Каве́скар (саманазвы kawésqar, kawashkar), або алакалуфэ (ісп.: Alacalufe, з мовы яганаў Halakwulup) — індзейскі народ на поўдні Чылі. Агульная колькасць - 2980 чал. (2015 г.)[1].

Кавескар
(kawésqar, kawashkar)
Фота 1908 г.
Агульная колькасць 2980 (2015 г.)
Рэгіёны пражывання Чылі
Мова кавескар
Рэлігія анімізм, шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы яганы

Паходжанне правіць

Кавескар — старажытныя насельнікі Паўднёвай Амерыкі. Існуе 2 асноўныя гіпотэзы іх паходжання. Першая заснавана на думцы, што кавескар — нашчадкі культуры рыбаловаў і мараходаў, якая першапачаткова сфарміравалася на Чылаэ. Адтуль яе носьбіты прасоўваліся на поўдзень. Другая гіпотэза сцвярджае, што кавескар першапачаткова насялялі паўднёвы ўсход Патагоніі, дзе займаліся качавым паляваннем і адкуль мігрыравалі на заходнія астравы архіпелага Вогненная Зямля. Менавіта там і сфарміраваліся асаблівасці іх культуры. Археалагічныя раскопкі дазваляюць лічыць, што культура кавескар з'явілася на поўдні Чылі не меней за 6000 гадоў таму.

Гісторыя правіць

Першыя кантакты паміж еўрапейцамі і кавескар былі ўсталяваны ў XVI ст., аднак не мелі сталага характару. З канца XVIII ст. сітуацыя змянілася, калі тэрыторыі, населеныя кавескар, зацікавалі кітабояў і навукоўцаў. У другой палове XIX ст. кавескар гандлявалі з еўрапейцамі і выхадцамі з Чылаэ, часам прывозіліся мараплаўцамі ў краіны Еўропы і Паўночную Амерыку, дзе дэманстраваліся за грошы як дзікуны. Па розных падліках іх колькасць да гэтага перыяда магла дасягаць 2 - 3 тысяч чалавек. Аднак кантакты з еўрапейцамі прывялі да распаўсюджвання хвароб, да якіх індзейцы не мелі імунітэта. Выхадцы з Чылаэ нападалі, рабавалі і гвалтавалі сваіх паўднёвых суседдзяў.

У канцы XIX - пачатку XX ст. хуткае скарачэнне насельніцтва кавескар занепакоіла каталіцкіх місіянераў, якія першымі пачалі аказваць дапамогу індзейцам, вывучаць іх мову і культуру. З канца 1930-х гг. апеку над кавескар прынялі афіцыйныя ўлады Чылі. У другой палове XX ст. іх колькасць пачала ўзнаўляцца.

Культура правіць

Галоўным заняткамі кавескар здаўна былі рыбалоўства і паляванне на ластаногіх. Асноўнай сацыяльнай адзінкай з'яўлялася малая сям'я, якая качавала ўздоўж узбярэжжа на човене. Ён уяўляў сабою драўляную каркасную канструкцыю, абабітую карой дрэў. На месцах стаянак магло спыняцца адразу некалькі сем'яў, тут ладзілі авальныя буданы, што накрываліся скурай марской выдры або ластаногіх. На сталых стаянках жытло ставілі на па́лі або слупы. У летні сезон сем'і часцяком аб'ядноўваліся для сумесных паляванняў або разроблівання кітоў, выкінутых на бераг.

Прылады працы рабілі з дрэва, каменю, костак марскіх жывёл, ракавін малюскаў. Кавескар здабывалі пірыт. Яго выкарыстоўвалі для здабычы агню або для абмену з іншымі плямёнамі. Адзінай свойскай жывёлай быў сабака.

Галоўнай уласнасцю сямейнай групы з'яўляўся човен, які перадаваўся па спадчыне ад бацькі да старэйшага сына. Жанчыны адказвалі за гаспадарку і дзяцей, вялі абмен і перамовы з прадстаўнікамі іншых груп. У першых еўрапейскіх даследчыкаў гэта стварыла ўражанне аб матрыярхальных адносінах сярод кавескар. На самой жа справе, галоўным у сям'і заўсёды заставаўся мужчына. Кавескар практыкавалі палігінію. Часам старыя мужчыны маглі адмаўляцца ад жонак і перадаваць іх суродзічам. Вядомы выпадкі паліандрыі, калі старыя мужчыны станавіліся другім мужам у ўжо сфарміраванай сям'і або прымалі маладых мужоў у сваю сям'ю.

Кавескар знакаміты сваім вусным фальклорампеснямі, казкамі, легендамі.

Мова правіць

Мова кавескар блізкая да мовы яганаў. У XX ст. складзены алфавіт на аснове лацінкі.

Рэлігія правіць

Традыцыйныя вераванні ў сваёй аснове былі анімістычнымі. Кавескар верылі ў існаванне шматлікіх духаў прыроды. Важную ролю адыгрывала вера ў магутных духаў ахахема, якія маглі як аказваць дапамогу, так і прыносіць зло і хваробы, забіраць у чалавека душу. Духі продкаў зваліся хексолак. З імі ўступалі ў кантакты праз свет сноў. Сярод кавескар меліся шаманы, якія лекавалі ад розных захворванняў, спраўлялі пахавальныя абрады. У XX ст. большасць кавескар прынялі хрысціянства.

Зноскі

Спасылкі правіць