Карыгайла Альгердавіч

Карыгайла, у праваслаўі Васіль, у каталіцтве Казімір (каля 1369—1370 — 1390) — князь мсціслаўскі з роду Гедзімінавічаў. Адзін з малодшых сыноў вялікага князя літоўскага Альгерда ў яго другім шлюбе цвярской княжной Ульянай.

Карыгайла Альгердавіч
літ.: Karigaila
польск.: Kazimierz Olgierdowicz Korygiełło
Нараджэнне 1350
Смерць 1390
Месца пахавання
Род Гедзімінавічы
Бацька Альгерд
Маці Ульяна Аляксандраўна
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Імя правіць

Імя з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў, што дайшлі з індаеўрапейскай старажытнасці.

Першая аснова імені — Kar-, ад літ. karas «вайна»[1] (таксама ёсць у імёнах Карыята, Карыбута і іншых). Аснова бытавала і ў прусаў (імя Karioth), з падобным значэннем (пруск. *karias «войска»)[2]. Далей напрамую з індаеўрапейскага *koro-s «вайна»[3].

Другая аснова імені Gail-, з ёй вядома пад 60 сучасных літоўскіх антрапонімаў. Яна звязаная са стараліт. gailas «моцны»[4], літ. gailus «гняўлівы», далей напрамую з індаеўрапейскім *ghoilo-s «моцны; няўрымслівы, жвавы»[5].

Імя Карыгайла, такім чынам, значыла «моцны (несупынны) ваяр».

Праз аснову Kar- імя Карыгайлы перагуквалася з імем іншага Альгердавага сына — Карыбута. А праз аснову Gail- — з імёнамі іншых братоў — Ягайлы, Скіргайлы, Свідрыгайлы (Швітрыгайлы). Гэта можа сведчыць, што ў вялікакняскім родзе пры наданні імёнаў свядома практыкавалі вар’іраванне асноў для падтрымання цэльнасці і стабільнасці роду (такая практыка вядомая, напрыклад, у старагерманскіх каралеўскіх родаў, у вандалаў і лангабардаў[6]).

Жыццяпіс правіць

У 1386 годзе, пасля хрышчэння Ягайлы, прыняў каталіцтва. Атрымаў ад Ягайлы ва ўладанне Мсціслаў.

Калі ў 1386 годзе Мсціслаў аблажыў смаленскі князь Святаслаў Іванавіч, на дапамогу Карыгайлу рушылі браты Скіргайла, Карыбут, Лугвен, Вітаўт. Пад горадам адбылася бітва на Віхры (29 красавіка 1386), смаляне былі разбіты.

У 1390 годзе, падчас паходу Вітаўта з крыжакамі на Вільню, Карыгайла ўзначаліў абарону Крывога замка сталіцы і быў забіты разам з іншымі яго абаронцамі. Галаву Карыгайлы насілі на жардзіне, каб застрашыць абаронцаў Верхняга і Ніжняга замкаў Вільні.

У 1396 годзе Вітаўт на памін душы Карыгайлы і яго брата Віганда адпісаў віленскаму касцёлу св. Станіслава тры вёскі і дзесяціну з чацвёртай.

Зноскі

  1. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 100—101.
  2. В. Н. Топоров. Прусский язык. I-K. М., 1980. С. 216.
  3. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 615.
  4. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 87-88.
  5. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 452.
  6. Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв. Династическая история сквозь призму антропонимики. М., 2006. С. 40.