З’езд беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту (1917)

З’езд беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту 18—21 кастрычніка 1917 года — з’езд беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту, які адбыўся з удзелам прадстаўнікоў 12-й арміі, Балтыйскага флоту і Румынскага фронту ў Менску.

З’езд праходзіў з дазволу Вярхоўнага галоўнакамандуючага расейскай арміі генерала М. Духоніна, які ў дакладзе Часоваму ўраду прапанаваў распачаць з канца лістапада фармаванне нацыянальна-тэрытарыяльнай арміі, што, на яго думку, магло б узмацніць спайку салдат-землякоў расійскай арміі, якая імкліва развальвалася.

Рашэнні правіць

З’езд выказаўся за пераўтварэнне Расеі ў дэмакратычную федэратыўную рэспубліку і прызнаў фарміраванне беларускага войска «крайне неабходнай і неадкладнай справай». Адпаведная рэзалюцыя з’езду падкрэслівала, што фарміраванне беларускіх часцей не павіннае аслабіць баяздольнасць войскаў на фронце.

З’езд вайскоўцаў-беларусаў Заходняга фронту таксама заклікаў усіх беларусаў «грудзьмі ўстаць на абарону сваёй роднай зямлі і Расійскай Федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі…, не дапусціць прыніжэння правоў свайго народа на самавызначэнне і парушэння гэтых правоў і інтарэсаў кім бы то ні было».

Для кіраўніцтва арганізацыяй беларускага войска была ўтвораная Беларуская цэнтральная вайсковая рада (БЦВР), а таксама Часовы выканаўчы камітэт, старшынёй якога быў абраны прапаршчык С. Рак-Міхайлоўскі (да вайны настаўнічаў), намеснікамі старшыні — паручнік К. Езавітаў (былы настаўнік) і малодшы унтэрафіцэр Я. Мамонька. Бюро па арганізацыі беларускага войска ўзначаліў генерал К. Кандратовіч, ветэран Балканскіх войнаў і аўтар тэарэтычных прац па вайсковай справе. Яго памочнікамі сталі генерал-маёр Пажарскі, палкоўнік Камароўскі і паручнік К. Езавітаў. Быў распрацаваны адпаведны план, дзе прадугледжвалася паслядоўнасць перафармавання вайсковых частак расейскай арміі ў нацыянальныя. Беларускаму выканкаму Заходняга фронту дазвалялася ўвайсці ў склад франтавога камітэта на правах нацыянальнай секцыі. Кандратовіч атрымаў ад генерала М. Духоніна дазвол на стварэнне беларускага палка ў Менску, а пасля — беларускага корпуса на Заходнім фронце.

Успаміны правіць

Зоська Верас пазней пісала пра з’езд:

З’езд вайскоўцаў Заходняга фронту адбыўся 18–21 кастрычніка 1917 г. Я была дэлегатам і адной з арганізатарак, прытым – адзінай жанчынай на з’ездзе. Загадзя прыгатаваныя значкі – бел-чырвона-белыя – параздавала ўсім сябрам з’езду і ўспакоілася. Аж тут падходзіць нехта да мяне і кажа: “А ў генерала Кандратовіча значка німа”. А ў мяне ўжо – ніводнага. Тады я адшпіліла сваю гаспадарскую бел-чырвона-белую разетку (круглую) і прышпіліла генералу. На трэці дзень з’езду пасадзілі мяне запісываць тых, хто хоча ў беларускія батальёны. Першым запісаўся генерал Кандратовіч…

Спасылкі правіць