Канстанцін Вікенцьевіч Хруцкі

герой руска-турэцкай вайны 1877-1878 гадоў

Канстанцін Вікенцьевіч Хруцкі (18 (6) студзеня 1855, Корачын, Слонімскі павет, Расійская імперыя14 лютага 1969, Новарасійск, СССР) — вайсковец Рускай імператарскай арміі, апошні ўдзельнік руска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў[1].

Канстанцін Вікенцьевіч Хруцкі
Дата нараджэння 18 студзеня 1855(1855-01-18)
Месца нараджэння Корачын, Слонімскі павет, Гродзенская губерня, Расійская імперыя
Дата смерці 14 лютага 1969(1969-02-14) (114 гадоў)
Месца смерці Новарасійск, Краснадарскі край, РСФСР, СССР
Альма-матар
Род войскаў пяхота
Званне старшы унтэр-афіцэр
Бітвы/войны Руска-турэцкая вайна (1877—1878)
Узнагароды і званні
Георгіеўскі крыж 3 ступені
Георгіеўскі крыж 3 ступені
Георгіеўскі крыж 4 ступені
Георгіеўскі крыж 4 ступені
Ордэн «Знак Пашаны»
Медаль «40 гадоў Узброеных Сіл СССР»
Медаль «40 гадоў Узброеных Сіл СССР»
Ордэн Георгія Дзімітрава
Ордэн Георгія Дзімітрава

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў шматдзетнай беларускай сям’і арандатара Вікенція Хруцкага. Дзяцінства правёў у вёсцы, падлеткам збег у Вільню, дзе скончыў трохгадовае пачатковае вучылішча. У 1873 годзе паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю.

У дваццаць гадоў быў прызваны ў Рускую імператарскую армію, служыў у Праабражэнскім лейб-гвардыі палку. Удзельнічаў у бітвах руска-турэцкай вайны, вызваленні Варны, штурме крэпасці Плеўна, вызначыўся пры абароне перавалу на Шыпцы. За адвагу ў баях за Шыпку старшага унтэр-афіцэра Хруцкага ўзнагародзілі Георгіеўскім крыжам  (руск.) 4-й ступені, а за Плеўну — крыжам 3-й ступені.

Пасля дэмабілізацыі ў 1881 годзе працягнуў вучобу ў семінарыі, якую скончыў у 1885 годзе. Наступныя трыццаць гадоў настаўнічаў у вёсках на Гродзеншчыне.

Падчас Першай сусветнай вайны эвакуяваўся з сям’ёй у Маскву, стаў членам РСДРП, прымаў удзел у падзеях Кастрычніцкай рэвалюцыі. Пасля рэвалюцыі ўваходзіў у склад атрадаў самааховы, арыштоўваў былых гарадавых і жандармаў.

У 1919 годзе Канстанцін Хруцкі быў арыштаваны Калчакаўскім урадам у Омску і за рэвалюцыйную дзейнасць прысуджаны да расстрэлу. Аднак штурм горада Чырвонай арміяй не дазволіў выканаць прысуд[2].

У 1923 годзе ён пасяліўся ў Новарасійску, працаваў прыёмшчыкам каменя і электраматарыстам на цаментным заводзе. У час Другой сусветнай вайны эвакуяваўся ў Крым, пасля вайны вярнуўся ў Новарасійск і некаторы час пражыў у склепе сваёй разбуранай хаты.

Пасля вайны да Хруцкага прыйшла вядомасць — у газетах з’явіліся нататкі пра подзвігі апошняга ўдзельніка руска-турэцкай вайны. У верасні 1955 года ветэрана запрасілі ў Балгарыю, дзе ўчынілі яму прыём на дзяржаўным узроўні, падарылі адмыслова пашытую форму балгарскага апалчэнца і ўзнагародзілі ордэнам Дзімітрава — вышэйшай дзяржаўнай узнагародай Балгарыі.

У 1960 годзе ён зноў наведаў Балгарыю, а ў студзені 1961 года пабываў у роднай вёсцы. Памёр на 115 годзе жыцця, спачуванні жонцы Хруцкага накіраваў асабіста Тодар Жыўкаў — першы сакратар ЦК Балгарскай камуністычнай партыі.

Дакладнасць звестак правіць

Паколькі ўсе звесткі пра жыццё Канстанціна Хруцкага вядомы толькі з яго аўтабіяграфіі, ставіцца пад сумнеў яго ўдзел у руска-турэцкай вайне[2]. Яго імя адсутнічае ў «Спісе ніжніх чыноў Лейб-гвардыі Праабражэнскага палка, ганараваных знакамі адрознення Ваеннага ордэна на працягу вайны з туркамі ў 1877—1878 гг.», невядомы нумар ягонага Георгіеўскага крыжа.

Згодна з успамінамі дырэктара Новарасійскага гарадскога музея Аляксандра Дзмітрыева, аднойчы яму перадалі гадзіннік, які Хруцкі атрымаў за фарсіраванне Дуная каля Зімніцы 15 чэрвеня 1877 года. Аднак гадзіннік апынуўся савецкай вытворчасці. Пасля гэтага экспазіцыя пра героя была прыбрана[3].

Праабражэнскі лейб-гвардыі полк, у якім служыў ветэран, не ўдзельнічаў ні ў вызваленні Плеўны, ні ў абароне Шыпкі. Больш за тое, рускія войскі ўвайшлі ў Варну ўжо пасля падпісання Сан-Стэфанскага міра і спынення вайны з Турцыяй.

Па словах Хруцкага, яго бацька пражыў 112 гадоў, дзед — 124 гады, прадзед — 133 гады, а старэйшы брат Іосіф загінуў падчас Другой сусветнай вайны на 106-м годзе жыцця[1][2].

Зноскі

  1. а б Дзімітр Шумілаў. Апошняя сустрэча з легендарным героям (руск.) // «Техника — молодёжи» : журнал. — 1978. — № 3. — С. 21.
  2. а б в 18 студзеня 2015 г. – 160 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Вікенцьевіча Хруцкага (1855–1969), ваеннага дзеяча, героя руска-турэцкай вайны 1877–1878 гг. — Івацэвіцкая раённая бібліятэка імя П. Пестрака, 26 студзеня 2015. (бел.)
  3. Сяргей Новікаў. На Шыпцы яму цалавалі рукі. (руск.) // Новороссийские вести : газета. — Новарасійск, 11 кастрычніка 2008. — № 85 (486). — С. 4-5.

Літаратура правіць