Капліца Святога Крыжа на Вавелі

Капліца Святога Крыжа, або Ягелонская капліца — адна з дзевятнаццаці капліц Вавельскага сабора пад тытулам Святога Крыжа і Святога Духа. Яна размешчаная ў заходняй частцы паўднёвага нефа. З 2008 года адкрыта для публікі.

Капліца
Капліца Святога Крыжа
Выгляд капліцы звонку
Выгляд капліцы звонку
50°03′16″ пн. ш. 19°56′06″ у. д.HGЯO
Краіна  Польшча
Кракаў Вавельскі сабор
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Тып будынка капліца
Архітэктурны стыль готыка
Заснавальнік Казімір IV Ягелончык
Будаўніцтва 14671477 гады
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

 
Капліца Святога Крыжа, А. Грыдлеўскі

Капліца была ўзведзена ў 14671477 гады па фундыцыі караля Казіміра IV Ягелончыка і першапачаткова служыла пахавальняй для яго і яго жонкі Эльжбеты Ракушанскай. Тады ж (у 1470) яна была пакрыта паліхромным роспісам, у ёй былі размешчаны два трыпціхі, лавы і надмагіллі караля і каралевы працы Віта Ствоша. У XVI стагоддзі фрэскі часткова перафарбавалі. У XVIII стагоддзі сцены былі пабелены, а таксама размешчана надмагілле біскупа Каэтана Солтыка.

Рэстаўрацыя капліцы, звязана з аднаўленнем першапачатковага выгляду паліхромнага роспісу, была праведзена ў 1870 годзе Ісідара Яблонскім, у 1904—1905 гг. Юліяна Макарэвічам, у 1947—1951 гг. Рудольфам Казлоўскім.

Архітэктура правіць

 
Гатычныя скляпенні

Капліца Святога Крыжа на Вавелі мае спічастыя арачныя сцены і нервюрныя гатычныя скляпенні, таму плоскасці, занятыя жывапісам, маюць вельмі складаныя абрысы.

Грабніца Казіміра IV Ягелончыка правіць

 
Надмагілле Казіміра IV Ягелончыка

Грабніца караля, якая займае вуглавую частку капліцы, выканана Вітам Ствошам і падпісана яго поўным імем. Побач з імем высечана дата «1492» — год смерці караля і адначасова год заканчэння працы над грабніцай, якая, па звычаі тых гадоў, была замоўлена яшчэ пры жыцці караля.

Грабніца складаецца з саркафага і полага, высечаных з каменя. На сценках саркафага В. Ствош таксама намаляваў плакальшчыкаў з розных пластоў грамадства, аднак яго скульптурныя фігуры насычаны ўжо не «трунным спакоем», а турботай і драматызмам зямнога жыцця.

Фрэскі правіць

Фрэскі, выкананыя ў 1470 годзе, нядрэнна захавалася. Як і ў люблінскім цыкле, тут ёсць кцітарскі надпіс, зроблены кірыліцай на старабеларускай мове, што сведчыць пра паходжанне майстроў з Беларусі. Гэта пацвярджаюць і польскія вучоныя В. Падляха, А. Ружыцка-Брыжак і іншыя даследчыкі[1][2][3].

Сюжэтныя сцэны захоўваюць тую ж заканамернасць размяшчэння, што ў люблінскай капліцы — ад трох да пяці ярусаў, адзін над другім. Апавяданне разгортваецца згодна з канонам — злева направа і пачынаецца з верняга яруса.

Лінія, якая была асноўным пластычным прыёмам люблінскага цыкла, заменена колеравым вырашэннем. Кампазіцыі шматфігурныя, твары акрэслены карычнева-чырванаватымі лініямі, а паўзверх ворхыстага тону карнацыі пакладзены прыцяненні, румяны і блікі святла.

 
Ягайла, невядомы мастак, 1475—1480

Па сваіх стылявых адзнаках вавельскі фрэскавы цыкл больш адзіны, чым люблінскі, хаця і тут можна распазнаць руку майстроў двух розных напрамкаў. Аднаму належаць дэкарацыі скляпенняў, кампазіцыі «Благавешчанне», «Абмыванне ног», «Тайная вячэра», «Маленне аб чашы», «Еўхарыстыя», «Распяцце», «Аплакванне», «Сашэсце ў пекла», «З'яўленне Хрыста жонкам-міраносіцам», «Успенне» і інш. У гэтых фрэсках мацней, чым у іншых, адчуваюцца традыцыі гатычнага жывапісу, што праявілася ў вострай экспрэсіі, у моцным выяўленні пакут.

Другому майстру належаць кампазіцыі «Суд першасвяшчэннікаў», «Суд Пілата», «Бічаванне» і інш., выканананыя больш спакойна, без экспрэсіўнасці, псіхалагічнай напружанасці і выразнасці ўнутранага стану, характэрных для папярэдняга. Фігуры анемічныя, хаця пададзены ў руху («Бічаванне»). Формы фігур больш масіўныя і грубыя.

Зноскі

  1. Podlacha W. Historia malarstwa polskiego. Lwow, 1914, s. 19, 85-109
  2. Różycka-Bryzek, Anna: Bizantyńsko-ruskie malowidła ścienne w kaplicy Świętokrzyskiej na Wawelu, s. 179—182
  3. Соболевский, А. И. Русские фрески в Старой Польше. / Акад. А. И. Соболевский. [М.]: [Т-во тип. А. И. Мамонтова, 1916]

Літаратура правіць

  • Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т.
  • Kuczman Kazimierz: Wzgórze Wawelskie. Przewodnik. Wydanie 2 Kraków 1988.
  • Rożek Michał: Krakowska katedra na Wawelu. Przewodnik dla zwiedzających. Wydanie 3 Kraków 1989.
  • Ludwikowski Leszek: Kraków i okolice. Przewodnik. Wydanie 3 uzup. Warszawa 1991. ISBN 83-217-2823-5

Спасылкі правіць