Касцёл Святога Яна і кляштар баніфратаў (Мінск)

Касцёл Св. Яна і кляштар баніфратараў — рымска-каталіцкі кляштарны комплекс у Мінску. Дзейнічаў у XVIII — 1-й пал. XIX стст. Знаходзіўся на Цёмных Крамах у самым пачатку Казьмадзям'янаўскай вуліцы, непадалёк ад Мінскага Замчышча.

Комплекс складаўся з невялікага мураванага касцёла, мураванага і драўлянага 2-павярховых кляштарных карпусоў, драўлянага 1-павярховага будынка шпіталя, а таксама гаспадарчых пабудоў і саду.[1] Кляштарны комплекс злучаўся з суседнім бернардзінскім кляштарам праз падземны тунэль.

Насупраць таго месца, дзе ў старажытнасці стаяў баніфрацкі кляштар, цяпер знаходзіцца тралейбусна-аўтобусны прыпынак.[2]

Гісторыя правіць

У 1700 годзе стольнік і падстароста менскі Тэадор Антоній Ваньковіч ахвяраваў баніфратам 10 тыс. злотых і вялікая пляцоўка на Старым (Нізкім) Рынку пад узвядзенне касцёла, кляштару, шпіталя і інш. збудаванняў, а таксама фальварак Кальварышкі (за горадам, на беразе ракі Свіслач), які меў 1 валоку і 15 моргаў ворнай зямлі і комплекс жылых і гаспадарчых пабудоў. Адначасова стольнік старадубскі М. Радкевіч падараваў кляштару 2 сенажаці над Свіслаччу.[1] У 1709 годзе А. Т. Ваньковіч ахвяраваў кляштару маёнтак Саковічы, а касцёлу — убранне. У 1750 годзе Аўгусцін Антон Любінецкі адпісаў братам 3 тыс. злотых.[3]

Узведзены ў пач. XVIII ст., мураваны касцёл моцна пацярпеў ад гарадскога пажару 1762 года. З гэтай прычыны ў 1764 годзе прыёр Клеменс Вільчэўскі склаў дагавор з майстрамі менскага мулярскага цэха Антоніем Каплінскім і Пятром Макарэвічам на аднаўленне і разбудову храма.

У 1796 годзе ў кляштары знаходзіліся 4 манахі. Да 1824 года сюды далучылі Мінскі кляштар рохітаў.[4]

Пры кляштары дзейнічаў шпіталь на 18 ложкаў[1], у якім у пачатку XIX ст. лекаваліся не толькі ўбогія, але і вязні. Браты-баніфратары забяспечвалі пацыентаў лекамі і прадуктамі харчавання.[5] Апроч таго, існавала невялікая бібліятэка, якая мела каля 50 кніжак і рукапісаў на лацінскай мове.[1]

Па задушэнні вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў расійскія ўлады канфіскавалі касцёл і кляштар у манахаў (1836[1]) і прадалі іх з публічнага торгу.[6] У 1860-я гады касцёл зруйнавалі, а кляштарныя збудаванні прыстасавалі пад жыллё.[1]

Архітэктура правіць

Паводле візіты 1796 года, мураваны прамавугольны ў плане 1-нефны будынак касцёлу Св. Яна Божага галоўным 2-вежавым фасадам выходзіў на рыначную плошчу. У інтэр'еры касцёлу, часткова перакрытага крыжовым скляпеннем, знаходзіліся 3 драўляныя алтары.

У галоўным 2-ярусным алтары, які ўпрыгожвалі 4 ліхтары, знаходзіліся абразы Св. Яна Божага, Аўгусціна і Ісуса Хрыста.[1] У бакавых алтарах — цудатворны абраз Маці Божай, аздоблены срэбнымі шатамі і каронай[6], а таксама фігура ўкрыжаванага Хрыста.[1]

Драўляны 2-павярховы кляштарны корпус выходзіў на вуліцу Казьмадзям'янаўскую. На першым паверсе знаходзіліся 18 крамаў, якія здаваліся ў арэнду, а на другім жылі манахі. На вуліцу Зыбіцкую выходзіла 2-павярховая камяніца, у якой на першым паверсе было 7 крамаў, на другім — жылыя пакоі і кухня.[1]

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з ЭнцВКЛ 2005, с. 291.
  2. Мінскія лёхі // Пазняк З. С. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Мн.: Нар. асвета, 1985. С. 8
  3. Памяць. Мінск 2001, с. 317.
  4. ЭнцВКЛ 2005.
  5. 400 гадовы юбілей прысутнасці баніфратаў на ўсходніх землях // Слова Жыцця №10 (279), 17 мая 2009
  6. а б Кляштар баніфратаў // Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 188

Літаратура правіць

Спасылкі правіць