Карнілаўскае выступленне

Карнілаўскае выступленне — няўдалая спроба ўсталявання вайсковай дыктатуры, распачатая Вярхоўным галоўнакамандуючым Рускім Войскам генералам ад інфантэрыі Л. Г. Карнілавым у жніўні (верасні) 1917 года дзеля аднаўлення ў Расіі «цвёрдай улады» і прадухілення з дапамогай вайсковай сілы прыходу да ўлады левых радыкалаў (бальшавікоў).

Выступленне адбылося на фоне вострага грамадска-палітычнага крызісу ў Расіі і падзення аўтарытэта Часовага ўрада. У гэтых умовах Карнілаў запатрабаваў адстаўкі ўрада і падавання яму надзвычайных паўнамоцтваў, высунуўшы праграму «выратавання Радзімы» (мілітарызацыя краіны, ліквідацыя рэвалюцыйна-дэмакратычных арганізацый, уводзіны смяротнага пакарання і г. д.), якая была галоўным чынам падтрымана міністрам-старшынёй Часовага ўрада А. Ф. Керанскім, але яе ажыццяўленне было прызнана «няўчасным».