Ка́рлштэйн (чэшск.: Karlštejn, ням.: Karlstein, таксама Ка́рлаў-Тын, чэшск.: Karlův Týn) — гатычны замак у Чэхіі, пабудаваны імператарам Карлам IV у XIV стагоддзі за 28 км на паўднёвы захад ад Прагі. Для яго ўпрыгожвання былі запрошаны лепшыя прыдворныя майстры, гэта была адна з самых прадстаўнічых крэпасцей, якая прызначалася для захоўвання чэшскіх каралеўскіх рэгалій, імператарскіх інсігній і рэліквій, сабраных Карлам IV. Замак пабудаваны на тэрасах 72-метровай вапнавай скалы над ракой Бераўнка[3].

Славутасць
Карлштэйн
49°56′22″ пн. ш. 14°11′17″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль Гатычная архітэктура Чэхіі[d]
Архітэктар Мацьё Араскі і Ёсеф Моцкер[d]
Дата заснавання 1348
Сайт hrad-karlstejn.cz
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Замак Карлштэйн з вышыні птушынага палёту

У гады праўлення Карла IV замак Карлштэйн зрабіўся не толькі важным цэнтрам Свяшчэннай Рымскай імперыі, але і свайго роду сімвалам палітычных, рэлігійных, універсалісцкі і нацыянальна арыентаваных поглядаў Карла IV. Галоўныя ідэі эпохі Карла IV (пра веліч імперыі, хрысціянскую місію германскага імператара і г.д.) атрымалі тут дакладную выяўленчую фармулёўку, нідзе больш не былі выяўлены з такой паўнатой і сістэматычнасцю[4].

Гісторыя правіць

Замак  названы  ў  гонар  яго  заснавальніка  Карла IV, караля Чэхіі і імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі. Заснаваны ў 1348 годзе як летняя рэзідэнцыя Карла IV, а таксама скарбніца каралеўскіх і імператарскіх рэгалій і святых рэліквій, збіральніцтва якіх было страсцю гэтага манарха. Першы  камень  у  падмурак  Карлштэйна  заклаў  блізкі  сябар  і  саветнік  Карла IV, архібіскуп пражскі Арнашт з Пардубіцаў. Замак будаваўся пад асабістым наглядам імператара ў кароткія тэрміны па праекце Пятра Парлера і француза Мацьё Араскага[4]. Ужо ў 1355 годзе, за два гады да заканчэння будаўніцтва, імператар Карл засяліўся ў сваю новую рэзідэнцыю. Гэты гатычны замак на скале лічыўся непрыступным. Узвядзеннем яго Карл хацеў падкрэсліць значнасць часу свайго кіравання Свяшчэннай Рымскай імперыяй. Архітэктурны воблік і маляўнічы дэкор замка павінны былі сведчыць пра моц імператарскай улады[4].

Сярод мастакоў, якія працавалі над роспісамі ў Карлштэйне, вядомы імёны Мікалая Вурмсера са Страсбурга, Тамаза да Мадэна, Майстра Тэадорыка. Работа над імі пачалася ў 1355 г. Першымі былі створаны фрэскі, якія паказвалі радаслоўную дынастыі Люксембургаў (яны былі знішчаны ў XVI ст. і вядомы толькі па акварэльных копіях). Затым быў зроблены роспіс залы капітула, галоўнай тэмай якога быў Апакаліпсіс, і капэлы святой Кацярыны (каля 1360 г.). Гэтыя фрэскі дайшлі да нашага часу часткова пашкоджанымі[4].

Кіраванне і абарону замка ўзначальваў бургграф, у падпарадкаванні якога знаходзіўся гарнізон васалаў, якія мелі сядзібы вакол замка.

У перыяд гусіцкіх войнаў у Карлштэйне апроч рымскіх імператарскіх рэгалій захоўваліся таксама скарбы і рэгаліі чэшскіх каралёў, вывезеныя з Пражскага Граду (у тым ліку карона Святога Вацлава, якой каранаваліся каралі Чэхіі, пачынаючы з Карла IV. Яна была вернутая ў Пражскі Град толькі ў 1619 годзе). Аблога Карлштэйна гусітамі ў 1427 годзе працягвалася 7 месяцаў, але замак так і не быў узяты. У перыяд Трыццацігадовай вайны ў 1620 годзе Карлштэйн быў абложаны шведамі, але ім таксама не ўдалося захапіць замак. У 1436 годзе, па загадзе імператара Жыгімонта, другога сына Карла IV, каралеўскія скарбы былі вывезены з Карлштэйна і ў наш час захоўваюцца часткова ў Празе і часткова — у Вене.

У XVI стагоддзі ў замку былі адведзены памяшканні для захоўвання найважнейшых дакументаў імператарскага архіва. У канцы XVI стагоддзя палацавыя пакоі былі пераабсталяваны ў рэнесансным стылі, аднак пасля 1625 года пачаўся заняпад, звязаны з імем імператрыцы Элеаноры (жонкі Фердынанда II), якая аддала Карлштэйн у заклад чэшскаму двараніну Яну Каўку, што прывяло да яго пераходу ў прыватныя рукі. Удаве імператара Леапольда ўдалося вярнуць замак у каралеўскую ўласнасць, выплаціўшы заклад.

 
Замак каля 1850 года

Імператрыца Марыя Тэрэзія перадала замак ва ўладанне Градчанскаму пансіёну высакародных дзяўчын, які лічыцца апошнім уладальнікам аб’екта да пераходу яго ў дзяржаўную ўласнасць Чэхаславакіі.

Першым, што паклапаціўся пра аднаўленне Карлштэйна, стаў імператар Франц I (тады ў сцяне замка быў выяўлены скарб каштоўнасцяў XIV стагоддзя), а цяперашняе сваё аблічча Карлштэйн набыў пасля вельмі вольнай рэстаўрацыі, прадпрынятай у 1887-99 гг. Рэстаўрацыйныя працы вяліся пад кіраўніцтвам прафесара Венскай акадэміі мастацтваў Ф. Шміта і яго вучня Ё. Моцкера, які, апроч іншага, здолеў скончыць будаўніцтва Сабора Святога Віта ў Пражскім Градзе. Некаторыя спецыялісты сцвярджаюць, што Карл IV не пазнаў бы свой замак пасля «аднаўленчых прац» з выкарыстаннем портлендскага цэменту; з гэтай прычыны ЮНЕСКА не спяшаецца прызнаваць яго аб’ектам Сусветнай спадчыны.

Пасля перадачы замка Карлштэйн у дзяржаўную ўласнасць замак адкрыты для турыстаў і з’яўляецца адным з самых папулярных турыстычных аб’ектаў у Чэхіі, займаючы другое месца па папулярнасці ў Чэхіі пасля Прагі.

Архітэктура правіць

 
Калодзежная вежа

Архітэктарамі былі максімальна выкарысталі прыродныя ўмовы і эстэтычны эфект уздзеяння замкавага комплексу. Карлштэйн павінен быў зачароўваць сваёй веліччу і ўражваць магутнасцю. Схема замка была даволі традыцыйная. Комплекс замкавых пабудоў падзяляўся на тры часткі, размешчаныя на трох тэрасах[4]. Комплекс Верхняга замка ўтвараюць Вялікая вежа, імператарскі палац, Марыянская вежа з касцёлам Дзевы Марыі, ніжэй размешчаны Ніжні замак з вялікім унутраным дваром, бургграфствам і брамай, да якой вядзе дарога. Уезд у замак знаходзіўся ў цыліндрычным надбрамным бастыёне. Першы двор за вежай быў перадзамкавым умацаваннем, за ім ішоў другі двор са службовымі памяшканнямі[4]. У аснову архітэктурнага рашэння замка быў закладзены прынцып ступеньчатага размяшчэння будынкаў,  якія ўваходзяць у архітэктурны ансамбль. Кожны наступны будынак замка ўзвышаецца над папярэднім, а вяршыню гэтага ансамбля ўтварае Вялікая вежа з капліцай Святога Крыжа, у якой захоўваліся каралеўскія рэліквіі і карона Свяшчэннай Рымскай імперыі. У самым ніжнім пункце замка знаходзіцца калодзежная вежа. Глыбіня студні складае 80 метраў, механізм уздыму вады прыводзіўся ў дзеянне двума чалавекамі.

Імператарскі палац правіць

 
Імператарскі палац

Імператарскі палац меае чатыры певерхі. Яго падвалы служылі для гаспадарчых патрэб, там знаходзіліся склады. У заходняй частцы першага паверха ў памяшканні з аркадамі стаяла пазалочаная карэта, на якой пры Карле IV штогод вазілі на паказ каранацыйныя рэгаліі. Жылыя памяшканні для прыдворных знаходзіліся на другім паверсе палаца. Тут размяшчаліся таксама дваранская і васальная залы, дзе збіралася імператарская світа. Трэці паверх прызначаўся для імператара. Тут знаходзілася спальня — памяшканне з камінам, прэветам (сярэдневяковым туалетам) і прыватнай араторыяй. Спальню імператара з пакоямі імператрыцы, якой быў адведзены чацвёрты паверх, злучае вінтавая лесвіца. На трэцім паверсе знаходзіліся і рэпрэзентатыўныя залы для ўрачыстых цырымоній — Зала для аўдыенцый, Зала продкаў, дзе пры Карле IV адбываліся ўсе ўрачыстыя мерапрыемствы (па загаду імператара гэтая зала была ўпрыгожана насценным роспісам «Род імператара Карла»), Банкетная зала, ці трапезная, дзе цяпер захоўваюцца унікальныя помнікі гатычнага перыяду, у тым ліку калекцыя гістарычнага сталовага посуду з дрэва і керамікі[4].

Марыянская вежа правіць

 
Марыянская вежа
 
Капэла Святой Кацярыны

На першым паверсе Марыянскай вежы размяшчалася турма. Два памяшканні другога паверха былі ў распараджэнні васалаў імператара. На трэцім паверсе вежы знаходзілася капэла Дзевы Марыі. Сцены капэлы былі ўпрыгожаны унікальнымі роспісамі з сюжэтамі Апакаліпсіса і роспісамі з так званага цыкла «Святыя мошчы». Тут мы бачым самога Карла IV у момант атрымання святых рэліквій[5]. Да капэлы Дзевы Марыі ўсутыч прымыкала малая капэла. Яе называлі капэла Святой Кацярыны, якую Карл IV лічыў сваёй заступніцай. Тут імператар праводзіў час у роздуме і малітвах. Акрамя таго, капэла служыла ў якасці прыватнай скарбніцы імператара[4].

Вялікая вежа правіць

 
Вялікая вежа
 
Капэла Святога Крыжа, 1878
 
Сцяна капэлы Святога Крыжа

Важнейшай часткай замка з’яўлялася Вялікая вежа з капэлай Святога Крыжа (1357—1365)[4]. Яна мае ў плане памеры 25 на 17 метраў і таўшчыню сцен 4 метра. Тут захоўваўся самы каштоўны скарб — каранацыйныя рэгаліі Свяшчэннай Рымскай імперыі, а пазней і Чэшскага каралеўства. Сама капэла знаходзілася на трэцім паверсе вежы, куды вяла вінтавая лесвіца. Сцены капэлы былі пакрыты насценным роспісам на сюжэт любімай легенды Карла IV пра Святога Вацлава і Святую Людмілу. З цёмнай лесвіцы наведвальнік трапляў у чароўны інтэр’ер капэлы Святога Крыжа, упрыгожанай каштоўнымі камянямі і пазалотай[4].

Прыдворныя мастакі імкнуліся прадставіць алегорыю Нябеснага Іерусаліма, дзе знаходзіўся Хрыстос і ўсе святыя. Такім чынам, узнік інтэр’ер, які да гэтага часу з’яўляецца унікальным комплексным мастацкім творам: столь капэлы пазалочана і пакрыта шклянымі лінзамі ў форме зорак, якія ўтвараюць зорнае неба, дапоўненае Сонцам і Месяцам. Сцены капэлы былі ўпрыгожаны майстрам Тэадорыкам і яго вучнямі 129 станковымі карцінамі на дошках. Фігуры святых і пакутнікаў, размешчаныя ў чатыры рады, паказвалі нябеснае войска, якое «ахоўвала» імперскі скарб. Прадстаўлены таксама ўладары, сярод якіх першае месца займае Карл Вялікі. Уражанне ўзмацнялі эфекты святла, якое пранікала днём праз каляровыя каменьчыкі ў вокнах, бляск свечак і лямп, які адбіваўся ў паліраваных паверхнях каштоўных камянёў на сценах, у крыштальных лінзах на столі і ў пазалочаных ляпных упрыгожаннях. Летапісец эпохі Карла IV Бенеш Крабіцэ з Вейтміле ў сваіх запісках адзначаў, што ва ўсім свеце не было такой раскошнай капэлы. Тут і былі размешчаны імперскія каранацыйныя рэгаліі, мошчы святых і іншыя рэліквіі[4].

Зноскі

  1. а б archINFORM — 1994. Праверана 31 ліпеня 2018.
  2. Památkový katalog NPÚ Праверана 14 лютага 2019.
  3. ABC kulturních památek Československa ; Zprac. aut. kol. za odb. red. Jan Muk, Eva Šamánková. — 1. vyd. — Praha : Panorama, 1985. — 678 s.
  4. а б в г д е ё ж з і к Алена СМІРНОВА. Рэзідэнцыі імператара Карла IV Люксембурга Архівавана 4 мая 2021. (бел.)
  5. Fried A. Magister Theodoricus. Praha, 1956.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць