Казімір Шафнагель

беларускі біёлаг, палітык-краёвец

Казімір Максіміліян Шафна́гель (3 сакавіка 1858[1]Кіеўская губерня[1] — 13 сакавіка 1922, Кушляны) — беларускі краёвы палітычны дзеяч, біёлаг.

Казімір Шафнагель
Нараджэнне 3 (15) сакавіка 1858
Смерць 13 сакавіка 1922(1922-03-13) (64 гады)
Адукацыя
Дзейнасць біёлаг, землеўласнік, палітык

Біяграфія правіць

З роду баронаў Шафнагеляў, аселых на Валыні. Сын Канстантыя Якуба Максіміліяна Шафнагеля і Эміліі з Зэйдлераў (1821—1895) гербу Збароўскі. Каталік[1]. Жыў як і бацькі ў Варшаве[1]. Атрымаў атэстат у Варшаўскім рэальным вучылішчы. Без падрыхтоўчага курсу паступіў і ў 1875—1879 гадах вывучаў хімію ў Рыжскім політэхнічным інстытуце, выпусціўся ў лістападзе 1880 года з дыпломам 2-й ступені[1] (сам дыплом інжынера-хіміка зарэгістраваны ў сакавіку 1881 года[2]). Трапіў у Беларусь у сувязі з работамі на Лібава-Роменскай чыгункі, браў удзел у будаўніцтве чыгуначнага мосту цераз Ашмянку каля Солаў. Кватэраваў тым часам у Кушлянах, у сядзібе іх уладальнікаў Сулістроўскіх, пазнаёміўся з іх дачкой Марыянай Сулістроўскай і пазней з ёй ажаніўся[3]. Марыяна была адзінай спадчыніцай свайго бацькі Канстанціна-Атона Сулістроўскага (1829—1906), такім чынам К. Шафнагель атрымаў Кушляны як спадчыну жонкі і застаўся ў Ашмянскім павеце.

З 1906 году ўваходзіў у Таварыства сяброў навукі. Займаўся біялагічнымі даследаваннямі ў галіне брыялогіі — вывучаў імхі. Адначасова разам з Іванам Луцкевічам, Людвікам Абрамовічам, Аўгусцінасам Янулайцісам і іншымі уваходзіў у археалагічную секцыю. Актыўна працаваў у Таварыстве і ў маі 1910 года абраны ганаровым сябрам «за навуковыя працы і дапамогу, аказаную Таварыству». У 1908 годзе выдаў у Вільні кнігу на польскай мове «Запіскі брыялягічныя», інфармацыя з яе пра рэдкія мхі і цяпер ёсць у Чырвонай кнізе Беларусі[3].

Даследваў ваколіцы Ашмян, Смаргоні, Краснага, поймы Віліі, Ашмянкі, Сікуні, Ушы, Бярэзіны, Пцічы, ваколіцы азёраў Вішнеўскае, Свір, Нарач, занарачанскія балоты. Таксама здзейсніў экспедыцыю ў Белавежскую пушчу, дзе сабраў гербарый з 80 відаў імхоў. Агулам К. Шафнагель апісаў каля 500 відаў і разнавіднасцяў імхоў. І праз 100 гадоў супрацоўнікі Інстытуту батанікі НАНБ знаходзяць месцы росту рэдкіх імхоў па яго даследваннях.[3].

Па ідэйных перакананнях быў краёўцам, якія выступалі за ўтварэнне новай «нацыі літвінаў» (літоўскіх палякаў), гэтая плынь тады дамінавала ў польскім руху на беларускіх і літоўскі землях.

Падчас Першай сусветнай вайны не эвакуяваўся на ўсход пасля Свянцянскага прарыву нямецкіх войскаў. Спіс сяброў віленскага Шляхецкага клуба ад 11 снежня 1915 года сведчыць пра яго знаходжанне ў Вільні. У канцы 1915 года адбылося арганізацыйнае афармленне першай правай беларускай партыі — Хрысціянскай злучнасці. Злучнасць узначалілі лідары беларускай правіцы — барон Роп, князь Святаполк-Мірскі, барон Шафнагель, Вінцэнт Гадлеўскі, А. Астрамовіч (А. Зязюля)[4].

У 1917 годзе жыў у Кушлянах Ашмянскага павета. Пасля рэвалюцыі падтрымаў беларускае адраджэнне. Ёсць меркаванне, што яму прапанавалі ўвайсці ў Сумесную Літоўскую Тарыбу, як аднаму з прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, бо беларусам не хапала годных кадраў. У лістападзе 1917 года, у № 86 (28 кастрычніка 1917) і 87 (30 кастрычніка 1917) віленскага «Гомана» («Homan») надрукаваны зварот К. Шафнагеля «Да нашай краёвай інтэлігенцыі», адначасова выдадзены асобнай брашурай на польскай мове. У № 90 (9 лістапада 1917) і 91 (13 лістапада 1917) «Гомана» апублікаваны працяў звароту. Шафнагель не абмежаваўся публікацыяй, рассылаў яго па пошце, асабіста размаўляў з людзьмі. У звароце К. Шафнагель сцвярджаў, што беларускі народ атрымаў рэальны шанец стварэння ўласнай дзяржавы, аднак без дапамогі інтэлігенцыі ён ня будзе выкарыстаны. Большасці мясцовай грамадскасці аднак тлумачыла ператварэнне «паляка» Шафнагеля ў беларускага дзеяча выключна кар’ернымі меркаваннямі.

Пазіцыю Шафнагеля цалкам прыняў Вінцэнт Святаполк-Мірскі, які таксама трапіў пад пэўны астракізм з боку «вярхушкі» мясцовай польскай грамадскасці. К. Шафнагель і В. Святаполк-Мірскі ўвайшлі ў арганізацыйны камітэт падрыхтоўкі і правядзення «агульнабеларускай нацыянальнай канферэнцыі з усіх акупаваных земляў»[5]. Канферэнцыя адбылася ў студзені 1918 года і спрыяла кансалідацыі дзейнасці беларускіх арганізацый на акупаваных нямецкімі войскамі тэрыторыях. Выніковая рэзалюцыя Віленскай канферэнцыі змяшчала імкненне, каб «акупаваныя літоўска-беларускія землі ўтваралі незалежную самастойную дэмакратычную дзяржаву, якая б складалася з дзвюх аўтаномных нацыянальна-культурных адзінак — беларускай і літоўскай у цеснай сувязі з Курляндыяй». Ажыццяўленне гэтага патрабавання звязвалася з Устаноўчым сходам у Вільні, абраным на аснове ўсеагульных, роўных, тайных, непасрэдных і прапарцыйных выбараў у нацыянальных курыях.

У 1919 годзе Казімір Шафнагель з’ехаў у Польшчу, жыў у Варшаве. У 1921 годзе вярнуўся ў Кушляны, дзе і памёр у сакавіку 1922 году ва ўзросце 67 гадоў. Пахаваны на мясцовых могілках, зямлю пад якія ён выдзеліў са сваіх уладанняў. Станам на 2020 год у цэнтры Кушлян ад сядзібы Шафнагеляў засталіся прыступкі былога палацу і рэшткі гаспадарчых пабудоў[3].

«Да нашай краёвай інтэлігенцыі» правіць

У звароце К. Шафнагель сцвярджаў, што беларускі народ атрымаў рэальны шанец стварэння ўласнай дзяржавы, аднак без дапамогі інтэлігенцыі ён ня будзе выкарыстаны. На думку аўтара, далучэнне да беларускага руху — абавязак мясцовай «спольшчанай інтэлігенцыі» перад краем і "перад народам, с катораго вы выйшлі і сярод катораго жывёце, народам, каторы ёсьць, жыве і клічэ вам: «памажыце!».

Публікацыя працягу звароту ў № 90 (9 лістапада 1917) і 91 (13 лістапада 1917) «Гомана» хутчэй за ўсё была выклікана даволі крытычным стаўленнем большасці мясцовай «спольшчанай інтэлігенцыі» да многіх тэзісаў Шафнагеля. Аналіз пазнейшай часткі звароту дазваляе казаць пра адносіны гэтай большасці да краёвай ідэі і да беларускага руху ў канцы 1917 — пачатку 1918 года. Відавочна, значная частка беларускіх і літоўскіх палякаў не прызнавала самабытнасці беларускай мовы, баялася, што актывізацыя беларускага руху можа прывесці да абвастрэння польска-беларускіх адносін і, нарэшце, глядзела на беларускія і літоўскія землі як на «гістарычную Польшчу».

У 1917—1918 гады настроі большасці мясцовай польскай грамадскасці і яе стаўленне да звароту Шафнагеля добра перадаюць запісы дзённіка вядомага віленскага прадпрымальніка і грамадскага дзеяча Аляксандра Шкленніка, які тлумачыў ператварэнне «паляка» Шафнагеля ў беларускага дзеяча выключна кар’ернымі меркаваннямі. Аўтар дзённіка даволі крытычна і іранічна ацэнвае намаганні К. Шафнагеля. Тым жа часам запісы Шкленніка сведчаць пра вельмі актыўную дзейнасць земяніна з Кушлянаў. Шафнагель не абмежаваўся публікацыяй. Польскамоўную версію звароту ён рассылаў па пошце вядомым прадстаўнікам віленскай інтэлігенцыі, асабіста размаўляў з людзьмі, якія падзялялі краёвую ідэю, і прапанаваў далучыцца да беларускага руху. Аднак у лепшым выпадку суразмоўцы абяцалі толькі падтрымку беларускіх намаганняў (у прыватнасці, пра гэта заявіў інжынер Ярэмія Лукасевіч).

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць