Леанід Сяргеевіч Анцімонаў

Леанід Сяргеевіч Анцімонаў (16 снежня 1934, в. Куляшы, цяпер Сенненскі раён, Віцебская вобласць — 16 лютага 2012, г. Віцебск) — беларускі графік, жывапісец і педагог.

Леанід Сяргеевіч Анцімонаў
Дата нараджэння 16 снежня 1934(1934-12-16)
Месца нараджэння
Дата смерці 16 лютага 2012(2012-02-16) (77 гадоў)
Месца смерці
Род дзейнасці мастак, педагог
Месца працы
Вучоба

Біяграфія правіць

Скончыў Рыжскае мастацка-рамеснае вучылішча № 17 (1952), Рыжскае вучылішча прыкладнога мастацтва (І955), мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1963). З 1964 года выкладчык графікі, жывапісу, малюнка, кампазіцыі на мастацка-графічным факультэце ВДПІ (пазней Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава), дацэнт (1987—2005). Узнагароджаны знакам «Выдатнiк народнай асветы» (1984). Прайшоў стажыроўкі на факультэце графікі ў Акадэміі мастацтваў Латвійскай ССР у прафесараў П. Упіціса і А. Апені (1970), на кафедры графікі ў БДТМІ ў прафесара В. Шаранговіча (1985—1986). Прафесар вышэйшай педагагічнай школы ў г. Зялёна Гура (Польшча) (1991—1993). Удзельнік мастацкіх выстаў з 1964 г. Член Саюза мастакоў з 1987 г.

Працаваў у розных графічных тэхніках (афорце, літаграфіі, ксілаграфіі, манатыпіі і г. д.), акварэлі, алейным жывапісе. Творчая эксперыментальная праца спрыяла адкрыццю ўласных спосабаў гравюры на кардоне, фанеры і дрэвавалакністай пліце, калажнага спосабу гравюры на кардоне і фларатыпіі, розных спосабаў манатыпіі, акватыпіі, гратажа. Аўтар шэрагу навучальных дапаможнікаў: па графіцы, манатыпіі, гравюры на кардоне (дзве часткі), фларатыпіі.

Творчасць правіць

Сярод асноўных твораў: «Акно» (1974), «Кветкі палявыя» (1975), «Нацюрморт. Самавары» (1975), «Эдэльвейс» (1977), «Кветка папараці» (1978), «Мефістофель» (1978), «Дрэва жыцця» (1980), «Абуджэнне» (1982), «Хваля» (1984), «Рэквіем» (1984), трыпціх «Зямля, месяц, сонца» (1985-86), «Ахвярапрынашэнне» (1991), «Гарачае лета ў лесе» (1995), «Партрэт П. Пікасо» (1999), «Рыфы» (2001), «Паток» (2009), «Горы» (2009), «Канец ХХ стагоддзя. Рэквіем» (2009), «Журавіны» (2009); цыклы работ «Успаміны пра вайну» (1976), «Балада пра Чылі» (1976), «На купальскую ноч» (1978), «Твары і маскі» (1979), «Пунсовая кветачка» (1981), «Джаз» (1981), «Грузія» (1982), «Катастрофа» (1988-91), «Людзі і птушкі» (1991), «Рэпрэсіі» (1993-95), «Міраж» (1995), «Жыццё джунгляў» (1997-98), «Поры года» (2003), «Дыханне вясны» (2008—2009), «Прысвячаецца А. Пушкіну» (2009).

Творам мастака ўласцівыя філасофская трактоўка вобраза, паэтычная ўзнёсласць, полістылізм, выкарыстанне складаных тэхнічных прыёмаў, асацыятыўнасць колеру, эксперыментальны характар мастацкай мовы.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Цыбульский, М. Л. Антимонов Леонид Сергеевич / М. Л. Цыбульский // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [и др.]. — Мн. : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 2 : Витебская область. Кн. 1. — С. 19.