Мікеланджэла да Караваджа (італ.: Michelangelo Merisi de Caravaggio; сапраўднае імя Мікеланджэла Мерызі Караваджа) 29 верасня 1571, Мілан — 18 ліпеня 1610, Грасета, Таскана) — італьянскі мастак, рэфарматар еўрапейскага жывапісу XVII ст. Адзін з найбуйнейшых майстроў барока. Заснавальнік еўрапейскага рэалістычнага жывапісу («Лютніст», «Адпачынак па дарозе ў Егіпет»)

Караваджа
італ.: Michelangelo Merisi da Caravaggio
Фатаграфія
Партрэт Караваджа працы Атавіа Леоні, каля 1610 года
Імя пры нараджэнні італ.: Michelangelo Merisi[2]
Дата нараджэння 29 верасня 1571(1571-09-29)
Месца нараджэння
Дата смерці 18 ліпеня 1610(1610-07-18) (38 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Fermo Merixio[d]
Маці Lucia Aratori[d]
Род дзейнасці мастак
Жанр жанравы жывапіс[4], рэлігійны жывапіс[d][4] і нацюрморт[4]
Мастацкі кірунак Барока, рэалізм, «караваджызм»
Заступнікі Франчэска дэль Монтэ[d]
Уплыў Simone Peterzano[d]
Уплыў на Барталамеа Манфрэдзі
Клод Віньён
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфічныя звесткі правіць

Мікеланджэла Мерызі да Караваджа нарадзіўся ў невялікім мястэчку ў Ламбардзіі. Мастацкую адукацыю атрымаў у Мілане (1584—88). Ранні перыяд творчасці мастака (1590-ыя) звязаны з Рымам. Працаваў таксама ў Неапалі, на Мальце і Сіцыліі.

Гэта быў няўжыўчывы, тэмпераментны, незалежны чалавек, але мэтанакіраваны ў сваіх творчых пошуках, нягледзячы на ўсе складаныя перыпетыі жыцця. Ён вызначыў прынцыпы новага рэалістычнага мастацтва[5].

Творчасць правіць

У ранні перыяд творчасці мастака (1590-ыя) былі напісаны карціны «Лютніст», «Музыка» (абедзве 1595), «Гульцы» (1594—95), «Вакх» (каля 1595). Для гэтых і многіх іншых работ ранняга перыяду («Хлопчык з кошыкам садавіны», «Хлопчык, якога ўкусіла яшчарка», «Хворы Вакх») уласціва выяўленне не падзеі, а тыповасці вобраза, сітуацыі. Жывапісная манера вызначаецца выразнай пластычнасцю контураў і аб’ёмаў, рэзкім супастаўленнем танальных і колеравых плям. Невялікія палотны напісаны ўпэўненым мазком з амаль адчувальнай дакладнасцю дэталяў, яны запоўнены адной, радзей — дзвюма фігурамі, максімальна набліжанымі да пярэдняга плана.

 
«Лютніст» (1593-94)

Так, у рабоце «Лютніст» М. Караваджа з майстэрствам, падрабязна выяўляе лютню, ноты, садавіну, кветкі, сцвярджаючы перавагу непасрэднага ўспрыняцця жыцця праз яго пачуццёва-адчувалыныя формы. Нават паказваючы герояў біблейскіх паданняў, мастак не адыходзіць ад выбранага пластычнага і вобразнага рашэння. Работы «Укрыжаванне Пятра» (1601), «Нявер’е Фамы» (1603), «Прызванне апостала Матфея» (1599—1600), «Адсячэнне галавы Іаана Хрысціцеля» (1608) будуюцца па нязвыклых, нетрадыцыйных суадносінах форм, каляровых плямаў. Гэта, па сутнасці, жанравыя сцэны, героямі якіх з’яўляюцца звычайныя людзі. Свяшчэнныя падзеі паказаны проста, праўдзіва, а галоўнае — падкрэслена будзённа, быццам усё гэта мастак убачыў у паўсядзённым жыцці.

На карцінах паказаны звычайныя людзі, якія толькі аддалена нагадваюць біблейскіх персанажаў. Мастак свядома абыходзіць як патэтыку, узнёсласць, знешнюю вытанчанасць, уласцівую творам яго суайчыннікаў, так і некаторую фрывольную грубаватасць, тыповую для некаторых фламандскіх і галандскіх майстроў. 3 цягам часу ў работах М. Караваджа пачала дамінаваць драматычнасць светаўспрымання ў спалучэнні з жанравым вырашэннем твора.

 
«Палажэнне ў труну» (1602—04)

Паказваючы простых людзей, жыццё нізоў грамадства, мастак сцвярджаў разам з тым агульначалавечыя маральныя і этычныя ідэі. Прынцыпова важнымі ў гэтым плане з’яўляюцца дзве работы — «Палажэнне ў труну» (1602—04) і «Успенне Марыі» (1605—06). У іх паказана, па сутнасці, адна і тая ж сітуацыя — трагедыя смутку, аплакванне і пахаванне дарагога ўсім чалавека. Але напісаны карціны па-рознаму. «Палажэнне ў труну» па кампазіцыйнай пабудове ўяўляе сабой алтарную выяву (твор прызначаўся для рымскай царквы Санта-Марыя-ін-Валічэла) і ўвасабляе кульмінацыю падзеі. Трагічнасцю вее ад прасцёртага цела Хрыста, якое падтрымліваюць святыя Іаан і Нікадзім, ад ускінутых дагары ў немым крыку рук Марыі, барвовых сполахаў колераў адзення. Адсюль амаль скульптурнае вырашэнне твора. Буйныя фігуры ўдзельнікаў сцэны размешчаны на пярэднім плане, а нізкі гарызонт надае ім належную манументальнасць.

Калі ў дачыненні да работы «Палажэнне ў труну» можна выкарыстаць словы «рэпрэзентатыўнае выяўленне», то да «Успення Марыі» падыходзіць назва «антырэпрэзентатыўнае».[5] Паказальным з’яўляецца тое, што выява не была прынята заказчыкамі — рымскай царквой Санта-Марыя дэла Скала, якая не магла згадзіцца з празаічнай трактоўкай біблейскага сюжэта. Прасцёртая фігура Марыі, паказаная ў акружэнні апосталаў, падаецца без ідэалізацыі. Смерць яе напаткала такой, якой яна была, — у простым адзенні, басанож. Гэта смерць прасталюдзінкі ва ўсёй трагічнай раптоўнасці, без прыкрасы. У параўнанні з «Палажэннем у труну» глыбокае ўражанне ствараюць не велічнасць, манументальнасць выяўлення, а рэальнае адчуванне гора, няўцешнага смутку.

Познія творы М. Караваджа, такія як «Святы Іеранім» (1605—06), «Сем дзеянняў міласэрнасці», «Бічаванне Хрыста» (абедзве 1607), «Пахаванне святой Лучыі», «Усекнавенне галавы Іаана Хрысціцеля» (абедзве 1608), у большай ці меншай ступені былі акрэслены менавіта гэтымі асаблівасцямі.

Адносна кароткі, але плённы творчы шлях М. Караваджа, яго багатая мастацкая спадчына аказалі значны ўплыў на развіццё не толькі жывапісу, але і ўсёй культуры XVII ст. і наступных перыядаў. Творчасць М. Караваджа паўплывала на Рэмбранта, Рубенса, Д. Веласкеса. Рэалізм і жыццёвая пераканаўчасць твораў паслядоўнікаў мастака атрымалі ў далейшым назву «караваджызм».

Зноскі

Літаратура правіць