Лесапільня[1], таксама лесапільны завод, тарта́к — прадпрыемства першаснай перапрацоўкі леса на піламатэрыялы ў сістэме лесанарыхтоўчай прамысловасці.

Гісторыя ўзнікнення правіць

 
Лесапільня ў Бабруйску, пач. ХХ ст.

Найстарэйшая ў свеце лесапільня, датаваная 2-й паловай III стагоддзя, была знойдзена ў горадзе Іерапалі Рымскай імперыі. Яна мела прывад ад вадзянога кола, пры дапамозе якога праз корбы і шатуны прыводзіліся ў рух дзве піларамы[2].

У Еўропе лесапільні атрымалі шырокае распаўсюджанне з XVI стагоддзя, а ў 1593 годзе быў атрыманы патэнт на лесапільныя механізмы[3].

Спачатку пільні ўладкоўваліся ў лесе, непасрэдна на месцы здабычы драўніны. Атрыманыя матэрыялы перавозіліся да месца прызначэння на калёсах, запрэжаных канямі, а ўзімку — на санях, якія цягнулі валы. Па меры развіцця лесанарыхтоўчай прамысловасці, пільні станавіліся больш пастаяннымі прадпрыемствамі, размешчанымі на рэках, адкуль гатовыя вырабы перамяшчаліся на плытах[4].

Наступнае развіццё лесапільняў адбылося ў сувязі з індустрыяльнай рэвалюцыяй у XVIIXVIII стагоддзях. Дзякуючы вынаходніцтву дыскавай пілы павялічыліся прадукцыйнасць і якасць піламатэрыялаў, якія дагэтуль распілоўваліся ўручную[5].

Узнікненне парасілавай устаноўкі ў XIX стагоддзі дазволіла ствараць лесапільні паводдаль ад рэк, да таго ж адыходы драўніны забяспечылі крыніцу паліва для паравых катлоў[4].

У XX стагоддзі дзякуючы прымяненню электрычнасці і інфармацыйных тэхналогій, лесапільні пераўтварыліся ў буйныя заводы і фабрыкі, дзе большасць працэсаў працы аўтаматызавана. Нягледзячы на гэта, працягваюць дзейнічаць дробныя прыватнаўласніцкія пільні, якія спецыялізуюцца на канкрэтным тыпе прадукцыі.

Лесапільні ў Беларусі правіць

Развіццё лесанарыхтоўчай прамысловасці ў Беларусі пачалося ў 2-й палове XIX стагоддзя, што адбылося дзякуючы змяненню эканамічных зносін і развіццю чыгункі, якая прыйшла на змену традыцыйнаму плытагонству.

На тэрыторыі Слуцкага павета напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі працавала 38 прадпрыемстваў, большую частку з якіх складалі лесанарыхтоўкі. Асноўнымі яе галінамі з’яўляліся выраб драўлянага вугалю і паташу, выганка дзёгцю і смалакурэнне. Размяшчэнне падобных прадпрыемстваў часта абумоўлівалася жаданнямі іх гаспадароў несці мінімальныя транспартныя выдаткі, таму лесапільні часта ўзнікалі ў лясах, на ўзлесках, ва ўрочышчах[6].

Некаторыя паселішчы ўзніклі на месцы колішніх месцаў лесанарыхтоўчай прамысловасці, што адлюстравана ў такіх тапонімах, як Паташня, Дзегцяры, Смалярня, Смалакурны Завод і іншых[7].

Няпоўны спіс былых лесапільняў і лесапільных заводаў Беларусі правіць

Назва Месцазнаходжанне Гады існавання Апісанне
Бабруйскія лесапільныя заводы Бабруйск, Бабруйскі павет, Мінская губерня 1892—1914 Дзейнічала ўсяго 10 заводаў. Выкарыстоўваліся лакамабілі, паравыя катлы і рухавікі. Выраблялі струганы лес, дошкі, гонты, драніцу, мэблю і іншае. Працавалі па 12-59 і больш рабочых (ад 194 у 1913).
Бароўскі лесапільны завод Бароўка, Клімавіцкі павет, Магілёўская губерня 1902—1914 У 1908 годзе працавала 140 чалавек, у 1910—150 чалавек. Выраблялі бочкі, дошкі, клёпкі, дранку (гонту)[8].
Крывенскі лесапільны завод урочышча Крывое каля маёнтка Раманаўка, Рэчыцкі павет, Мінская губерня 1908—1914 Належала «Таварыству распрацоўкі лесу». Вырабляла дошкі, брусы, фрызы з дрэва цвёрдых лісцевых парод. Мела паравы рухавік (40 к.с.). У 1913 годзе працавала 50 чалавек.
Бабруйскія лесапільныя заводы Бабруйск, Бабруйскі павет, Мінская губерня 1892—1914 Дзейнічала ўсяго 10 заводаў. Выкарыстоўваліся лакамабілі, паравыя катлы і рухавікі. Выраблялі струганы лес, дошкі, гонты, драніцу, мэблю і іншае. Працавалі па 12-59 і больш рабочых (ад 194 у 1913).
Лесапільня Лур’е і Памеранц Глуша, Бабруйскі павет, Мінская губерня 1908—1913 Вырабляла дошкі, гонту, клёпкі. Мела паравы рухавік. У 1908 годзе на лесапільні працавала 50 чалавек, выраблена прадукцыі на 122000 рублёў.
Лесапільня Патрыкеева Глуша, Бабруйскі павет, Мінская губерня пач. ХХ ст. Вырабляла шпількі, верацяно, іншую прадукцыю. У 1908 годзе выраблена прадукцыі на 2000 рублёў, працаваў лакамабільны рухавік, 5 рабочых.
Любянецкая лесапільня маёнтак Любянец, Слуцкі павет, Мінская губерня 1900—1913 Працавала больш за 20 рабочых. Меўся паравы рухавік[6].
Слонімскі лесапільны завод Слонім, Слонімскі павет, Гродзенская губерня/Навагрудскае ваяводства 1896—1946 Вырабляў дошкі, брусы. У 1913 годзе меў паравую машыну. На заводзе працавала каля 50 чалавек[9].
Старасельскі лесапільны завод Старое Сяло, Мінскі павет, Мінская губерня 1884—1914 Вырабляў дошкі і іншыя піламатэрыялы. Меў паравую машыну. У 1884—1889 гадах працавала ад 16 да 135 чалавек.
Старэўскі лесапільны завод Старэва, Бабруйскі павет, Мінская губерня 1897—? Працавала ўсяго 35 рабочых, акрамя паравога рухавіка меўся лакамабіль. 9 сакавіка 1905 года адбылася забастоўка рабочых, якія патрабавалі паляпшэння ўмоў працы[6].
Ялізаўскі лесапільны завод Ялізава, Бабруйскі павет, Мінская губерня 1901—1916 Вырабляў дошкі з хвойных і паркет з цвёрдых лісцевых парод. У 1910 г. меў 2 паравыя машыны, працавалі 52 чал. Частка дошак ішла на Ялізаўскі шклозавод

Крыніцы правіць

  1. Слоўнік беларускай мовы / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; ўклад. Н. П. Еўсіевіч [і інш]; навук. рэд. А. А. Лукашанец, В. П. Русак. — Мінск : Беларус. навука, 2012. — 916 с. — ISBN 978-985-08-1365-7 : 53 334 р.
  2. Ritti, Tullia; Grewe, Klaus; Kessener, Paul (2007), «A Relief of a Water-powered Stone Saw Mill on a Sarcophagus at Hierapolis and its Implications», Journal of Roman Archaeology, 20, pp. 138—163
  3. H. Bonke et al., Cornelis Corneliszoon van Uitgeest: uitvinder aan de basis van de Gouden Eeuw, 2e dr. Zutphen 2004.
  4. а б Oakleaf, H.B. (1920), Lumber Manufacture in the Douglas Fir Region, Chicago: Commercial Journal Company
  5. Norman Ball, 'Circular Saws and the History of Technology' Bulletin of the Association for Preservation Technology 7(3) (1975), pp. 79-89.
  6. а б в Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч.. Ля вытокаў лясной прамысловасцi . Белорусская лесная газета. Архівавана з першакрыніцы 31 студзеня 2018. Праверана 17.06.2019.
  7. Жучкевіч 1974, с. 95, 306, 353.
  8. Прамысловасць Клімавіцкага раёна (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 чэрвеня 2019. Праверана 17.06.2019.
  9. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — 552 с.: іл. ISBN 985-11-0251-2 (т. 15), ISBN 985-11-0035-8. — С. 19.

Літаратура правіць