Кня́ства — феадальнае дзяржаўнае ўтварэнне, тэрыторыя ўладанняў князя, найбольш тыповае для перыяду феадальнай раздробненасці.

Ва Усходняй Еўропе першыя княствы ўзніклі не пазней за X стагоддзе (гл. Полацкая і Кіеўская дзяржавы). У XII стагоддзі з Кіеўскай дзяржавы вылучыўся шэраг зямель-княстваў, якія ў сваю чаргу драбніліся на воласці-княствы паміж прадстаўнікамі княжацкага роду Рурыкавічаў, яго асобных галін (гл. удзельнае княства). У раннефеадальны перыяд паняцце «княства» не ўжывалася, крыніцы фіксуюць толькі «землі» і «воласці». Называліся княствы па стольных гарадах — Смаленская зямля, Чарнігаўская зямля, Разанская зямля, Суздальская зямля і інш. У познесярэднявечны перыяд найбуйнейшыя княствы зваліся «вялікімі» (Вялікае Княства Літоўскае; гл. вялікі князь).

У Заходняй Еўропе таксама былі княствы (ням.: Fürstentum, фр.: Principauté і інш.) з часоў феадальнай раздробненасці, у Германіі так званыя тэрытарыяльныя княствы існавалі да яе аб’яднання і ўтварэння Германскай імперыі (1871). Некаторыя княствы захаваліся да найноўшага часу (Ліхтэнштэйн, Манака, Себорга).

У рэгіёне Персідскага заліва арабскія княствы (эміраты) захаваліся да цяперашняга часу. У Індыі туземныя княствы існавалі да 1950 года.

Літаратура правіць

  • Кня́ства // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 393. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Горский Антон. Средневековая Русь. О чем говорят источники. — Москва: Ломоносовъ, 2016. (руск.)