Капліца-пахавальня Прушынскіх

Лошыца

Капліца-пахавальня Прушынскіх — колішняя капліца на тэрыторыі Лошыцкай сядзібы (цяпер у межах Мінска). Пабудавана ў 1788 г. і кансекраваная пад тытулам Найсвяцейшай Дзевы Марыі[1]. Тут былі пахаваны многія пакаленні ўладальнікаў маёнтка з роду Прушынскіх[2]. Капліца-пахавальня захавалася ў руінах.

Славутасць
Капліца-пахавальня Прушынскіх
Рэшткі капліцы-пахавальні Прушынскіх
Рэшткі капліцы-пахавальні Прушынскіх
53°51′09″ пн. ш. 27°34′34″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Канфесія каталіцтва
Заснавальнік Юзаф Прушынскі
Дата заснавання 1769
Дата пабудовы 1769 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000266шыфр 712Г000266
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

 
«Лошыца, сядзіба Прушынскіх за паўмілі ад Мінска», акварэль Ю. Пешкі, пачатак ХІХ ст.
 
Капліца Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пачатак XX ст.

Ініцыятарам будаўніцтва ў Лошыцы каменнага касцёла, кансэкраванага пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, верагодна, быў Юзаф Прушынскі. Архітэктурна-стылістычныя характарыстыкі вонкавага выгляду святыні, сведчанні пра месца яе знаходжання і іншыя звесткі, запісаныя ў першых вядомых інвентарах 1769 і 1772 гг., дазваляюць датаваць будаўніцтва лошыцкага касцёла 1769 годам. Пасля пабудовы святыні жыхары маёнтка і вёскі, якія раней з’яўляліся парафіянамі ўніяцкай царквы ў Каралішчавічах, цэлымі сем’ямі пачалі пераходзіць у каталіцтва[3].

Станіслаў Ксаверый Прушынскі, сын Юзафа, які стаў уладальнікам Лошыцы ў 1779 г., правёў там шэраг будаўнічых работ, у тым ліку працы па рамонце і ўпрыгожанні святыні. Атрымаўшы дазвол ад Віленскага біскупа, у 1787 г. ён заснаваў пры касцёле алтарыю[3].

Адзін з нешматлікіх падрабязных інвентароў лошыцкага касцёла датаваны 1818 г.: «…Унутры касцёла сцены пашкоджаныя, па ўсім перыметры ад працякання амаль усе падгнілыя. Столь без скляпенняў, з дошак, падлога цагляная. Алтар толькі адзін на сцяне аптычным жывапісам намаляваны, у ім невялікі знаходзіцца абраз Найсвяцейшай Панны Марыі ў драўлянай раме. Вакол гэтага абраза ёсць чатыры таблічкі, або воты, невядома з якога металу. Менса каменная, ад сцяны аддзеленая для абходу, абрусам накрытая, на ёй знаходзіцца драўляны цыборый пафарбаваны. Збоку ёсць адна драўляная лаўка і драўляны канфесіянал. Касцёл без агароджы. Патрабуе значнай рэстаўрацыі…». Сярод рухомых рэчаў святыні ў інвентары пералічваюцца шэсць цынкавых вялікіх свяцільняў і дзве малыя, два крыжы — адзін «малы на табернакулюме» і адзін малы ў алтары, арнаты, старыя абрусы[3].

У рукапісных крыніцах да сярэдзіны ХІХ ст. будынак называўся касцёлам, але пазней складальнікі інвентарных апісанняў і іншых дакументаў сталі называць лошыцкі касцёл капліцай. У артыкуле пра Лошыцу, апублікаваным у «Польскім геаграфічным слоўніку» ў 1884 г., згадваецца «прыгожая капліца фундацыі Прушынскіх, узведзеная з каменю, у якой ужо шмат гадоў не праводзіцца богаслужэнне…»[4].

Пасля рэвалюцыі правіць

Пасля рэвалюцыйных падзеяў 1917 г. памешчыцкі маёнтак быў ператвораны ў адзін з найбуйнейшых навукова-даследчых цэнтраў Беларусі. 1 верасня 1920 г. маёнтак быў перададзены ў распараджэнне Мінскай універсітэцкай камісіі для Агранамічнага дзяржаўнага ўніверсітэта, а затым уласнікам Лошыцы стаў Беларускі інстытут сельскай гаспадаркі. Лошыцкую капліцу пачалі разбураць яшчэ ў канцы 1920-х гг. Сцвярджаецца, што не раней за канец 1930-х гг. было нават прынята рашэнне пра знос капліцы, але «пасля няўдала закладзенай узрыўчаткі будынак толькі страціў купальны дах. Наспех накрыўшы пашкоджаную забудову, новыя ўладальнікі зрабілі ў ёй склад сельскагаспадарчага інвентара».

Паводле аповедаў старажылаў, цела жонкі аднаго з апошніх уладальнікаў Лошыцы, Ядвігі Любаньскай, спачывала ў капліцы ў свінцовай труне, накрытай празрыстым векам і падвешанай на ланцугах, а калі Лошыцкай МТС спатрэбіўся свінец для акумулятараў, то капліцу спустошылі, косці выкінулі, а труну выкарысталі для гаспадарчых патрэбаў. Заадно паздымалі крыжы і разабралі купал, каб аслабіць культавы характар пабудовы. Зраўнялі з зямлёй могілкі, якія былі вакол капліцы[3].

У час Другой сусветнай вайны ў Лошыцы размяшчаўся нямецкі гарнізон і ў будынку былой капліцы немцы захоўвалі зброю. Па сведчанні А. В. Сямашкі, якая ў тыя гады жыла разам з бацькамі на тэрыторыі лошыцкай сядзібы, у апошнія дні чэрвеня 1944 г. немцы, адступаючы, узарвалі капліцу разам з боепрыпасамі, якія ў ёй захоўваліся[3].

Сучаснасць правіць

У сярэдзіне 1990-х гг. па ініцыятыве пробашча мінскага касцёла святых Сымона і Алены кс. Уладзіслава Завальнюка былі праведзеныя даследаванні руінаў капліцы. Архітэктар А. Малахоўскі выканаў праект яе рэстаўрацыі, але адсутнасць сродкаў і негатыўнае стаўленне гарадскіх уладаў да адраджэння лошыцкага касцёла ў яго першапачатковым статусе не дазволілі рэалізаваць праект. Пазней спецыялісты ААТ «Праектрэстаўрацыя» (навуковы кіраўнік Г. Левіна, аўтар праекта У. Старасцін, мастацтвазнаўца С. Адамовіч) распрацавалі праект кансервацыі руінаў лошыцкай капліцы[3].

Архітэктура правіць

Размешчана на высокім месцы з правага боку ўязной алеі, недалёка ад уязной брамы ў акружэнні дрэў хвоі чорнай (Pinus nigra)[2]. Мураваны будынак быў васьмігранным у плане, з шатровым дахам, які завяршаўся шлемападобным купалам на глухім барабане. Сцены атынкаваныя, аздоблены пілястрамі.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Старинные усадьбы Минского края / А. Т. Федорук ; [Под общ. рук. и предисл. Е.Будинаса]. — Мн.: ООО "Полифакт" : ООО "Лекция", 2000. — 415 с. — (Старинные усадьбы Беларуси). — 500 экз. — ISBN 985-6107-24-5.
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław—Warszawa—Kraków : Zaklad im. Ossolinskich Wyd-wo, 1991. — Cz. 1. — T. 1. — 352 s.