Кліфард Гленвуд Шал (англ.: Clifford Glenwood Shull, 23 верасня 1915, Пітсбург, штат Пенсільванія, ЗША — 31 сакавіка 2001, Медфард, Масачусетс, ЗША) — амерыканскі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы (1994) (сумесна з Бертрамам Брокхаўзам) «за стварэнне метаду нейтроннай дыфракцыі».

Кліфард Гленвуд Шал
Clifford Glenwood Shull

Дата нараджэння 23 верасня 1915(1915-09-23)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 31 сакавіка 2001(2001-03-31)[1][2][…] (85 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці фізік, навуковы работнік, вучоны-ядзершчык, выкладчык універсітэта
Навуковая сфера нейтронная фізіка
Месца працы
Альма-матар
Навуковы кіраўнік Richard Threlkeld Cox[d][3], Frank Myers[d][3] і Robert DeWitt Huntoon[d][3]
Член у
Узнагароды Нобелеўская прэмія — 1994 Нобелеўская прэмія па фізіцы (1994)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Кліфард Шал нарадзіўся ў сям’і Дэвіда і Дэйзі Шал у раёне Пітсбурга пад назвай Гленвуд (у гонар якога атрымаў сваё другое імя), у штаце Пенсільванія. Цікавасць да фізікі Шал праявіў на апошнім годзе навучання ў школе Шэнлі, дзе ён праходзіў курс фізікі ў Поля Дзюсарта. Пасля школы Шал паступіў у Тэхналагічны інстытут Карнегі, цяпер — Універсітэт Карнегі — Мелан, дзе слухаў лекцыі па фізіцы Гары Хаўэра, дэкана фізічнага факультэта, якія аказалі на яго моцнае ўражанне і яшчэ больш пераканалі ў выбары далейшай прафесіі.

У студзеня 1934 года нечакана памірае бацька Шала, што прыводзіць да крызісу ў сям’і. Старэйшы брат Кліфарда Перы Леа, нядаўна скончыў школу па мастацкай спецыяльнасці, вымушаны адмовіцца ад ідэі далейшага навучання і заняцца бацькавым бізнесам. Гэта працягвалася да канца навучання Кліфарда ў інстытуце ў 1937 годзе. Пасля навучання Шал атрымлівае запрашэнне далучыцца да адной з даследчых груп на факультэце фізікі ў Нью-Ёркскім універсітэце, якая займаецца праблемамі ядзернай фізікі. Кіраўнікамі групы былі Фрэнк Маерс і Роберт Хантун, якія на той момант працавалі над стварэннем генератара Кокрафт-Уолтана для паскарэння дэйтронаў магутнасцю 200 кэВ. Шал удзельнічаў у першых выпрабаваннях створанага паскаральніка (вопыты ў галіне DD-рэакцый).

У першым годзе свайго знаходжання ў Нью-Ёрку Шал знаёміцца ​​з Мартай-Нуэль Самер, якая пазней становіцца яго жонкай. Падчас навучання Шала на трэцім курсе, на факультэце прымаецца рашэнне аб падтрымцы стварэння генератара Ван дэр Граафа для паскарэння электронаў магутнасцю 400 кэВ. Стварэнне паскаральніка ўяўлялася на той момант важнай задачай, бо дапамагло б даказаць існаванне ў электронаў спіна або палярызацыі (папярэднія спробы ў гэтым кірунку былі няўдалымі). У якасці асістэнта Фрэнка Маерса, Шал дапамагае ў стварэнні генератара, які пасля выкарыстоўвае для правядзення доследаў па падвойнаму рассейванню электронаў для сваёй дысертацыйнай працы. У чэрвені 1941 года Шал атрымлівае ступень доктара навук.

У ліпені таго ж года Шал пераязджае з сям’ёй у Бікан, Нью-Ёрк, дзе да 1946 года працуе ў даследчай лабараторыі «Тэхаскай кампаніі». Там ён займаецца вывучэннем мікраструктуры каталізатараў з выкарыстаннем газавай адсорбцыі, дыфракцыі рэнтгенаўскага выпраменьвання і рассейвання. З уступленнем ЗША ў Другую сусветную вайну ў снежні 1941 года гэтая галіна даследаванняў набыла асабліва важнае значэнне, бо атрыманыя ў лабараторыі каталізатары выкарыстоўваліся пры вырабе высокапрадукцыйнага авіяцыйнага паліва. У гэты ж час Шал пачынае цікавіцца Манхэтанскім праектам, у які былі ўцягнуты шматлікія буйныя вучоныя-фізікі таго часу. Яго пераходу туды перашкаджае кіраўніцтва Тэхаскай кампаніі і Шал вымушаны заставацца ў Бікане да канца вайны.

Пасля заканчэння вайны Шал аднаўляе свае спробы па далучэнні да Манхэтанскага праекта і на гэты раз удала. У чэрвені 1946 года ён разам з сям’ёй пераязджае ў Тэнесі для працы ў Нацыянальнай лабараторыі Оўк-Рыдж. У Оўк-Рыджы Шал працуе разам з Эрнестам Воланам, яны сканструявалі элементарны двухвосевы спектрометр для атрымання нейтронных дыфракцыйных карцін крышталёў і іншых матэрыялаў. За даследаванні ў галіне нейтроннай дыфракцыі, якія праводзіліся ў гэтай лабараторыі, Шал у 1994 годзе атрымае Нобелеўскую прэмію па фізіцы. Волану падзяліць гэту прэмію з Шалам і Брокхаўзам перашкодзіць яго смерць у 1984 годзе.

У Оўк-Рыджскай лабараторыі Шал працуе да 1955 года, пасля чаго пераходзіць у Масачусецкі тэхналагічны інстытут. Там ён займаецца навучаннем студэнтаў на даследчым рэактары MITR-I. На аснове дадзеных аб нейтроннай радыяцыі, якія атрымлівалі на гэтым рэактары, група Шала праводзіла даследаванні ў розных галінах, уключаючы намагнічанасць у крышталях, тэхналогію атрымання палярызаванага выпраменьвання, дынамічнае рассейванне ў ідэальных крышталях, інтэрфераметрыі і фундаментальныя ўласцівасці нейтрона.

У 1986 годзе Шал адышоў ад навуковай і выкладчыцкай дзейнасці. Памёр 31 сакавіка 2001 г., ва ўзросце 85 гадоў, у мемарыяльным шпіталі Лоўрэнса ў Медфардзе пасля хуткаплыннай хваробы. У Шала трое сыноў — Джон, Роберт і Уільям.

Зноскі

  1. а б Clifford G. Shull // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б Clifford Glenwood Shull // Brockhaus Enzyklopädie / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. а б в Матэматычная генеалогія — 1997.

Спасылкі правіць