Кінемато́граф (грэч. κινεμα — рух і грэч. γραφο — пісаць, адлюстроўваць) — від сучаснага выяўленчага мастацтва, з’явіўся ў XIX ст. і стаў папулярны ў XX ст. Таксама кінематографам называюць комплекс прылад і метадаў для здымак аб’ектаў у руху на кінастужку і наступнага прайгравання атрыманых здымкаў праз праецыраванне на экран. Часта, калі кажуць кіно́, маюць на ўвазе менавіта кінематограф, зрэдку ўжываюць варыянты тэрміна сінемато́граф (фр.: cinematographe), кінематагра́фія і кінамастацтва.

Адна з першых кінакамер

Уплыў кінематографа на культуру і мастацтва бясспрэчны, выказваюць таксама меркаванні пра значнасць уплыву кінематографа на палітыку і эканоміку.

Кінематограф вывучае навука кіназнаўства.

Галіна прамысловасці, якая вырабляе кінафільмы, спецэфекты для кінафільмаў і мультыплікацыю, завецца кінаіндустры́я. У многіх краінах кінаіндустрыя — значная галіна эканомікі.

Вытворчасць кінафільмаў засяроджана на кінастудыях. Фільмы дэманструюць у кінатэатрах — стацыянарных і перасоўных, па тэлебачанні, распаўсюджваюцца як відэа на відэакасетах і відэадысках.