Кембрыджскі дакумент

Кембрыджскі дакумент, Кембрыджскі Ананім (па месцы захоўвання ў бібліятэцы Кембрыджскага ўніверсітэта), або пісьмо Шэхтэра (па імені першаадкрывальніка) — рукапіс на старажытнаяўрэйскай мове. Змяшчае фрагмент пісьма неназванага яўрэя, падданага хазарскага цара Іосіфа да неназванага гаспадара з міжземнаморскай краіны. Адзін з двух (нароўні з пісьмом цара Іосіфа) пісьмовых помнікаў хазарскага паходжання.

Аўтар на момант напісання знаходзіўся ў Канстанцінопалі. Адрасатам пісьма з высокай ступенню верагоднасці з’яўляецца кордаўскі саноўнік Хасдай ібн Шапрут, які збіраў звесткі пра Хазарыю. Прыкладны час напісання — 949 год[1].

У пісьме маюцца ўнікальныя звесткі па гісторыі і рэлігіі хазараў, перасяленне яўрэяў у Хазарыю, дзейнасць трох апошніх хазарскіх цароў: Веніяміна, Аарона і Іосіфа. Асаблівую цікавасць уяўляе апавяданне пра сучасную аўтару руска-хазарска-візантыйскую вайну ў Прычарнамор’і, дзе рускім правадыром названы H-l-g-w, што перадае дакладную скандынаўскую форму імя Алег.

Рукапіс (шыфр T-S Misc.35.38) па палеаграфічных прыкметах датуецца канцом XI стагоддзя. Напісаны на паперы. Складаецца з двух лістоў, якія маюць тэкст на абодвух баках. Верхняя частка пашкоджана. Пачатак і канец дакумента адсутнічаюць.

Вывучэнне правіць

Пісьмо выяўлена С. Шэхтэрам сярод калекцыі яўрэйскіх манускрыптаў з Каірскай генізы (сховішча рукапісаў пры сінагозе). Апублікавана ў 1912 годзе. У 1913 годзе выйшаў рускі пераклад П. К. Какоўцава, 2-е акадэмічнае выданне ў 1932 годзе. Апошні па часе пераклад зроблены Н. Голбам1982 годзе на англійскую мову).

На працягу 1-й паловы XX ст. у навуковай грамадскасці не сціхалі спрэчкі наконт сапраўднасці дакумента. Шэраг гісторыкаў лічылі яго падробкай. У расійскім усходазнаўстве доўгі час панавала скептычная выснова П. К. Какоўцава, пазней падтрыманая А. П. Навасельцавым, што Кембрыджскі дакумент не адносіцца да перапіскі Хасдая ібн Шапрута, а з’яўляецца кампіляцыяй, складзенай пасля падзення Хазарыі. Аднак у наш час большасць сумніўных месцаў праяснена і аўтэнтычнасць помніка агульнапрызнаная.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Цукерман К. Русь, Византия и Хазария в середине X века: проблемы хронологии // Славяне и их соседи. Вып. 6. — М., 1996. — С. 68.

Крытычныя выданні правіць

Літаратура правіць

  • Фейгина С. А. Историография еврейско-хазарской переписки X в. // Феодальная Россия во всемирно-историческом процессе. — М., 1972.

Спасылкі правіць