Касцёл Святога Аляксея (Сялец)

храм у Сяльцы Бярозаўскага раёна

Касцё́л Свято́га Аляксе́я — мураваны каталіцкі храм у аграгарадку Сяльцы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, помнік архітэктуры неагатычнага стылю. Размешчаны ў цэнтры паселішча, на былой гандлёвай плошчы. Аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

Каталіцкі храм
Касцёл Святога Аляксея
52°34′59″ пн. ш. 24°51′39″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Сялец
Канфесія Каталіцызм
Епархія Пінская дыяцэзія
Пружанскі дэканат
Тып будынка базіліка
Архітэктурны стыль неаготыка
Архітэктар Вільгельм Аўгуставіч Срока[1]
Першае згадванне 1471 г.
Будаўніцтва 19081912 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000155шыфр 113Г000155
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Каталіцкі прыход у Сяльцы вядомы з 1471 года, на той час тут існаваў драўляны касцёл Святога Лаўрэнція. У 1519 годзе Бона Сфорца пабудавала і абсталявала ў мястэчку новы храм.

Станам на 1744 год, парафія адносілася да Шарашоўскага дэканата, у 1797 годзе знаходзілася ў складзе Пружанскага дэканата Луцка-Берасцейскай дыяцэзіі, налічвала 1634 вернікаў[2].

У 1860 годзе прыход храма складаў 1998 католікаў. Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў расійскія ўлады зачынілі касцёл і перавялі прыхаджан у праваслаўе, тагачасны ксёндз Байкоўскі ў сувязі з «палітычнай нядобранадзейнасцю» быў высланы ў Пермскую губерню. Неўзабаве стары будынак храма знеслі і ўзвялі на яго месцы праваслаўную Успенскую царкву. На той час нешматлікая каталіцкая грамада праводзіла набажэнствы ў могілкавай капліцы Святога Лаўрэнція.

Доўгі час вернікі не маглі атрымаць дазвол на будаўніцтва новага храма і ў выніку звярнуліся да Мікалая II, які ўхваліў прапанову. Праект, распрацаваны архітэктарам Вільгельмам Срокам, быў зацверджаны 16 лютага 1906 года Іванам Плотнікавым[3].

Узвядзенне пачалося ў 1908 годзе і вялося на сродкі вернікаў і ахвяраванні мясцовых шляхціцаў. Газета «Наша ніва» ў 1912 годзе паведамляла пра касцёл наступнае: «У самым мястэчку Сяльцы есць дзьве царквы (адна новая і адна старая, уніяцкая) і будуецца цяпер пекны касцёл у стылю готыка - раманскім; ...Будуе гэты касцёл малады ксёндз, Р., шчыры беларус». Будаўніцтва скончылася ў тым жа годзе, новы храм быў асвячоны ў гонар царэвіча Аляксея — сына Мікалая II[4].

У 2007 годзе будынак быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння. На могілках захавалася колішняя прыпісаная да касцёла капліца, перад касцёлам — брама, вырашаная трохпралётнай спічастай аркадай уваходу. Сталага пробашча ў прыходзе няма[5].

Архітэктура правіць

Знаходзіцца ў цэнтры мястэчка, на былой кірмашовай плошчы. Помнік архітэктуры неаготыкі. Уяўляе з сабе трохнефавую базіліку сіметрычна-восевай кампазіцыі. У сілуэце будынка дамінуе трох’ярусная шатровая вежа-званіца (васьмярык на двух чацверыках) цяжкіх прысадзістых прапорцый. Нізкія бакавыя прыдзелы, накрытыя аднасхільнымі дахамі, кампазіцыйна аб’ядноўваюць званіцу з асноўным аб’ёмам пад вільчыкавым дахам, завершаным над алтарнай часткай плоскай сігнатуркай.

Ярусы званіцы па восі сіметрыі прарэзаны стральчатымі ўваходным парталам і акном-ружай над ім, акном-трыфорыумам на другім ярусе і арачным прасветам наверсе. Раўнамерны рытм бакавых фасадаў ствараецца ствараецца стральчатымі вокнамі-біфорыумамі і двухступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Пяцігранная апсіда фланкіравана нізкімі сакрысціямі з асобнымі ўваходамі[3].

Нягледзячы на багацце запазычаных з сярэднявечнай готыкі архітэктурных форм — контрфорсаў, спічастых ніш і праёмаў, вокнаў-руж — манументальны будынак не здабыў вертыкальную накіраванасць[6].

Прастора інтэр’ера расчлянёна на тры нефы дзвюма парамі магутных слупоў. Нефы перакрыты крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках. Над нартэксам хоры, злучаныя лесвіцкай з бакавым прыдзелам.

Пробашчы правіць

  • 1835—1836 — кс. Эразмус Корсак.
  • 1859—1860 — кс. Рамуальд Цёлкевіч.
  • да 1863 — кс. Байкоўскі.
  • 1910—1913 — кс. Баляслаў Серафін.
  • 1913—1915 — кс. Францішак Рамейка.
  • 1915—1933 — кс. Пётр Нямыцкі.
  • 1933—13 сакавіка 1942 — кс. Станіслаў Мажэйка. Пахаваны на цвінтары касцёла.
  • 2000-я — кс. Уладзімір Мазалеўскі

Зноскі

  1. Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі // Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі — 2008.
  2. Касцёл Сьвятога Ваўжынца Архівавана 25 кастрычніка 2019. — Гісторыя Пружанскага павету, 16 лістапада 2017 (бел.)
  3. а б к // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. С. 351
  4. Касцёл Святога Аляксея ў вёсцы Сялец — Бярозаўская раённая бібліятэка (бел.)
  5. Мястэчка ля Башты. Вандроўка ў бярозаўскі СялецБудзьма беларусамі!, 2 красавіка 2015 (бел.)
  6. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — 368 с., іл. С. 124

Літаратура правіць

Спасылкі правіць