Кадыскі заліў (ісп.: Golfo de Cádiz) — адкрыты заліў Атлантычнага акіяна ўздоўж паўднёва-заходняга берага Пірэнейскага паўвострава працягласцю 320 км ад горада Фару ў Партугаліі да мыса Трафальгар у заходнім канцы Гібралтарскага праліва. Абмывае берагі правінцыі Уэльвы і атлантычны бераг правінцыі Кадыс у Іспаніі і паўднёвы бераг партугальскай правінцыі Алгарві. Уключае Кадыскую бухту. Глыбіня да 100 м. Плошча — 7000 м. Сярэдняя тэмпература вады складае + 15 °C. Прылівы паўсутачныя, вышынёй да 3 м.

Кадыскі заліў на карце

Кадыскі заліў на працягу ўсёй гісторыі меў асаблівае значэнне дзякуючы адкрытаму становішчу на Атлантыцы, уваходу ў Міжземнае мора і шматлікім рэкам, якія ўпадаюць у заліў. Гэтыя характарыстыкі стымулявалі стварэнне вялікай колькасці портаў і развіццю суднаходства, асабліва пасля адкрыцця Хрыстафорам Калумбам Новага Свету. Размяшчэнне заліва таксама зрабіла яго месцам шматлікіх марскіх бітваў, найбольш вядомым з якіх з'яўляецца Трафальгарская бітва. У апошні час у рэгіёне Кадыскага заліва назіраецца слабая, але перыядычная сейсмічная актыўнасць.

Каса Эль-Рампіда

Берагавая лінія Іспаніі на працягу ўсяго заліва слаба зрэзаная, нізінная і багністая. Берагі Партугаліі прадстаўлены галоўным чынам скалістай берагавой паласой, складзенай каменнавугальнымі сланцамі і пясчанікамі. Галоўныя рэкі, якія ўпадаюць у заліў — Гвадыяна і Гвадалквівір.

Асноўныя порты: Віла-Рэал-дэ-Санту-Антоніу, Тавіра, Альян, Фару (Партугалія), Кадыс, Уэльва, Сан-Фернанда (Іспанія). Большая частка заліва ўздоўж іспанскай тэрыторыі ўваходзіць у склад марскога курорта Коста-дэ-ла-Лус, які карыстаецца папулярнасцю сярод віндсерфінгістаў. Непадалёк ад вусця ракі Гвадалквівір знаходзіцца нацыянальны парк «Даньяна».

У гаспадарчай дзейнасці галоўнымі складнікамі з'яўляюцца рыбалоўства і марскія грузаперавозкі, а таксама гандаль і турызм. Апроч гэтага, у заліве на працягу Гвадалквівірскай упадзіны адкрыта некалькі газавых радовішчаў.