Каласы пад сярпом тваім

гістарычны раман Уладзіміра Караткевіча (1965)

«Каласы пад сярпом тваім» — гістарычны раман Уладзіміра Караткевіча.

Каласы пад сярпом тваім
Жанр гістарычны раман
Аўтар Уладзімір Караткевіч
Мова арыгінала беларуская
Дата першай публікацыі 1965
Асобнае выданне 1968
Выдавецтва Полымя

Адзін з найбольш значных для беларускай літаратуры твораў. У гэтай кнізе, якую многія называюць галоўнай у творчасці пісьменніка, узноўлена шырокая панарама жыцця народа, перададзена атмасфера ў грамадстве напярэдадні паўстання 1863 года. Падзеі рамана адбываюцца пераважна ў 1850—1861 гадах, тым не менш пісьменніку ўдалося пры дапамозе ўласных разважанняў і выказванняў герояў ахапіць у ім падзеі амаль стагоддзя і агулам асэнсаваць лёс Беларусі ў гістарычным кантэксце. Аўтару ўдалося адзначыць прычыны паўстання і яго асаблівасці. Караткевіч паказаў, што яно мела нацыянальна-вызваленчы характар[1][удакладніць: камент.].

Гісторыя твору правіць

 
Уладзімір Караткевіч.

Упершыню надрукаваны ў часопісе «Полымя» ў 1965 годзе ў № 2-6. Асобным выданнем — у 1968 годзе ў Мінску.

Паводле задумы раман меў змяшчаць 3 часткі: «Усход (Сяйва дня)», «Брань» і «Вараннё (Галгофа)». У першай частцы аўтар збіраўся паказаць пярэдадне паўстання 1863—1864 гадоў, у другой — само паўстанне, а ў трэцяй — яго разгром. Але першая кніга была выдадзена пад назваю «Выйсце Крыніц» і пры выданні падзелена на дзве. Другая кніга выйшла пад назвай «Сякера пры дрэве».

Мае прысвячэнне «Маёй маці. Кожнай беларускай маці, — прысвячаю» і біблейскі эпіграф з Матфея. З другой кнігі было напісана толькі 2 раздзелы, якія пры жыцці пісьменніка не друкаваліся. Першы надрукаваны ў часопісе «Полымя», 1989, № 1. Другая кніга мае эпіграф з паслання Святога Паўла да эфесцаў. Пісьменнік збіраўся скончыць твор, пра што сведчаць дзённікавыя запісы.

Мастацкія асаблівасці правіць

 
Кастусь Каліноўскі (1838—1864), адна з дзеючых асоб твора.

Раман апісвае станаўленне беларускай нацыі, паказваючы тры пакаленні шляхецкай сям’і Загорскіх. Галоўным героем ёсць Алесь Загорскі, чыё станаўленне і развіццё апісваецца ад 11 да 20 гадоў. Таксама апісаны высакародныя сем’і Раўбічаў і Клейнаў, памешчыкі Кроер, Таркайлы і іншыя, сялянская сям’я Кагутоў, паўстанцы Чорны Война і Корчак, сябры Алеся з Віленскай гімназіі і Пецярбургскага ўніверсітэта: Кастусь і Віктар Каліноўскія, Усяслаў Грыма, Мсціслаў Маеўскі ды іншыя. З гістарычных персанажаў прысутнічаюць, акрамя Кастуся і Віктара Каліноўскіх, Ізмаіл Сразнеўскі, Тарас Шаўчэнка, Пётр Валуеў, з падзей: дзейнасць «Агула», адмена прыгоннага права і іншыя.

Раман змяшчае апісанні беларускіх абрадаў, звычаяў, шмат фальклорнага матэрыялу, у прыватнасці легенда аб белым жарабяці становіцца сімвалічным лейтматывам твора.

Матэрыял прадстаўлены ў храналагічнай паслядоўнасці з нешматлікімі часовымі зваротамі (успамінамі герояў ці гісторыямі іх жыцця). Таксама ў кампазіцыі рамана прысутнічаюць тры фрагменты мэтанаратыўнага характару і вершы, якія складае галоўны герой.

Героі правіць

Загорскія правіць

Алесь Загорскі — галоўны герой рамана. На пачатку рамана яму 11 гадоў і апісваецца ён так:

  Чацвёрты быў зусім непадобны на іх. Больш тонкі. Цёмны скурай. З простым носам, як астатнія тры, але з крутымі ноздрамі. Са спакойным, не па-дзіцячаму цвёрдым ротам.

Ён і сядзеў неяк больш вольна і лёгка. Каштанавыя, вельмі іскрыстыя пад сонцам валасы гэтага хлопца ляжалі буйнымі хвалямі. Цёмна-шэрыя шырокія вочы спакойна глядзелі на імклівую плынь Дняпра.

 

Паходзіць з багатага княжацкага роду Загорскіх, але па шляхецкай традыцыі дзядзькавання з 4 год выховаўся ў сялянскай сям'і, што моцна паўплывала на яго светапогляд. У 11 год вярнуўся у сям'ю, атрымаў класічную для дваран хатнюю адукацыю: вывучыў нямецкую, французскую, рускую мовы. Сябраваў з Кастусём Каліноўскім. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, а потым у Пецярбургскім універсітэце.

Пан Юры — бацька Алеся.

Пані Антаніда — маці Алеся.

Вацлаў — малодшы брат Алеся, год. Па загаду дзеда Вежы быў ахрышчаны ў касцёле, бо звычайна прадстаўнікі двух канфесій сварацца, таму ён палічыў добрай ідэяй, што два браты будуць розных вер.

Вежа — дзед Алеся

  Пышны і магутны абломак старасвеччыны, ён згасаў, абкружаны мастацтвам, паркамі, дзівоснай скульптурай і музыкай.

Яму нічога не было патрэбна. Ён ведаў людзей. Ён ведаў свет.

 

Кагуты правіць

Сям'я, якая выхоўвала Алеся. Прыгонныя Загорскіх, але потым атрымалі волю па просьбе Алеся.

Міхал — бацька,

Стафан — старэйшы сын, 17 год.

Павал Кагут — сябра Алеся, аднаго з ім узросту.

Кандрат і Андрэй — блізнюкі, 15 год.

Юрась Кагут — хлопчык, 8 год

Янька Кагут — дзяўчынка, 6 год

Дзед

Марыля — маці.

Раўбічы правіць

Майка (Міхаліна) — каханая Алеся. Яны пазнаёміліся на ягоным першым балі.

Франс — брат Майкі.

Пан Яраш — бацька Майкі.

Пераклады правіць

Раман «Каласы пад сярпом тваім» неаднаразова перакладаўся на ўкраінскую і рускую мовы.[2]

Пераклады на ўкраінскую правіць

  • Твори: у 2 т. — К.: Дніпро, 1991. Т. 2: Колосся під серпом твоїм / пер. з білорус. В. Чайковський, К. Скрипченко. — 668 с. В337921/1-2

Цікавы факт правіць

Раман «Каласы пад сярпом тваім» — адзіная кніга, якая была надрукаваная ў Беларусі шрыфтам Брайля.[3]

Зноскі

Літаратура правіць

  • Іўчанкаў В. І. Метафара як сродак мастацкай вобразнасці ў рамане У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» / В. І. Іўчанкаў // Весці АН БССР. Серыя грамад. навук. — Мінск, 1987. — № 6. — С. 109—115.
  • Анатоль Верабей. Проблема историзма в прозе Владимира Короткевича. практ. конф., Минск, 19 апр. 2011 г. — Минск: РИВШ, 2011. — С. 102—108.
  • Беларуская дзіцячая літаратура / пад агул. рэд. А. М. Макарэвіча, М. Б. Яфімавай. – Мінск : Вышэйшая школа, 2008