Крыжачок (Паўлючок, Крыжык, Крыж Антошка[1][2], полька-крыжачок) — арнаментальны парна-масавы беларускі народны танец. Крыжачок вядомы таксама і ў Польшчы[3], што тлумачыцца тэрытарыяльнай блізкасцю, суседствам двух народаў.

Крыжачок
«Крыжачок» з паштовай маркі
Кірунак: народны
Памер: 2/4
Тэмп: хуткі
Вытокі: беларускія

Харэаграфія правіць

Выконваецца любой колькасцю пар у хуткім танцы. Малюнак танца мудрагелісты і складаны, нагадвае геаметрычны арнамент[4][5]. Мае мноства варыянтаў, дзе крыж уяўляецца ў малюнках, на плоскасці, у пабудове выканаўцаў, у паставе рук партнёраў. Так, у Віцебскай вобласці танцоры станавіліся парамі ў малюнку крыжа і шлі па крузе, злёгку падскокваючы. У Брэсцкай — чатыры пары, размясціўшыся накрыж адна супраць другой, па чарзе ныраюць у вароты, якія стварыла пара насупраць. У Гродзенскай вобласці чатыры хлопцы, злучыўшы ў цэнтры рукі крыж-накрыж, ідуць па крузе, а дзяўчаты перыядычна перабягаюць да партнёраў, якія стаяць наперадзе. У Магілёўскай вобласці танцуюць парамі, склаўшы накрыж рукі, з высокім спружыністым падскокам[2].

У адных раёнах яго называюць Крыжачок, ад слова крыж. Для яго характэрна размяшчэнне танцуючых крыжам і іх пераходы крыж-накрыж. У іншых раёнах ён завецца Кружачок і будуецца пераважна на рухах па крузе[6].

Музыка танца народная, музычны памер 2/4. Тэмп жвавы[7].

У культуры правіць

Па адной з версій, назва звязана з народным назвай дзікага качара — «Крыжак», сам жа танец адносяць да групы танцаў, якія пераймаюць рухі птушак[8]. Паводле іншай версіі, назва паходзіць ад слова «крыж», бо ў танцы выкарыстоўваюцца пабудовы крыжам і пераходы крыж-накрыж[4].

У развіцці гэтага танца бачную ролю адыграў К. А. Алексютовіч[4]. Ён узбагаціў яго новымі элементамі руху, унёс разнастайнасць у малюнак, увёў сольнае выкананне, змяніў тэмп, пасля эмацыйнай завязкі ідзе павольная лірычная сольная частка, якую выконваюць адна або дзве пары. Астатнія танцуючыя служаць фонам, яны як бы акампануюць салістам. Заключная частка носіць вясёлы, задзірысты характар і адрозніваецца на рэдкасць маляўнічым малюнкам, які хутка змяняецца[4].

Сцэнічныя варыянты «Крыжачка», створаныя ў 1920-я гады К. Алексютовічам, выкарыстаны ў балеце В. Залатарова «Князь-возера» і ў балеце М. Крошнера «Салавей»[4][7]. Вядомую сцэнічную версію «Крыжачка», якую пазней выконвалі многія калектывы рэспублікі, стварыла харэограф Ларыса Ляшэнка[9].

Зноскі

  1. Праграма-інструкцыя для збіральнікаў беларускай Музычны-этнаграфічнай творчасці, с. 46
  2. а б Чурко Ю. М. Вянок беларускіх танцаў.- Мн.: Беларусь, 1994. — 88 с. ISBN 5-33801097-8
  3. Энциклопедический музыкальный словарь. — М., 1959. — С. 120..
  4. а б в г д Алексютович Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Под ред. М. Я. Гринблата. Мн., «Вышейш. школа», 1978. 528 с. с ил.
  5. Моменты игры Архівавана 27 кастрычніка 2010. (руск.)
  6. Белорусские народные танцы (руск.)
  7. а б Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 575 с.: іл. ISBN 5-85700-014-9. (бел.)
  8. Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, т. 6, Мінск, 1972, с. 135
  9. Ляшенко Лариса Дмитриевна (руск.)

Літаратура правіць

  • Алексютович Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Под ред. М. Я. Гринблата. Мн., «Вышэйш. школа», 1978. 528 с. с ил.