Какандскае ханства

Кака́ндскае ха́нства (перс.: خانات خوقند, узб.: Qo'qon xonligi) — дзяржава ў Сярэдняй Азіі (17091876 гг.) з цэнтрам у Какандзе.

Гістарычная дзяржава
Какандскае ханства
خانات خوقند
Сцяг
Сцяг
Какандскае ханства ў 1850 г.
Какандскае ханства ў 1850 г.
1709 — 1876

Сталіца
Мова(ы) персідская
Афіцыйная мова персідская і чагатайская мова
Рэлігія іслам
Плошча
  • 220 000 км²
Насельніцтва
  • 2 000 000 чал.
Форма кіравання манархія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Какандскае ханства паўстала ў 1709 г. у выніку абвяшчэння незележнасці ад Бухарскай дзяржавы. Першым кіраўніком быў Шахрух-бій (1709—1721/1722 гг.), які быў правадыром-аталыкам узбекскага племені мінг. Ён усталяваў кантроль над некалькімі багатымі гарадамі Ферганскай даліны. Цэнтрам яго валоданняў стала крэпасць на месцы сучаснага Каканда. Яго сын Абдурахім-бій (1722—1733 гг.) значна пашырыў тэрыторыю дзяржавы. Да 1740 г. мінгам падпарадкоўваўся Самарканд. Яго брат і прымач Абдукарым-бій (1733—1751 гг.) заснаваў горад Каканд.

Какандская дзяржава была значна ўмацавана ў час кіравання Эрдона-бія (1751—1769 гг.) і Нарбута-бія (1770—1798 гг.). Яны спынілі ўнутраныя разлады, пашырылі сетку ірыгацыйных збудаванняў, гандаль, увялі дробныя манеты. Для захавання бяспекі ад Ірана і Бухары яны былі вымушаны прызнаць падначаленасць дынастыі Цын і выплочвалі даніну Кітаю.

У 1800—1810 гг. валадаром Каканда быў ваяўнічы палітык Алім-бек, які ў 1805 г. прыняў тытул хана. Ён сфарміраваў наёмную армію і заваяваў значныя тэрыторыі, у тым ліку Ташкент. Яго спадкаемцы падначалілі суседнія землі сучаснага Таджыкістана, Кыргызстана, паўднёва-усходняга Казахстана. Нягледзячы на моцны землятрус 1823 г. і эпідэмію халеры 1828—1829 гг., яны працягвалі развіваць ірыгацыю і земляробства, вырошчванне такіх камерцыйных культур як бавоўнік, клешчавіна, пшаніца. Спробы какандскіх ханаў падначаліць казахскія плямёны, залежныя ад Расійскай імперыі, скончылася няўдачай.

У 1840 — 1860-ых гг. Какандскае ханства ахапілі ўнутраныя войны за пасад. У 1842 г. Каканд нават быў часова захоплены бухарцамі. У гэтай сітуацыі ўзвысілася кіргізскае племя кыпчакоў. У 1853 г. адзін з яго правадыроў Мусульманкул быў зрынуты, а 20 тысяч яго супляменнікаў пакараныя смерцю. У далейшым значную ролю адыгрываў яго першасны стаўленік Худаяр-хан, які тройчы займаў прастол. Паслабленне Какандскага ханства ў сваіх мэтах выкарыстала Расія. З 1856 г. яна адкрыта прыцягвала на свой бок правадыроў казахскіх і кіргізскіх плямёнаў, падначаленых Каканду. У 1854 г. расійская армія захапіла землі ўздоўж ракі Ілі, у 1862 г. — Чуйскую даліну, у 1865 г. — Ташкент. У 1868 г. Худаяр-хан быў вымушаны заключыць гандлёвы дагавор, які гарантаваў значныя прывілегіі расійскім купцам.

Спусташальныя войны, страта земляў і гандлёвых мыт вымусілі Худаяр-хана павялічыць падаткі і адпрацоўкі для падтрымання ірыгацыйных збудаванняў і базараў. Гэта, а таксама сталае умяшанне рускіх ва ўнутраныя справы прывяло да некалькіх моцных паўстанняў. У 1875 г. паўстанцы авалодалі Какандам і абвясцілі манархам сына Худаяра, Насрадзіна. Сам Худаяр збёг у Расію, а яго войска перайшло на бок паўстанцаў. Насрадзін заключыў з Расіяй мірнае пагадненне, што абмяжоўвала яго знешнюю палітыку. Аднак у студзені 1876 г. Аляксандр II прыняў рашэнне аб ліквідацыі Какандскага ханства. Расійская армія заняла Каканд. Тэрыторыя ханства была анэксавана.

Кіраванне правіць

Какандскае ханства было манархічнай дзяржавай. Манархі мелі розныя тытулы, але з 1805 г. найчасцей прымалі тытул хана. Улада манарха абмяжоўвалася радай, у склад якой уваходзілі буйныя чыноўнікі і глава мусульманскіх святароў. Паліцэйскія функцыі выконвалі вартаўнікі-курбашы. Меліся наглядчыкі за паводзінамі мух-тасіб, што сачылі за захаваннем шарыяту. Сталая армія была невялікай, падпарадкоўвалася мінг-башы (літаральна, правадыром тысячы мінгаў). Падчас ваенных дзеянняў яна пашыралася за лік апалчэнцаў і наёмнікаў.

Адміністрацыю на месцах узначальвалі спадчынныя бекі і прызначаныя ханам хакімы. Асаблівае месца займаў намеснік Ташкента, які меў тытул найвышэйшага бека беклар-бегі. У малых населеных пунктах адміністрацыю складалі старэйшыны-аксакалы. Судовая ўлада належала прызначаным суддзям казі на чале казі-калон.

Літаратура правіць

  • Очерки по истории государственности Узбекистана. / Отв. ред. Д. А. Алимова, Э. В. Ртвеладзе. — Ташкент: Шарк, 2001. — С. 104—105

Спасылкі правіць