Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла (Гожа)

Касцёл Святых Пятра і Паўла — каталіцкі храм, які знаходзіцца ў цэнтры аграгарадка Гожа Гродзенскага раёна. Пабудаваны ў сярэдзіне XIX стагоддзя з бутавага каменю. Дзейнічае.

Каталіцкі храм
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла
53°11′46″ пн. ш. 24°00′51″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Гожа
Канфесія Каталіцтва
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Дэканат Гродна-Захад 
Архітэктурны стыль рэтраспектыўна-гатычны
Архітэктар Якаў Марцінавіч Фардон
Будаўніцтва 18621865 гады
Стан дзейнічае
Сайт nashaparafia.com
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Першы касцёл у Гожы пад вызваннем св. Апостала Пятра быў заснаваны з фундацыі караля Казіміра Ягелончыка (да 1492 года). Кароль Казімір выдаў прывілей, згодна з якім ахвяраваў на ўтрыманне парафіі 2 возеры і 2 млыны. У 1494 годзе прывілей пацвердзіў вялікі князь ВКЛ Аляксандр.

Падчас шведскага «патопу» (1654-67) мястэчка было цалкам спалена разам з касцёлам. Паселішча адбудавалі ўжо на новым месцы — на поўнач ад былога, далей па цячэнні Нёмана. Згодна паданню, у 1655 годзе шведскія войскі цалкам спалілі мястэчка разам з касцёлам. Вернікі, ратуючы цудадзейны абраз Маці Божай Суцяшэння, схавалі яго ў лесе. Пасля Панна Марыя, з’явіўшыся вернікам, пажадала, каб новы касцёл пабудавалі менавіта ў тым месцы, дзе быў схаваны абраз, туды ж перамясцілася і само мястэчка.

Новы драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1662 годзе і асвечаны пад падвойным тытулам святых Пятра і Казіміра (па іншых дадзеных, касцёл у Гожы да пач. ХХ ст. меў тытул святых Пятра і Паўла і Маці Божай Суцяшэння, абраз якой быў змешчаны ў галоўным алтары).

У канцы XVIII ст. гожская рымска-каталіцкая парафія была падзелена на тры: уласна Гожа (правы бераг Нёмана), Гожка-Селіванаўцы (занёманская частка) і Тэалін-Сапоцкін.

Будаўніцтва сённяшняга мураванага касцёла ў Гожы побач з месцам апошняга драўлянага касцёла пачалося ў 1862 годзе. Архітэктарам і тэхнічным кіраўніком будаўніцтва стаў гродзенскі архітэктар Якуб Фардон[1]. Першае набажэнства адбылося 30 лістапада 1869 года (па некаторых дадзеных, будаўніцтва скончылася ў 1865), калі касцёл быў асвечаны гродзенскім дэканам кс. Аляксандрам Гінтаўтам пад вызваннем святых Апосталаў Пятра і Паўла і Маці Божай Суцяшэння.

У XIX ст. да парафіі належалі касцёлы ў Пераломе і Друскеніках (з 1920-х гадоў — самастойная парафія, цяпер Літва), да скасавання — таксама філіяла ў Прывалцы. У 1927 годзе касцёл кансэкраваў віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі.

У 1944 годзе, пры адыходзе нямецкіх акупацыйных войскаў, гожскі касцёл быў спалены. Адбудаваны ў пасляваенны час. У 1950 сюды з зачыненага Пабрыгіцкага касцёла ў Гродне былі перавезены лаўкі, зробленыя ў 1646 годзе майстрам Георгам Зэхлем. У 1970-я гады касцёл атрымаў статус помніка архітэктуры з рысамі неаготыкі.

14 жніўня 2018 года у будынку адбыўся пажар (паводле папярэдняй інфармацыі ён пачаўся ад удару маланкі). Агонь пашкодзіў службовыя памяшканні храма, дзе захоўваліся архівы і дакументы касцёла. Сур’ёзнай шкоды пажар не нанёс: начынне і ўнутранае ўбранне касцёла не пацярпелі[2].

Архітэктура правіць

Касцёл уяўляе сабою дзвюхвежавую святыню, прамавугольную і безапсідную ў плане, фасады якой выкладзены з буту і атынкаванай цэглы.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-гатычнага стылю. Галоўны фасад вырашаны цэнтральным 2-схільным шчыпцом і шатрамі бакавых (васьмярык на чацверыку) вежаў. Іх гатычныя спічастыя завяршэнні надаюць яму дынамічны сілуэт, вертыкальную кампазіцыйную накіраванасць. Вось сіметрыі фасада выразна падкрэслена высокім і вузкім стральчатым перспектыўным парталам, які аб’ядноўвае сваёй прафіляванай і пабеленай аркай прамавугольны ўваходны праём і акно хораў. Над парталам размешчана ляпная і пабеленая выява «Усёбачнае вока». Стральчатыя нішы са спічастым абрамленнем і аркатурны фрыз выклікаюць асацыяцыі са старажытнай саборнай готыкай. Спалучэннем адкрытай ружовай бутавай муроўкі і белых атынкаваных элементаў дэкору дасягнута каларыстычная выразнасць.

Шэсць квадратных у сячэнні слупоў дзеляць залу храма на 3 нефы, цэнтральны з якіх павялічаны і падоўжаны ў вылучаную бакавымі сакрысціямі апсіду. Сцены крапаваны пілястрамі.

Касцёл абкружаны нізкай мураванай агароджай з брамай.

Інтэр’ер правіць

У інтэр’еры — тры алтары, выкананыя ў тэхніцы ілюзорнага неабарочнага жывапісу, і 4 алтарныя драўляныя кампазіцыі. Абраз Маці Божай Суцяшэння ў галоўным алтары засланяецца тытульным абразом святых Апосталаў Пятра і Паўла. Бакавыя алтары — двух’ярусныя, у левым змешчаны абраз св. Казіміра (у нішы пад абразом усталявана фігура Маці Божай), а над ім — абраз Маці Божай Ружанцовай, у правым алтары — абраз св. Антонія з абразом Перамянення Пана наверсе. Алтарная кампазіцыя пры правай апоры, бліжэйшай да алтара, прысвечана Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса (пры левай — амбона). У кампазіцыях пры сярэдніх апорах змешчаны абразы: Бічавання Пана Езуса (злева) і Маці Божай Пераломскай (са знішчанага касцёла ў Пераломе). На хорах ёсць арганы на 12 галасоў. На сцяне святыні знаходзіцца мемарыяльная дошка з імёнамі парафіянаў, загінуўшых падчас Другой сусветнай вайны.

Зноскі

  1. Тарас Шчыры. Гожа — тут паўсюль прыгожа! // Звязда, 12 жніўня 2014. (бел.)
  2. hrodna.life

Літаратура правіць

Спасылкі правіць