Кніга Суддзяў (Скарына)

Кніга СуддзяўКнига судей еже от еврей называются Шофътимъ») — пражскае выданне Скарыны, якое выйшла ў свет 15 снежня 1519 года.

Змест кнігі правіць

На тытульным лісце змешчана гравюра і пашыраная назва кнігі («Зуполъне выложены на русъкий языкъ доктором Франъциском Скориною из славнаго града Полоцка Богу ко чти и людем посполитым к науце починаются»). На першым аркушы прадмова: «Предославие доктора Франъциска Скорины с Полоцька в книги судей Израилевых». На 4-47 аркушах выдадзены тэкст усіх 21 раздзелаў кнігі Суддзяў, на апошнім аркушы — кароткае пасляслоўе.

Друкарскія асаблівасці выдання правіць

Кніга выдадзена на царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакцыі. Фармат выдання — у чвэрць аркуша, аб'ём — 48 аркушаў, якія сабраны ў 6 сшыткаў (на восемь аркушаў у сшытку). Набор выкананы пражскім шрыфтам Скарыны — у 10 радкоў вышынёй 75 мм, на паласе - 22 радкі. Сігнатура адсутнічае. Фаліяцыя змешчана на верхнем баку аркуша ўверсе справа. Выданне ўпрыгожана ілюстрацыяй «Самсон і леў» (тытульны ліст, на выяве Самсон раскрывае пашчу ільву), 2 застаўкамі, канцоўкай і 24 ініцыяламі. Застаўка змешчана перад асноўным тэкстам, на ёй выяўлены шчыт з зацьменнем сонца і сірэны з рыбінымі хвастамі; такая ж застаўка маецца ў яшчэ 7 другіх пражскіх выданнях. Другая малая застаўка змешчана перад пасляслоўем на 48 аркушы. Ініцыялы змешчаны ў пачатку раздзелаў, прадмовы і пасляслоўя.

Захавалася 11 экзэмпляраў выдання, з іх 4 поўныя.

Літаратура правіць

  • Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед./ Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с.: іл. ISBN 5-85700-003-3

Спасылкі правіць