Канверт з арыгінальнай маркай

Канве́рт з арыгіна́льнай ма́ркай — паштовы канверт з прадугледжанай, папярэдне надрукаванай камемарацыйнай маркай, якая служыць знакам паштовай аплаты. Адносіцца да суцэльных рэчаў і з'яўляецца прадметам калекцыяніравання. Пад гэтай філатэлістычнай назвай пазначаюць від паштовага канверта, звычайна ілюстраванага, на якім у якасці знака паштовай аплаты надрукавана выява маркі, якая самастойна не выпускалася. Такім чынам, гэтая марка з'яўляецца арыгінальнай, бо асобна ад такога канверта не існуе. Як правіла, марка ўжо мае кошт, дастатковы для адпраўкі пісьма, але пры неабходнасці можна наляпляць дадатковыя паштовыя маркі.

Канверт з арыгінальнай маркай Беларусі 2016 г., прысвечаны Дню беларускага пісьменства ў Рагачове.

Ад мастацкага маркіраванага канверта адрозніваецца тым, што надрукаваная на ім марка з'яўляецца ўнікальнай (арыгінальнай, г. зн. уласцівай толькі канкрэтнаму канверту адзін раз у гісторыі), а не выкарыстоўваецца руцінна на працягу многіх гадоў пры выпуску разнастайных канвертаў.