Канцэрагены, бластамагены — рэчывы або фізічныя агенты, здольныя выклікаць утварэнне злаякасных пухлін ці садзейнічаць іх узнікненню з нармальнай тканкі. Да канцэрагенаў адносяць розныя хімічныя злучэнні (азотфарбавальнікі, араматычныя аміны, азбест, нітразаміны), фізічныя фактары (іанізуючае выпраменьванне), некаторыя біялагічныя агенты (анкагенныя вірусы, метабаліты трэптафану, стэроідныя гармоны).

Канцэрагеннае ўздзеянне звязана з хімічнай актыўнасцю і электроннай структурай пэўнай часткі малекул, якая ўтварае комплексы з некаторымі кампанентамі клеткі (нуклеінавыя кіслоты, бялкі).

Канцэрагенны падзяляюцца на 3 групы:

  • канцэрагены мясцовага дзеяння,
  • канцэрагены арганатропныя (выклікаюць пухліны ў пэўных органах),
  • канцэрагены множнага дзеяння (выклікаюць розныя пухліны ў розных органах).

Эфект залежыць ад дозы, працягласці ўплыву, стану рэактыўнасці арганізма, здольнасці тканак ці органаў назапашваць (дэпаніраваць) рэчыва. Новаўтварэнні ўзнікаюць праз 1/5-1/7 працягласці жыцця арганізма (у чалавека 15-20 гадоў, у мышэй 4-6 месяцаў).

Многія канцэрагены маюць мутагенныя ўласцівасці. Папярэджанне ўздзеяння канцэрагенаў на арганізм заснавана на прадухіленні забруджвання паветра, вады, ежы, глебы прамысловымі адкідамі, недапушчэнні канцэрагенных прымесяў у ежы і пітной вадзе, ажыццяўленні прафілактычных мер у галіне прафесіянальнай, камунальнай і асабістай гігіены.

Літаратура правіць