Лаўрышаўскае евангелле

Лаўрышаўскае евангелле — рукапіснае ілюмінаванае напрастольнае евангелле-апракас, створанае ў пачатку XIV стагоддзя[1][2] для праваслаўнага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра пад Навагрудкам, выдатны прыклад ілюстраванай рукапіснай кнігі ў Беларусі ў Сярэдневякоўі.

Лаўрышаўскае евангелле. 2 пал. XIII — пач. XIV стагоддзя[1], вокладка XVI ст.
Тэхніка рукапіс
Бібліятэка Чартарыйскіх, г. Кракаў, Малапольскае ваяводства, Польшча
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Першая ўкладная грамата ў Евангелле датавана 1329 годам, што дае падставы для датавання самога Евангелля[3]. Некаторыя даследчыкі[1] звязваюць стварэнне кнігі з заснаваннем у пачатку XIV стагоддзя Літоўска-Навагрудскай мітраполіі і з дзейнасцю князя наваградскага Міхаіла-Карыята Гедзімінавіча (у першай укладной грамаце у Евангелле згадана будаўніцтва князем царквы пасля яго вяртання з ардынска-маскоўскага палону).

Напісана на царкоўнаславянскай мове, прысутнічаюць надпісы на старабеларускай.

Змест правіць

 
Ініцыял з Лаўрышаўскага евангелля.

Лаўрышаўскае евангелле ўяўляе сабой так званы поўны апракас, гэта значыць, змяшчае богаслужбовыя евангельскія чытанні на ўвесь год, акрамя шасці тыдняў Вялікага посту, для якіх прыведзены толькі суботнія і нядзельныя тэксты. Царкоўнаславянскі тэкст рукапісу займае 374 старонкі, для выдзялення ініцыялаў (вялікіх літар) выкарыстаны чырвоныя і зялёныя фарбы.

Кніга складаецца з дзвюх частак. Першая змяшчае чытанні ў парадку літургічнага года — ад Пасхі да Вялікай суботы — і займае старонкі з 3 да 320. Другая частка значна меншая (займае старонкі 320—366). Тут знаходзяцца чытанні (або пазначэнні на адпаведныя месцы ў першай частцы) па днях каляндарнага вераснёўскага года — ад 1 верасня да 29 жніўня (аркушы з тэкстамі на 30 і 31 жніўня не захаваліся).

У прыпісцы да Евангелля знаходзіцца адно з ранніх рускіх гімнаграфічных сачыненняў — «Канон і плач Багародзіцы» (сярэдзіна XIV стагоддзя)[4].

Мастацкае аздабленне правіць

 
Евангеліст Іаан. Мініяцюра Лаўрышаўскага евангелля.
 
Архангел Міхаіл. Старонка Лаўрышаўскага евангелля.

Мастацкае аздабленне Лаўрышаўскага евангелля стварае складанае ўражанне, і ў некаторых сваіх тэндэнцыях супрацьстаіць усходнеславянскаму кніжнаму майстэрству XI—XII стагоддзяў. Евангелле ілюстравана 18 мініяцюрамі. Акрамя традыцыйных мініяцюр з чатырма евангелістамі, ў ім знаходзіцца яшчэ 14 мініяцюр — 12 на сюжэт евангельскай гісторыі, і выявы праведнага Іова і архангела Міхаіла[5].

 
Выява на акладзе Лаўрышаўскага евангелля.
 
Прарысоўка выявы на акладзе Лаўрышаўскага евангелля.

Высокамастацкім творам з'яўляецца пераплёт кнігі (XVI ст.), які аздоблены бірузой, рубінамі, ізумрудамі. У цэнтры акладу на срэбнай пласціне — выява заступніка воінаў святога Дзмітрыя Салунскага ў даспехах з кап'ём і шчытом[6]. У свой час В. Ластоўскі лічыў гэтую выяву партрэтам вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага Войшалка (аднаго з заснавальнікаў Лаўрышаўскага манастыра), гэтае меркаванне і цяпер можна сустрэць у даведачнай літаратуры і падручніках.

Л. М. Яўсеева[7], правёўшы ўважлівы аналіз працы мініяцюрыста, прыйшла да высновы, што ілюстрацыі евангельскіх сюжэтаў узыходзяць да візантыйскага мастацтва: групаванне фігураў, дынаміка і маштабнасць сцэн захоўваюць асаблівасці візантыйскіх ансамбляў комнінаўскай эпохі. Аднак даследчыца пры гэтым адзначыла, што пераважная тэхніка мініяцюр Лаўрышаўскага евангелля мае падабенства з раннімі заходнімі іконаграфічнымі творамі X—XIII стст. — нямецкімі кніжнымі мініяцюрамі XII—XIII стст., што гаворыць пра даволі нечаканую арыентацыю на заходнееўрапейскія ўзоры, змяшэнне візантыйскага і заходнееўрапейскага стыляў.

Ёсць паралелі таксама з паўночна-рускім мастацтвам: так, мініяцюра, што адлюстроўвае «Прыповесць пра слодыч гэтага мира», мае відавочнае падабенства да выявы на Васільеўскай браме 1336 года — медных царскіх варотах наўгародскага Сафійскага сабора.

Укладныя запісы правіць

Кніга змяшчае 14 укладных запісаў, найранейшы з якіх датаваны 1329 годам і адносіцца да заснавання царквы Святога Мікалая. 9 з 14 запісаў маюць непасрэдныя ўказанні на Лаўрышаўскі манастыр як на адрасата ўкладу, астатнія пяць паводле зместу і сэнсу таксама маюць дачыненне да Наваградскай зямлі.

Сярод тых, хто рабіў уклады: князь наваградскі Міхаіл-Карыят Гедзімінавіч, князь Дзмітрый Альгердавіч, кіеўскі князь Алелька Уладзіміравіч[8] і іншыя[1].

Лёс кнігі правіць

 
Успенская царква в. Лаўрышава. Пабудавана ў 1775 як царква Лаўрышаўскага манастыра, у якім Евангелле захоўвалася да сяр. XIX ст. Фота пачатку XX ст. (да 1919).

У перыяд знаходжання Беларусі ў Расійскай імперыі (між 1842—1882 годамі) кніга была вывезена ў Кракаў. У 1842 г. акадэмік Аляксандр Вастокаў зрабіў першае навуковае апісанне Лаўрышаўскага Евангелля, заўважыўшы: «…Евангелле разам з Пулаўскай бібліятэкай кн. Чартарыйскага перавезенае ў Санкт-Пецярбург і знаходзіцца цяпер у Імператарскай публічнай бібліятэцы». Частка Пулаўскай бібліятэкі ўвайшла ў 1833 годзе ў склад фондаў пецярбургскай Публічнай бібліятэкі, аднак ніякіх звестак пра паступленне Лаўрышаўскага евангелля няма.

Магчыма, Евангелле знікла разам з тымі рукапісамі і старадрукаванымі кнігамі, адсутнасць якіх выявіла «бутурлінская» рэвізія 1843—1844 гг. У кожным разе, у 1882 Лаўрышаўскае евангелле ўжо знаходзілася ў Кракаве, у бібліятэцы князёў Чартарыйскіх[1]. Абставіны, пры якіх кніга трапіла ў Кракаў, невядомыя. У 1887 кніга была адрэстаўраваная.

У 2009 годзе ў Беларусі было ўзнята пытанне пра вяртанне Лаўрышаўскага евангелля з Польшчы[9]. Намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Грыдзюшка заявіў, што «размова ў прынцыпе пра тое, каб перадаць у Беларусь копію гэтага Евангелля»[10]. У тым самым годзе было абвешчана, што выдавецтва Беларускага экзархата плануе выдаць факсімільнае выданне Евангелля[11].

Месца захоўвання правіць

 
Бібліятэка Чартарыйскіх.

У цяперашні час арыгінал Евангелля захоўваецца ў навуковай Бібліятэцы князёў Чартарыйскіх  (польск.) (вуліца Святога Марка  (польск.), 17, 31-018, Кракаў, Польшча). Бібліятэка з’яўляецца ўласнасцю Фонду князёў Чартарыйскіх, кіраванне ёю ажыцьцяўляе Нацыянальны музей у Кракаве.

Факсімільнае выданне правіць

У 2018 годзе ўкраінскае выдавецтва «Гарабец» ажыццявіла факсімільнае выданне Лаўрышаўскага евангелля. У Беларусі кніга маецца ў царкоўна-гістарычным музеі Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра ў в. Лаўрышава (Шчорсаўскі сельсавет Навагрудскага раёна), Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеі, Навагрудскай раённай бібліятэцы, Нацыянальнай бібліятэцы і Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі.

Выявы правіць

Зноскі

  1. а б в г д М. Нікалаеў, В. Антонаў. Пачаткі кніжнай культуры Вялікага Княства Літоўскага // Спадчына. — 2003. — № 4-5. Архівавана 7 верасня 2008.
  2. Friedelówna T. Ewangeliarz ławryszewski: Monografia zabytku. — Wrocław etc., 1974; Smorag-Różycka M. Miniatury «Ewangeliarza ławryszewskiego». Zagadnienie stylu // Folia historiae artium. T. 28. — Kraków, 1992.
  3. З гісторыі Лаўрышаўскага манастыра Архівавана 21 верасня 2010. (руск.)
  4. Гимнография // Православная энциклопедия
  5. Smorąg-Różycka M. Miniatury «Ewangeliarza Ławryszewskiego». Zagadnienie stylu // Folia Historiae Artium. — Kraków, 1992. — T. 28. — S. 13 — 38.
  6. Свентицкий, И. С. Лаврашевское Евангелие начала XIV века (Палеографическо-грамматическое описание) // Известия отделения Русского языка и словесности имп. Академии наук. — СПб., 1913. Т. 18, кн. 1.
  7. Евсеева, Л. Афонская книга образцов XV в. О методе работы и моделях средневекового художника. — М., 1998. — С. 109.
  8. Сын Уладзіміра Альгердавіча
  9. Беларусь хочет вернуть реликвию XIV века Лавришевское Евангелие Архівавана 24 верасня 2015.
  10. Минкульт Беларуси ведет переговоры с польской стороной о передаче Лавришевского евангелия
  11. У Беларусі плануецца факсімільнае аднаўленне шэрагу старадаўніх царкоўных рарытэтаў Архівавана 23 верасня 2015. (бел.)

Спасылкі правіць