Катастрофа ў Маскоўскім метрапалітэне (2014)

Катастрофа ў Маскоўскім метрапалітэне адбылася 15 ліпеня 2014 года ў 08:39 (паводле маскоўскага часу) на перагоне паміж станцыямі «Парк Перамогі» і «Славянскі бульвар» Арбацка-Пакроўскай лініі. У выніку трагедыі загінулі 24 чалавекі. Яна з’яўляецца найбуйнейшай тэхнагеннай аварыяй у маскоўскім метро.

Катастрофа ў Маскоўскім метрапалітэне
Падрабязныя звесткі
Дата 15 ліпеня 2014
Час 08:39 (UTC+4)
Месца Масква
Краіна  Расія
Чыгуначная
лінія
Арбацка-Пакроўская лінія
Аператар Маскоўскі метрапалітэн
Тып здарэння Крушэнне цягніка
Прычына Тэхнічныя непаладкі
Статыстыка
Цягнікі 1 («Русіч»)
Загінулыя 24
Параненыя 271[1]

Ход падзей правіць

 
Схэма пуцявога развіцця ў раёне аварыі

Каля 08:35 (MSK, UTC+4) у перагоне тунэля паміж станцыямі «Парк Перамогі» і «Славянскі бульвар» Арбацка-Пакроўскай лініі ля стрэлачнага пераводу, які будуецца, да нядзеючых пуцей Калінінскай лініі ў кірунку да станцыі «Мінская» Маскоўскага метрапалітэна тры пярэдніх вагона электрацягніка мадэлі 81-740/741 «Русіч» (састаў цягніка: 0210-0766-0765-0764-0211, тып 81-740.4 / 81-741.4, 2010 года пабудовы, дэпо «Ізмайлава»), які рухаўся на хуткасці 70 км/г, сутыкнуліся з цюбінгам папярочнай сцяны з’езду і сышлі з рэек.

Участак ад «Парку Перамогі» да «Кунцаўскай» быў ачэплены і зачынены для руху да ліквідацыі наступстваў катастрофы, з гэтых станцый пачалася эвакуацыя пасажыраў.

Супрацоўнікі МНС Расіі і ратавальнікі грамадскіх аварыйна-ратавальных фарміраванняў неадкладна прыступілі да выратавання пасажыраў. Пад час эвакуацыі высветлілася, што адзін з вагонаў вельмі дэфармаваны. Некаторыя пацярпелыя не маглі самастойна выбрацца на паверхню, іх ратавальнікі эвакуіравалі з дапамогай гідраўлічных інструментаў.

Агулам ратавальнікі вывялі з метро на паверхню 189 чалавек, а найбольш дэфармаваны вагон «дэблакавалі», каб выпусціць з яго пацярпелых: іх сталі выводзіць і выносіць на паверхню.

Каля 10:55 на месца здарэння прыбыў мер Масквы Сяргей Сабянін, які заслухаў справаздачу аператыўных службаў пра ход іх дзеянняў. 16 лі­пе­ня было абвешчана Днём жа­ло­бы па загінулых у ава­ры­і ў мэт­ра­па­лі­тэ­не.[2]

Галава МНС паведаміў, што інцыдэнт не разглядаецца як тэракт.

Ахвяры і пацярпелыя правіць

Колькасць загінулых склала 24 чалавекі[3], з якіх 21 чалавек сканаў на месцы, і яшчэ 3 праз цяжкія цялесныя пакалечанні цягам першых сутак пасля аварыі.

Пацярпелі 217 чалавек, з іх 150 — шпіталізаваныя, 47 чалавек у цяжкім стане, паводле іншых крыніц 42. Каля дзясятка пасажыраў пасля гэтай аварыі назаўсёды засталіся інвалідамі.

Сярод пацярпелых, паводле паведамлення віцэ-прэм’ера РФ Вольгі Галадзец, расіяне з 12 рэгіёнаў, а таксама грамадзяне 5 іншых дзяржаў: Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана, Узбекістана і Украіны, а таксама 8 дзяцей (непаўналетніх), наймалодшаму было 4 з паловай гады.

Расследаванне правіць

15 ліпеня Следчы камітэт РФ узбудзіў крымінальную справу па факце аварыі паводле артыкуле 263.1 п. 3 Крымінальнага Кодэксу РФ («Невыкананне патрабаванняў па забеспячэнні транспартнай бяспекі на аб’ектах транспартнай інфраструктуры і транспартных сродках, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх або больш асоб»). Месца аварыі было абследавана следчымі, праведзенае апытанне сведак, відавочцаў, супрацоўнікаў метрапалітэна і Мосэнерга. Расследаванне праводзіць цэнтральны апарат СК РФ. Афіцыйны прадстаўнік СК РФ Уладзімір Маркін паведаміў, што следства разглядае некалькі прычын аварыі: няспраўнасць вагонаў, няспраўнасць стрэлкі, прасяданне палатна. Усе яны з’яўляюцца тэхнагеннымі, з магчымых прычын выключаны тэрарыстычны акт. У першыя гадзіны пасля аварыі СМІ заяўлялі са спасылкай на МНС, што магчымай прычынай мог стаць скок напружання, праз які пачалося рэзкае тармажэнне саставу, аднак следчыя не знайшлі пацверджання дадзенай гіпотэзы.

16 ліпеня былі затрыманы двое падазраваных — старэйшы дарожны майстар службы пуцей Валерый Башкатаў і яго памочнік Юрый Гордаў, якія мелі дачыненне да работ па кладцы срэлачнага пераводу. Па дадзеных следчых, стрэлачны механізм быў зафіксаваны неналежным чынам, што і прывяло да катастрофы. Прадстаўнік прафсаюза метрапалітэна пагадзіўся з гэтай версіяй, але паставіў пад сумнеў тое, што стрэлка была няправільна зафіксаваная менавіта трохміліметровым дротам.[4] Пазней абвінавачванне па гэтым жа артыкуле было прад’яўленае дырэктару па вытворчасці ТАА «Спецтэхрэканструкцыя» Анатолю Круглову і намесніку начальніка дыстанцыі капітальнага рамонту службы пуцей ГУП «Маскоўскі метрапалітэн» Аляксею Трафімаву.

22 ліпеня мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў пра звальненне Івана Бяседзіна з пасады начальніка маскоўскага метро. Новым начальнікам быў прызначаны Дзмітрый Пегаў.[5]

Шкода ад катастрофы склала 331 млн 740 тыс. расійскіх рублёў.

Зноскі