Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя

палітычная партыя Расійскай імперыі

Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты, Партыя «Народнай свабоды») — палітычная партыя ў Расіі ў пачатку XX стагоддзя.

Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя
руск.: Конституционно-демократическая партия
Выява лагатыпа
Лідар Павел Мілюкоў[d]
Заснавальнік Павел Мілюкоў[d]
Дата заснавання 18 (31) кастрычніка 1905
Дата роспуску 28 лістапада (11 снежня) 1917
Штаб-кватэра
Краіна
Ідэалогія сацыял-лібералізм, парламенцкая сістэма[d], канстытуцыяналізм[d] і палітычны плюралізм[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Арганізацыйна аформлена падчас рэвалюцыі 1905—1907 гадоў. Заняла месца на левым флангу расійскага лібералізму. Склалася з арганізацый «Саюза вызвалення» і «Саюза земцаў-канстытуцыяналістаў». Устаноўчы з’езд кадэтаў адбыўся ў кастрычніку 1905 года. Ён залажыў асновы арганізацыйнай структуры партыі, прыняў праграму і статут, абраў Цэнтральны камітэт. На 2-м з’ездзе ў студзені 1906 адбылося канчатковае канстытуіраванне партыі. Прынята рашэнне дадаць да асноўнай назвы партыі «канстытуцыйна-дэмакратычная» словы "партыя «народнай свабоды», абраны новы склад ЦК, унесены змены ў праграму і статут. Асноўная маса мясцовых арганізацый кадэтаў узнікла ў перыяд рэвалюцыі 1905—1907 гадоў. У гэты час было 50—60 тыс. членаў партыі.

3 1905 па 1917 гады адбылося 10 з’ездаў партыі. ЦК партыі кадэтаў склаўся з Пецярбургскага і Маскоўскага аддзелаў і выбіраўся агульным з’ездам партыі тэрмінам на 1 год. У губернях ствараліся губернскія камітэты, якія выбіраліся губернскімі з’ездамі партыі. У сваю чаргу губернскія камітэты мелі права ствараць гарадскія, павятовыя і вясковыя камітэты. Вядучую ролю ў партыі кадэтаў адыгрывалі Павел Д. і Пётр Д. Даўгарукавы, П. М. Мілюкоў, П. Б. Струве, І. І. Петрункевіч, А. Л. Шынгароў, М. В. Сабашнікаў і інш.

У 19081909 гадах у Расійскай імперыі дзейнічалі 33 губернскія, 42 павятовыя камітэты. У 19121914 гадах камітэты існавалі ў 29 губернскіх і 32 павятовых гарадах. Членаў партыі было каля 10 тыс. У Першую сусветную вайну ў Расійскай імперыі дзейнічала 26 губернскіх, 13 гарадскіх і 11 павятовых арганізацый. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года пачаўся працэс адраджэння мясцовых арганізацый. У сакавіку—красавіку ў краіне дзейнічала 380 камітэтаў, колькасць членаў партыі вырасла да 80—100 тыс. чал.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі кадэты першымі з усіх палітычных партый Расіі склікалі свой з’езд (за 8 месяцаў 1917 адбыліся 4 з’езды партыі). Яны былі адзінай, акрамя РСДРП(б), буйной агульнарасійскай партыяй, якая праіснавала да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года без расколу. Пасля стварэння Часовага ўрада кадэты фактычна сталі правячай партыяй у Расіі, спярша самастойна, а потым у кааліцыі з эсэрамі і меншавікамі. Палітычная эвалюцыя партыі кадэтаў да кастрычніка 1917 прывяла іх да прыняцця ідэі моцнай улады, ваеннай дыктатуры. Пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі дэкрэтам СНК РСФСР ад 28 лістапада (11 снежні) 1917 года партыя кадэтаў была аб’яўлена па-за законам. Кадэты падтрымалі белагвардзейскія ўрады Дзянікіна, Калчака і Урангеля. Пасля іх разгрому ў 1920 годзе партыя кадэтаў спыніла сваё існаванне ў Расіі. Многія яе кіраўнікі і члены апынуліся ў эміграцыі.

Афіцыйнымі друкаванымі органамі партыі былі газета «Речь» (тыраж 12—20 тыс. экз.) і штотыднёвік «Вестннк партии народной свободы» (выдаваўся ў 19061908 гадах, адноўлены ў 1917).

Дзейнасць на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў правіць

На тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў ў 1905—06 арганізацыі кадэтаў існавалі ў Магілёве і Пінску. У 1907 годзе яны распаліся, невялікія гурткі засталіся ў Мінску, Вільні, Віцебску. Пасля паражэння рэвалюцыі 1905—1907 гадоў колькасць мясцовых арганізацый зменшылася. На Беларусі ў маі 1917 года налічвалася 7 арганізацый, у чэрвені — 10, ліпені — 13, жніўні — 18. Да канца восені 1917 года на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў існавала больш за 30 арганізацый. Яны актыўна дзейнічалі ў Мінску, Віцебску, Магілёве, а таксама ў 18 павятовых гарадах і 10 населенных пунктах (Бабруйск, Быхаў, Гарадок, Горкі, Дзвінск, Клімавічы, Люцын, Мазыр, Невель, Орша, Полацк, Рагачоў, Рэжыца, Рэчыца, Слуцк, Сянно, Чавусы)[1]. У жніўні 1917 года на Беларусі і Заходнім фронце кадэты былі аб’яднаны ў адзіную арганізацыю, якой кіраваў кадэцкі краявы цэнтр.

Сацыяльнай апорай кадэтаў на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў скалдалі прадстаўнікі заможных гарадскіх пластоў: гласныя земстваў і гарадскіх дум, служачыя Усерасийскага земскага саюза і Усерасійскага саюза гарадоў, чыноўнікі, юрысты, урачы і іншыя прадстаўнікі «цэнзавай» грамадскасці. У Гомелі сярод канстытуцыйных дэмакратаў было шмат стараабраднікаў. У сельскай мясцовасці апорай кадэцкай партыі былі памешчыкі. Але, як і ў гады Першай расійскай рэвалюцыі, кадэты спрабавалі прыцягнуць у свае шэрагі сялянства. Сялянскай была арганізацыя КДП у Галянёўскай воласці Чавускага павета. У Невельскім павеце кадэцкія кружкі меліся ў 7 валасцях. З нацыянальных меншасцей моцныя пракадэцкія настроі былі ў яўрэяў, асабліва ў Віцебску, Гарадку. Адчувалі канстытуцыйныя дэмакраты надзею і на латышскае насельніцтва Віцебскай губерні. Паколькі па тэрыторыі Беларусі праходзіў Заходні фронт, то рады кадэтаў папаўнялі таксама афіцэры. Ваенныя фракцыі былі створаны пры Мінскім і Магілёўскім аддзелах КДП.

Як правіла, колькасць членаў у арганізацыях кадэцкай партыі на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў была невялікай і вылічалася некалькімі дзясяткамі чалавек. Хаця некаторыя аддзелы КДП былі значнымі: Горацкі — 150, Гарадоцкі — каля 200, у Невельскім павеце — 600 чалавек (з іх 300 пражывалі ў сельскай мясцовасці)[2].

Кадэты ладзілі лекцыі і мітынгі, на якіх тлумачылі свае адносіны да дзяржаўнага ладу і кіравання, іншым палітычным партыям, абмяркоўвалі праекты вырашэння аграрнага, рабочага і нацыянальнага пытанняў. Для вядзення прапаганды запрашаліся і сябры ЦК. Напрыклад, у пачатку лета 1917 г. заходнія губерні наведаў П. М. Мілюкоў. Агульная палітыка КДП вырабілася на ўсерасійскіх з’ездах, удзельнікамі якіх былі і беларускія кадэты. Варта адзначыць, што па шэрагу праграмных пытанняў яны былі радыкальнейшыя за партыйнае кіраўніцтва.

Сацыяльны склад партыі. Электарат правіць

У партыю кадэтаў уваходзілі прадстаўнікі інтэлігенцыі, частка памешчыкаў, сярэдняя гарадская буржуазія. У рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у мясцовыя партыйныя арганізацыі ўваходзілі і прадстаўнікі сацыяльных нізоў: рабочыя, рамеснікі, служачыя, сяляне.

Пасля перамогі Лютаўскай рэвалюцыі змяніўся сацыяльны склад партыі. У яе ўвайшлі члены памешчыцка-манархічных партый і арганізацый «Саюза 17 кастрычніка», партыі прагрэсістаў і інш. Фактычна партыя кадэтаў ператварылася ў цэнтр усіх дэмакратычных палітычных арганізацый і груповак. Кадэты актыўна дзейнічалі ў перыяд выбарчых кампаній у Дзяржаўную думу Расійскай імперыі. Іх праграму на Беларусі ў гэты час прапагандавалі газеты «Витебская жизнь», «Могилёвский голос», «Новая заря», «Свободное слово» і інш. У I-й Дзяржаўнай думе з 36 дэпутатаў ад 5 беларуска-літоўскіх губерняў (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай) 10 належалі да партыі кадэтаў.

Мэты і задачы правіць

Найбольш аптымальным варыянтам грамадскага прагрэсу кадэты лічылі капіталізм. Выступалі супраць гвалтоўных сацыяльных пераваротаў, за эвалюцыйнае развіццё грамадства. Патрабавалі замены неабмежаванага самадзяржаўнага рэжыму канстытуцыйна-парламентарнай манархіяй англійскага тыпу. Праводзілі ідэю аб падзеле заканадаўчай, выканаўчай, судовай улад, патрабавалі стварэння адказнага перад парламентам урада, рэформы суда і мясцовага самакіравання. Выступалі за ўвядзенне ў Расійскай імперыі ўсеагульнага выбарчага права, ажыццяўленне дэмакратычных свабод — сумлення, слова, друку, сходаў, саюзаў і інш. Лічылі, што Расія павінна быць унітарнай дзяржавай з правам культурна-нацыянальнага самавызначэння для ўсіх народаў, што насяляюць імперыю, — выкарыстаннем нацыянальнай мовы ў школе, судзе, вышэйшых навучальных установах, захаваннем і развіццём літаратуры і культуры кожнага народа. У аграрным пытанні кадэты прапаноўвалі надзяліць зямлёй беззямельных і малазямельных сялян за кошт дзяржаўных, удзельных, манастырскіх зямель, а таксама часткі памешчыцкіх зямель, якія павінны адчужацца за выкуп. Кадэты распрацавалі праграму фінансавых і эканамічных рэформаў, вырашэння сацыяльных праблем, развіцця адукацыі і г.д.

VII з’езд партыі кадэтаў унёс змены ў праграму партыі: замест канстытуцыйнай манархіі прызнаў неабходным устанаўленне ў краіне дэмакратычнай рэспублікі. Састаўнымі часткамі праграмы кадэтаў пасля лютага 1917 была ліквідацыя двоеўладдзя, скліканне пасля заканчэння вайны Устаноўчага сходу, які павінен прыняць канстытуцыю, вырашыць пытанне аб дзяржаўным ладзе і правесці неабходныя для развіцця краіны сацыяльна-эканамічныя рэформы. Галоўнай перашкодай на шляху дэмакратыі кадэты лічылі Саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў.

Зноскі

  1. Лавринович, Д. С. Деятельность конституционно-демократической партии и «Союза 17 октября» в Беларуси (1905—1918 гг.): монография / Д. С. Лавринович. — Могилев: Издательский центр МгГУ, 2009. — 335 с.: ил., табл. — С. 233—236. — ISBN 978-985-480-575-7.
  2. Лавринович, Д. С. Деятельность конституционно-демократической партии и «Союза 17 октября» в Беларуси (1905—1918 гг.)… — С. 237.