Крыніца права — спосаб, з дапамогай якога замацоўваюцца (знаходзяць знешняе выражэнне) нормы права (правапалажэння). Паняцце крыніц права — адна з вузлавых катэгорый юрыдычнай навукі.

Прынята лічыць, што ў навуковы зварот паняцце было ўведзена рымскім гісторыкам Цітам Лівіем у 1 стагоддзі ў працы «Гісторыя ад заснавання горада». Пры апісанні распрацоўкі і прыняцця «12 табліц» у якасці асноватворнай крыніцы рымскага права Ціт Лівій згадваў, што яны, «нягледзячы на цэлую гару нагрувашчаных адзін на аднаго законаў, застаюцца вытокам усяго дзяржаўнага і грамадзянскага права»[1].

Класіфікацыя правіць

Класіфікацыю крыніц права можна праводзіць на розных падставах. Ажыццяўляецца класіфікацыя крыніц па асобных параметрах (крытэрыях):[2]

  • Па сферы паходжання крыніцы права падзяляюцца на ўнутрыдзяржаўныя і міжнародна-прававыя.
  • Па юрыдычнай значнасці крыніцы права падзяляюцца на асноўныя і дадатковыя. Гэта падзел крыніц права не па юрыдычнай сіле, а менавіта па юрыдычнай значнасці.
  • Паводле прызначэння: першасныя і другасныя. Першасныя віды змяшчаюць зыходныя для парадкавання грамадскіх дачыненняў палажэнні, якіх не існавала ў прававой сям’і да іх стварэння адпаведнымі ўстановамі.
  • Па гістарычных і функцыянальных параметрах крыніцы права падзяляюцца на першасныя і другасныя. Першаснымі можна лічыць тыя віды крыніц права, якія сфармаваліся на самых ранніх этапах развіцця права, калі яно існавала ў форме «першасных» праваадносін.
  • Па юрыдычнай вазе крыніцы права падзяляюцца на галоўныя, асноўныя і дадатковыя.
  • Па спосабах фіксацыі крыніцы права падзяляюцца на пісаныя і непісаныя. Такія крыніцы права, як прававы звычай, дагавор нарматыўнага зместу могуць быць пісанымі і непісанымі, існуюць як у вуснай, так і пісьмовай форме.
  • Па спосабах надання юрыдычнай значнасці асобныя аўтары падзяляюць крыніцы права на афіцыйныя і неафіцыйныя.
  • Па распаўсюджанасці ў гістарычных і існуючых прававых сем’ях крыніцы права падзяляюцца на традыцыйныя і нетрадыцыйныя. Традыцыйныя крыніцы права — прававы звычай, прававы прэцэдэнт, дагавор нарматыўнага зместу, дактрына (навука), Свяшчэннае пісанне і нарматыўны прававы акт — сустракаюцца без выключэння ва ўсіх гістарычных і зараз існуючых прававых сем’ях.
  • У залежнасці ад тыпу і віду прававых сістэм крыніцы права падзяляюцца на тыповыя і нетыповыя. Нетыповыя крыніцы права не ўпісваюцца ў структуру крыніц права, якая характэрна для тыпу і віду прававой сістэмы. У беларускай прававой сістэме да нетыповых крыніц права адносяцца дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
  • Па адпаведнасці пэўнай мадэлі крыніц права ўсе крыніцы пазітыўнага права падзяляюцца на класічныя і мадыфікаваныя.

Зноскі

  1. Сільчанка, М. У. 1.1. Праблемы азначэння паняцця крыніц права // Тэорыя крыніц беларускага права. — Гродна: Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, 2012. — С. 8-18. — 253 с. — 250 экз. — ISBN 978-985-515-569-1.
  2. Сільчанка, М. У. Тэорыя крыніц беларускага права: манаграфія / М. У. Сільчанка. — Гродна: ГрДУ, 2012. — 253 с. ISBN 978-985-515-569-1

Літаратура правіць