Культура Беларусі

Культура Беларусі сфарміравалася на працягу тысячагадовага развіцця пад уплывам цэлага шэрага розных фактараў. Яны ўключаюць фізічнае асяроддзе; этнаграфічны фон беларусаў (узаемадзеяння славянскіх плямён з балтыйскімі); паганства першых пасяленцаў і спрадвечных жыхароў гэтай тэрыторыі; візантыйскае хрысціянства як сувязное звяно з праваслаўнай рэлігіяй і яе пісьмовай традыцыяй; адсутнасць натуральных меж краіны; сцёк рэк як да Чорнага, так і да Балтыйскага мора; разнастайнасць рэлігій на гэтых землях.

Гісторыя правіць

Ранні заходні ўплыў на беларускую культуру праявіўся ў прывілеях на магдэбургскае права, якія падавалі муніцыпальнае самакіраванне і абапіраліся на законы нямецкіх гарадоў. Гэтыя прывілеі ў XIV—XV стагоддзях атрымаў з рук вялікіх князёў і каралёў рад гарадоў, напрыклад Бярэсце, Горадна, Слуцк, Менск.

У 1517—1519 гадах Францыск Скарына (каля 1490—1552) пераклаў Біблію на мясцовую (старабеларускую) мову.

З XIV па XVII стагоддзе, у час Адраджэння і Рэфармацыі, ідэі гуманізму з Заходняй Еўропы траплялі на Беларусь як дзякуючы гандлёвым зносінам, так і праз навучанне дзяцей дваран і мяшчан у заходніх ўніверсітэтах. Рэфармацыя і контррэфармацыя таксама ўнеслі вялікі ўклад у росквіт палемічных твораў, а таксама ў распаўсюджанне друкарань і школ.

У XVII—XVIII стагоддзях, калі спачатку Польшча, а пазней Расійская імперыя пачалі ўцягваць беларускія землі ў сваю сферу ўплыву, ахопліваючы мясцовую шляхту сваім культурна-палітычным уплывам, «беларуская» культура ў грамадскай свядомасці паступова стала звязвацца ў першую чаргу з ўсім сялянскім, з фальклорам, нацыянальным адзеннем, этнічнымі звычаямі, з народным хрысціянствам. Гэта суправаджалася апалячваннем шляхты і выцясненнем беларускай мовы з адукацыі і справаводства на карысць польскай мовы. З канца XVII стагоддзя беларуская мова вельмі рэдка ўжывалася афіцыйна. Аднак, ад XVII—XVIII стст. захаваўся рад ананімных твораў, у якіх адлюстравана станаўленне новай літаратурнай нормы беларускай мовы[1].

Развіццё беларускай літаратуры, распаўсюджванне ідэі нацыянальнага адзінства беларусаў знайшлі адлюстраванне ў літаратурных творах Янкі Купалы (1882—1942) і Якуба Коласа (1882—1956). Творы гэтых паэтаў, разам з некалькімі іншымі выдатнымі пісьменнікамі, сталі класікай сучаснай беларускай літаратуры.

Сучасныя культурныя традыцыі і сацыяльныя тэндэнцыі правіць

 
Будынак пазямельна-сялянскага банка ў Віцебску ў стылі ар-нуво, пачатак XX ст.

Сучасныя беларусы страцілі многія свае былыя лакальныя этнаграфічныя асаблівасці і традыцыйныя рысы матэрыяльнай і духоўнай культуры (акрамя мовы і рэлігіі), што тлумачыцца працэсамі ўрбанізацыі, інтэнсіфікацыі ўнутрыкраінных кантактаў (па прычыне развіцця сродкаў сувязі і інфраструктуры), увядзеннем стандартаў пачатковай адукацыі, узнікненнем агульнанацыянальнай прэсы і г.д.

Працэс інтэнсіўнай культурнай гамагенізацыі беларусаў пачаўся ў часы Расійскай Імперыі пасля таго, як у 1861 г. было скасавана прыгоннае права (хоць і да таго пэўная частка сялян была вольнай) і сяляне атрымалі права атрымаць зямлю ва ўласнасць, чым былі створаны ўмовы для развіцця капіталістычных адносін і стварэння новых сацыяльных груп (буржуазіі, рабочых, інтэлігенцыі). З другой паловы XIX ст. атрымліваюць больш шырокае распаўсюджанне характэрныя для Расійскай Імперыі і Еўропы ў цэлым культурныя з’явы і новаўвядзенні, але пераважна сярод гарадскога насельніцтва. У 1902 г. у Расійскай Імперыі ўзнікла першая палітычная партыя беларусаў (Беларуская рэвалюцыйная грамада), а пасля яшчэ і іншыя партыі.

Працэс заняпаду Расійскай Імперыі ў ходзе Першай сусветнай вайны (1914—1918) адкрыў мажлівасць для беларусаў атрымаць рэальныя формы палітычнай суб’ектнасці (аўтаномія, самастойная дзяржава ці федэрацыйны саюз з іншай дзяржавай). Лютаўская рэвалюцыя (1917) скасавала падзел грамадства на саслоўі і ўраўняла грамадзян у правах (уключаючы жанчын). 18 снежня 1917 г. быў уведзены грамадзянскі (свецкі) шлюб. Дзяржаўнасць Беларусі ў 1918—1920 гг. аб’яўлялася пяць разоў[2]. Канкурэнцыя ў 1917—1921 гг. розных беларускіх дзяржаўных праектаў і палітычных груповак (пры адсутнасці кампраміса і салідарнасці[3]), памножаная на неспрыяльныя геапалітычныя абставіны, у выніку прывяла да падзелу ў 1921—1939 гг. этнічнай тэрыторыі беларусаў паміж Польшчай і СССР па Рыжскім мірным дагаворы (1921)[4], што не спрыяла далейшай культурнай гамагенізацыі і выразна ўсведамлялася беларусамі як рассечанасць народа[5].

Тым не менш, у 1920 г. беларусы атрымалі сваю палітычную суб’ектнасць у форме БССР (1920—1991) як складовай часткі СССР. Нягледзячы на ўстанаўленне ў СССР аўтарытарнага аднапартыйнага рэжыму і пачатак сацыялістычных пераўтварэнняў, у 1920-ыя гг. БССР захавала пэўную самастойнасць у развіцці нацыянальнай культуры, адукацыі, навукі і эканомікі[6]. Умовы для развіцця ўласнай культуры і дзяржаўны статус беларускай мовы ў БССР прывялі да таго, што менавіта БССР са сталіцай у Мінску (у адрозненне ад Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы) пачала ўспрымацца беларусамі як дом для беларусаў[7].

У 1920-ыя гг. былі адкрыты Беларускі дзяржаўны тэатр (1920); Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1921); Інстытут беларускай культуры (1922), пераўтвораны ў 1928 г. у Акадэмію навук БССР; створаны нацыянальная сістэма адукацыі (якая павысіла пісьменнасць насельніцтва ва ўзросце 9-49 гадоў з 40,7 % у 1926 г. да 80,9 % у 1939 г.[8]), літаратурныя і мастацкія аб’яднанні, кінастудыя «Савецкая Беларусь» (1928); пабудаваны мінскі тэатр оперы і балета (1938); узрасла колькасць спартыўных арганізацый і клубаў (напрыклад, у 1927 г. заснаваны мінскі футбольны клуб «Дынама»); беларуская мова выкладалася ў навучальных установах[9]. Гэта дало якасны штуршок развіццю беларускай культуры і друку. Рэалізоўвалася палітыка «карэнізацыі» (беларусізацыі) і пабудовы свецкага грамадства[10]. З 1920-ых гг. узнікаюць новыя свецкія святы і абрады (акцябрыны, чырвонае вяселле, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі і г.д.), якія замянілі царкоўныя святы і царкоўны шлюб[8].

Устанаўленне ў 19291988 гг. у СССР жорсткай таталітарнай сістэмы, манаполіі камуністычнай ідэалогіі, сацыялістычнага тыпу эканомікі і ізаляцыя ад іншых краін свету крайне адмоўна адбіліся на развіцці беларускага грамадства[11][12]. Індустрыялізацыя прамысловасці не ліквідавала тэхналагічнага адставання ад сусветнага ўзроўню і праблему дэфіцыту тавараў, аднак былі створаны і перадавыя высокатэхналагічныя прадпрыемствы (пераважна — ваенна-прамысловага профілю)[11]. Прымусовая калектывізацыя і ліквідацыя прыватнай уласнасці на зямлю, прадпрыемствы і сродкі вытворчасці прыводзілі да змены шматвекавой свядомасці чалавека як ўласніка і гаспадара, да дэматывацыі працы[13]. Сталінскія рэпрэсіі, пік якіх прышоўся на 1937—1938 гг., асабліва моцна ўдарылі па нацыянальнай эліце (чыноўніцтву, інтэлігенцыі, афіцэрству)[13].

Татальная ідэалагізацыя грамадскага жыцця ў СССР абумовіла далейшае звужэнне бытавання беларускага традыцыйнага мастацтва і фальклору[13]. Адбывалася рэвізія зместу беларускай нацыянальнай культуры пад лозунгам «новай» сацыялістычнай культуры, у якой нацыянальнае павінна было выконваць толькі функцыі формы, а не зместу[13]. Уладамі СССР свядома з 1933 г. дэфармаваўся правапіс беларускай літаратурнай мовы, каб наблізіць яе да рускай мовы; у тэрміналогіі з’явіліся ідэалагізаваныя новаўтварэнні і канцылярызмы[13]. А сама сфера ўжывання беларускай мовы з 1930-х гг. памяншалася, асабліва ў гарадах, на карысць рускай мовы, якая з 1960-х гг. пачала дамінаваць у гарадах[14].

У Заходняй Беларусі (1921—1939), дзе былі захаваны капіталістычныя адносіны, становішча беларусаў і беларускай культуры было дыскрымінацыйным[13]. З пачаткам Другой сусветнай вайны (1939—1945) Заходняя Беларусь увайшла ў 1939 г. у склад БССР, што было актам уз’яднання этнічнай тэрыторыі беларусаў пад адным дзяржаўным кіраваннем, але савецкай уладай Віленскі край быў перададзены ў 1940 г. Літве, а Беласточчына ў 1945 г. — Польшчы[15]. 26 чэрвеня 1945 г. БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН і фармальна яе членам.

 
Станцыя метро «Плошча Якуба Коласа» мінскага метрапалітэна, адкрытага ў 1984 г. Фота 2011 г.

У 1957 г. быў ўдакладнены і зменены ў лепшы бок правапіс беларускай мовы, які выправіў адыёзныя рысы правапісу ад 1933 г. Менавіта ў 19601990 гг. Беларусь (БССР) перайшла ў разрад індустрыяльна развітых краін[16]: на гэтыя 30 год прыпадае бум індустрыялізацыі і як вынік — бум урбанізацыі (у 1975 г. працэнт гарадскога насельніцтва БССР перавысіў 50 % і была дасягнута амаль суцэльная пісьменнасць насельніцтва)[16]. Гарады БССР імкліва развіваліся па перадавым савецкім стандартам урбаністыкі, узрастала якасць жыцця гараджан — у канцы 1970-х гг. узнікла грамадства спажывання[17]. Калі ў 1959 г. у Мінску жыло 506 тыс., то ў 1989 г. ужо 1,58 млн чал.[18] Для БССР 1960—1990 гг. сталі і перыядам росквіту афіцыйнай беларускай культуры і навукі, а таксама — стварэння нешматлікіх нелегальных і нефармальных культурных суполак («На Паддашку», «Майстроўня» і інш.), якія ідэалагічна адхілялі сацыялізм[19]. Напрыклад, паводле твораў выдатнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча здымаліся кінастужкі на «Беларусьфільме» і ставіліся оперы. З 1952 г. СССР стаў удзельнікам Алімпійскіх гульняў, а ў БССР дзяржаўную падтрымку і папулярнасць атрымалі амаль усе алімпійскія віды спорту, асабліва лёгкая і цяжкая атлетыка, футбол, гандбол, фехтаванне, кулявая стральба, гімнастыка, біятлон і інш.[20][21] У БССР у 1974 г. 61 % спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй былі беларусамі[22], а ў 1989 г. доля беларусаў сярод студэнтаў БССР была 70,7 %[23]. З 1960—1970-х гг. грамадства СССР ужо не было такім цалкам закрытым і жорсткім, як раней (у часы Іосіфа Сталіна): існавалі пэўныя мажлівасці кароткатэрміновага выязду за мяжу, знаёмства з сусветнай літаратурай (у тым ліку літаратурай Захада), пракат замежных кінафільмаў, інфармаванасць аб рэаліях жыцця за мяжой (часам большая, чым інфармаванасць жыхароў краін Захаду аб рэаліях жыцця ў СССР і іншых краінах) і г.д.[24] Выказваюцца думкі, што ў СССР у 1970-ыя гг. узнік сярэдні клас, хоць ён быў пазбаўлены права на прыватную ўласнасць і свабодную прэсу[24].

 
Пётр Ільіч Клімук — першы беларускі касманаўт, які ў 1973 г. здзейсніў палёт у космас

У 1950—1990 гг. савецкая ўлада рабіла шмат намаганняў, каб наблізіць умовы і стандарты духоўна-культурнага і матэрыяльнага жыцця на вёсцы да гарадскіх: у сельскім быце прывычнымі сталі дамы з цэглы, электрычнасць, газ, вадаправод, каналізацыя, цэнтральнае ацяпленне, масава будаваліся дамы культуры і кінатэатры, цэнтры бытавога абслугоўвання і медпункты. У сельскай мясцовасці масава пачалі насіць адзенне, зробленае на фабрыках СССР. У вёсцы прысядзібная гаспадарка была невялікай, а такія прадукты як хлеб, кандытарскія вырабы, кансервацыя, вострыя прыправы і напоі сельскія жыхары пакупалі выключна ў дзяржаўных магазінах. У 1989 г. у вёсках жыло толькі 3,5 % насельніцтва БССР[25]. Народная мастацкая самадзейнасць арганізоўвалася адміністрацыяй дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў (у 1987 г. у ёй было задзейнічана звыш 1 млн чал.[26]). Рэдкасцю сталі народныя мастакі і складальнікі песень, што кампенсавалася развіццём поп-культуры з 1960-х гг.

Сучаснасць правіць

 
Святкаванне 940-годдзя Мінску каля манумента «Мінск — горад-герой». Фота 8 верасня 2007 г.
 
Дзень беларускага пісьменства (2014) у Заслаўі

Пасля выхаду ў 1991 г. Беларусі са складу СССР і атрымання незалежнасці Рэспублікай Беларусь, што моцна і пазітыўна ўплывае на свядомасць беларусаў, беларуская мова захавала статус дзяржаўнай, а рэспубліка пачала лагодную рэвізію сацыялістычнага мінулага, аднаўленне шматпартыйнасці, развіццё культурнага плюралізму і працэс прыватызацыі, арыентуючы знешнюю палітыку на краіны СНД, у першую чаргу — на Расію. Адкрыўся свабодны ўезд і выезд з краіны. Грамадства стала адкрытым пераняццю многіх агульнаеўрапейскіх традыцый вядзення бізнеса, баўлення вольнага часу (святы, спорт, турызм і інш.), стандартаў адукацыі, пашырэнню ўжытку замежных моў (англійскай, нямецкай), развіццю інфармацыйнай прасторы (у тым ліку Інтэрнэта) і г.д. Афіцыйныя ўлады імкнуцца захаваць для насельніцтва лепшыя сацыяльныя стандарты, складзеныя ў савецкія часы (бясплатныя публічныя бібліятэкі, адукацыя, медыцына, дэкрэтны адпачынак і інш.), а таксама надаюць вялікую ўвагу арганізацыі і правядзенню дзяржаўных свят (Дзень Перамогі, Дзень Рэспублікі, Дзень беларускага пісьменства і інш.), фестывалю «Дажынкі», фестывалю беларускай паэзіі і песні ў Маладзечне, фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» і развіццю спорту за кошт рэспубліканскага бюджэту.

Юрыдычна ў сучаснай Беларусі існуе права прыватнай уласнасці на зямлю (на ўчасткі памерам не болей за 1 га), але фактычна абароту і рынка зямлі няма, а некаторыя катэгорыі зямельных участкаў забаронена пераводзіць у прыватную ўласнасць увогуле[27]. Дагэтуль абсалютная большасць зямлі знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, таму не сфармавана катэгорыя прыватных зямельных уласнікаў[27]. Не сфармавана і значная доля прыватных уласнікаў ўвогуле: дзяржаўны сектар з’яўляецца дамінуючым у эканоміцы Беларусі і складаў у 2011 г. (паводле дадзеных ЕБРР) каля 70 %: гэты сектар ахоплівае як стратэгічныя галіны эканомікі (энергетыка, сыравінныя матэрыялы і прамысловыя прадпрыемствы), так і значную частку вытворчасці тавараў паўсядзённага попыту і сферы паслуг[28][29].

Паводле вынікаў рэферэндуму 1995 г. другой дзяржаўнай мовай у Беларусі стала руская мова, якой карыстаецца пераважная большасць насельніцтва. Гэта выклікае занепакоенасць у многіх прадстаўнікоў інтэлігенцыі і творчай эліты адносна верагоднасці непапраўнай страты ва ўжытку беларускай мовы, сфера выкарыстання якой і так невялікая. Тым не менш, у цяперашні час менавіта гарады Беларусі (у тым ліку — Мінск) з’яўляюцца галоўнымі асяродкамі беларускамоўнай культуры[30][31].

Многія рысы традыцыйных абрадаў (у скарочаным або пераасэнсаваным выглядзе) набылі новае жыццё і ў сучаснай культуры беларусаў, у тым ліку — у гульнявой форме[32]. Напрыклад, у сучасную цырымонію рэгістрацыі шлюбу ўвайшлі некаторыя элементы традыцыйнага вяселля: «выкуп» нявесты, абгортванне рук маладых ручніком, абсыпанне маладых зернем і г.д.[33] Традыцыйныя рамёствы звычайна выкарыстоўваюцца толькі для вырабу нацыянальных сувеніраў.

Падзеі 2020—2021 гадоў сталі наймацнейшым ударам па беларускай культуры, якія паставілі яе на мяжу выжывання. Былі ліквідаваны Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Таварыства беларускай мовы. Са складанасцямі пачалі сутыкацца беларускамоўныя выдавецтвы «Кнігазбор» і «Янушкевіч», у якіх некалькі месяцаў былі арыштаваныя рахункі. Са школьнай праграмы былі выключаны творы лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч, якая была вымушана з’ехаць з краіны. Беларускія пісьменнікі (А. Бахарэвіч, У. Някляеў і інш.) вымушаны друкаваць свае творы па-за межамі Беларусі.

Гл. таксама правіць

Зноскі правіць

  1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4. С. 299.
  2. 25 сакавіка 1918 г. была абвешчана БНР, якая была «пераўстаноўлена» у 1920 г. У Смаленску 31 снежня 1918 г. была аб’яўлена Беларуская савецкая рэспубліка, якая 1 студзеня 1919 г. была аб’яўлена як ССРБ. У Вільні 27 лютага 1919 г. была аб’яўлена ССР ЛітБел. У Мінску 31 ліпеня 1920 г. была аб’яўлена БССР. Акрамя гэтага была спроба стварэння ў лістападзе 1918 г. Вялікага Княства Літоўска-Беларускага. А ў 1920 г. былі спробы стварэння дзяржавы (з тэрыторый Грамадзянскай управы ўсходніх зямель), якая б была ў федэрацыі з Польшчай.
  3. Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці… С. 446.
  4. Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці… С. 448.
  5. Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — С. 297.
  6. Чаквін, І. У. Беларусы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Мінск : БелЭн, 1993. — Т. 1. — С. 475—476.
  7. Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — С. 257.
  8. а б Чаквін, І. У. Беларусы // Этнаграфія беларусаў: Энцыкл. — Мінск : БелСЭ, 1989. — С. 72.
  9. Чаквін, І. У. Беларусы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Мінск : БелЭн, 1993. — Т. 1. — С. 476; Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — С. 254.
  10. Чаквін, І. У. Беларусы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Мінск : БелЭн, 1993. — Т. 1. — С. 476.
  11. а б Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — С. 399.
  12. Чаквін, І. У. Беларусы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Мінск : БелЭн, 1993. — Т. 1. — С. 476—477.
  13. а б в г д е Чаквін, І. У. Беларусы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Мінск : БелЭн, 1993. — Т. 1. — С. 477.
  14. Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — С. 290, 357; Чаквін, І. У. Беларусы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Мінск : БелЭн, 1993. — Т. 1. — С. 478, 479.
  15. Чаквін, І. У. Беларусы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Мінск : БелЭн, 1993. — Т. 1. — С. 478.
  16. а б Манак, Б. А. Насельніцтва Беларусі: рэгіянальныя асаблівасці развіцця і рассялення. — Мінск : Універсітэцкае, 1992. — С. 8.
  17. Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — С. 374; Третьяков, В. Крушение СССР и возрождение России(недаступная спасылка)… С. 18.
  18. Манак, Б. А. Насельніцтва Беларусі: рэгіянальныя асаблівасці развіцця і рассялення. — Мінск : Універсітэцкае, 1992. — С. 27.
  19. Чаквін, І. У. Беларусы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Мінск : БелЭн, 1993. — Т. 1. — С. 479—480; Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — С. 378—383; Беларусы : у 13 т. / Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш]. — Мінск : Беларус. навука, 2001. — Т. 4. — С. 412.
  20. Фізічная культура і спорт у 1945—1974 // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя: у 12 т. — Т. 12. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мінск : Бел. Сав. Эн., 1975. — С. 369.
  21. Таблица. Чемпионы и призеры летних Олимпийских игр — спортсмены БССР (1952—1988 гг.) — Узята з кнігі: Сазанович, В. П. Физическая культура и спорт в Белоруссии: Страницы летописи / В. П. Сазанович, К. А. Кулинкович, В. С. Филиппович. — Минск : Полымя, 1988. — 268 с.
  22. Беларусы : у 13 т. / Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш]. — Мінск : Беларус. навука, 2001. — Т. 4. — С. 403.
  23. Беларусы : у 13 т. / Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш]. — Мінск : Беларус. навука, 2001. — Т. 4. — С. 404.
  24. а б Третьяков, В. Крушение СССР и возрождение России(недаступная спасылка)… С. 19—20.
  25. Манак, Б. А. Насельніцтва Беларусі: рэгіянальныя асаблівасці развіцця і рассялення. — Мінск : Універсітэцкае, 1992. — С. 10. (Астатняе насельніцтва жыло не толькі ў гарадах, але і ў пасёлках гарадскога тыпу).
  26. Чаквін, І. У. Беларусы // Этнаграфія беларусаў: Энцыкл. — Мінск : БелСЭ, 1989. — С. 76.
  27. а б Экономический ликбез TUT. Земля в собственность «как иной случай» Архівавана 8 лютага 2017.
  28. Попкова, А. На принципах равноправия… С. 71.
  29. Зазеркалье-2: Белстат уверен, что в Беларуси — капитализм
  30. Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — С. 415.
  31. У Мінску знаходзяцца Інстытут мовазнаўства НАНБ, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, галоўныя беларускамоўныя выдавецтвы, рэдакцыі галоўных беларускамоўных газет Беларусі, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і г.д.
  32. Беларусы : у 13 т. / Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш]. — Мінск : Беларус. навука, 2001. — Т. 4. — С. 422—423.
  33. Шелупеко, Н. Е. Трансформация традиций в современной культуре Беларуси

Літаратура правіць

  • Культура // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — С. 298—300. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Беларусь // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 12—65. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3). (Фізічная культура і спорт, с. 40; Асвета, с. 40; Культурна-асветныя ўстановы, с. 43; Друк, радыё, тэлебачанне, с. 43; Навука, с. 44; Літаратура, с. 45; Архітэктура, с. 49; Выяўленчае мастацтва, с. 52; Музыка, с. 58; Тэатр, с. 61; Кіно, с. 62.)
  • Этнакультурныя працэсы // Гісторыя Беларусі ў 6 т. / М. Касцюк (гал. рэд.). — Мн.: Экоперспектива, 2008. — Т. 2. — С. 541—637.