман
 • Каардынаты 53°24′10″ пн. ш. 24°32′17″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Водная сістэма Нёман → Балтыйскае мора
Краіна
Рэгіёны Брэсцкая вобласць, Гродзенская вобласць
physical
Зэльвянка
Зэльвянка
physical
выток
выток
вусце
вусце
— выток, — вусце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Назва правіць

У Іпацьеўскім летапісе рака названа Зелевя («по Зелеви»), у крыніцах XVI стагоддзя — Зельва, Зельвея, пазней пачала ўжывацца цяперашняя форма назвы Зэльвянка.

Назва балцка-яцвяжскага паходжання, звязаная з літоўскім žalvas «зеленаваты»[1].

У Літве аналагі — гідронімы Želva, Želvis, Zelva, Zelvė. Дзве апошнія назвы — возера і рака каля Віевіса, узніклі пад уплывам яцвягаў[2], бо ў яцвяжскай мове, як і ў іншай заходнябалцкай мове — прускай, быў пераход ž > z. Яцвяжскае гучанне назвы аднаўляецца як *Zelvō (Зелво)[3].

Назву Зэльвы ставяць у адзін шэраг з такімі гідронімамі на левабярэжжы Нёмана, як *Zeita (назва возера, што дала назву ракі Zietela, ад якой праз некалькі этапаў трансфармацыі ўзнікла назва мястэчка Дзятлава)[4] і Свіцязь (мясцовыя літоўскамоўныя аўтахтоны ўжывалі назву Svitožis)[5]. Па-літоўску (па-ўсходнябалцку) гэтыя тры назвы мелі б карані Želv-, Žiet-, Švit- (заходнябалцкім мовам таксама быў уласцівы пераход š > s).

Назва Зэльвы з’яўляецца гідранімічнай спадчынай яцвягаў, у якую, апроч згаданых водных назваў, улучаюць таксама назвы рэк Ясельда, Грыўда, Саколда, Голда, Нёўда, Сёгда, у якіх другі складнік паходзіць ад яцвяжскага *udā «вада, рака»[6].

Балцка-яцвяжскімі таксама, імаверна, з’яўляюцца назвы прытокаў ракі Зэльвы Шчыба, Сасва, Кіпятка.

На процілеглым краі цяперашняга беларуска-літоўскага памежжа таго ж паходжання, што і назва Зэльвы, азёрная назва Золва (< *Zalva). Гэта назоўная спадчына мовы селаў, якая таксама ведала пераход ž > z[7].

Асноўныя прытокі правіць

Справа: Шчыба, Ружанка, Іванаўка, Акоўка. Злева: Сасва, Мяштоўка, Кіпятка, Самараўка, Юхнаўка.

На рацэ правіць

Гарады: Масты (пры вусці). Гарадскія пасёлкі: Зэльва. Вадасховішчы: Зэльвенскае, Паперня. ГЭС: Паперня. Водзяцца: шчупак, акунь, верхаводка, плотка, пячкур, ёрш звычайны, галавень (у вусці), жэрах звычайны (у вусці), лешч (у вусці), язь (у вусці), карась сярэбраны, ялец звычайны, гусцяра; выдра, норка, андатра; раней было шмат ракаў і мянтузоў, у вусцевай частцы рыбны промысел; у алешніках абапал ракі жылі бабры (да пачатку меліярацыйных работ).

Агульнае правіць

Пачынаецца паміж вёскамі Лідзяны і Кулявічы Свіслацкага раёна, цячэ ў Ваўкавыскім, Пружанскім, Зэльвенскім і Мастоўскім раёнах. У пойме меліярацыйныя сістэмы. Замярзае ў канцы снежня, крыгалом у сярэдзіне сакавіка.

Даліна трапецападобная, яе шырыня ад 0,5 да 3—4 км у ніжнім цячэнні. Пойма забалочаная, роўная, шырынёй да 2,5 км, у сярэднім і ніжнім цячэнні 0,4—0,6 км.

Рэчышча моцна-звілістае. Яго шырыня ў межань 15—20 м. На працягу 44,2 км каналізаванае: ад вытоку да в. Краскі (16 км) і на ўчастку за 2 км на поўнач ад г.п. Зэльва — 2 км на поўнач ад в. Ліхінічы (28,2 км). Берагі пясчаныя, стромкія і абрывістыя.

Заўвагі правіць

  1. Kazimieras Būga. Aistiškosios kilmės Gudijos vietovardžiai // Tautos ir žodis. — 1923. — Т. 1. — С. 43.
  2. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1980. — С. 394, 399.
  3. Kazimieras Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. C. 134.
  4. А. П. Непокупный. Лингвогеографические связи литовских и белорусских форм названий г. Дятлово и его окрестностей // Балто-славянские исследования. М., 1974. С. 153, 155.
  5. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. V., 1981. С. 322.
  6. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. С. 601—602.
  7. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. C. 549.

Літаратура правіць

  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.