Лявонцій Тарасевіч

Лявонцій Тарасевіч (1650? — 1710?) — беларускі, літоўскі і ўкраінскі графік; працаваў у тэхніцы медзярыту (афорту).

Лявонцій Тарасевіч
Дата нараджэння 1650
Месца нараджэння
Дата смерці не раней за 1704
Месца смерці
Род дзейнасці мастак, графік
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфічныя звесткі правіць

Верагодна, брат Аляксандра Тарасевіча. Як мяркуюць, вучыўся ў Аўгсбургу, у гравёраў Кіліянаў.

Ранні перыяд творчасці звязаны з Беларуссю і Літвой. У 1680-я гады пераехаў на Украіну. У 1688 запрошаны ў Маскву.

Творчасць правіць

 
Гравюра, зробленная Лявонціем Тарасевічам з абраза Маці Божай з Дзіцяткам, які захоўваўся ў галоўным алтары мінскага касцёла бернардзінак

Творы адметныя жыццёвасцю вобразаў, цэласнасцю кампазіцыі, дакладнасцю малюнка, разнастайнасцю штрыхоўкі. У ранні перыяд створана гравюра «Апосталы Пётр і Павел з цудадзейным абразом Жыровіцкай Багародзіцы», партрэты К. С. Радзівіла, ашмянскага прыстольніка Г. Зямлі, смаленскага епіскапа Б. Корвін-Гасеўскага (канец 1690-х г.), гербы віленскага епіскапа К. Бжастоўскага (1682), Агінскіх (1686) і інш., афармленне «Служэбніка» (1695). У творах шырока выкарыстаны барочныя сімвалы і алегорыі. У Маскве выканаў партрэт рускай царэўны Соф'і. Значныя творы гэтага перыяду: гравюры да кнігі «Пацярык Пячэрскі» (1702). «Псалтыр» і «Евангелле» (абодва 1703)[1].

 
Франтыспіс кнігі М. Буйноўскага «Рацыянальныя асновы выбару». 1688

Важны перыяд дзейнасці Л. Тарасевіча звязаны з Віленскай акадэмічнай і Супрасльскай друкарнямі. У выданнях, выпушчаных тут, Л. Тарасевіч паўстае як вопытны майстар, які не толькі выдатна валодае тэхнікай гравіравання, але мае бліскучыя якасці мастака з тонкім густам, свабодна аперыруе складанымі і разнастайнымі кампазіцыйнымі, пластычнымі прыёмамі. Гэта бачна, напрыклад, па вырашэнні франтыспіса і ілюстрацый у кнізе М. Буйноўскага «Рацыянальныя асновы выбару» (Вільня, 1688).[2]

Асабліва яскрава магчымасці мастака адлюстраваліся ў стварэнні тытульнага ліста «Літургіёна, або Служэбніка» (Вільня, Супрасль, 1692—95). Яго адрознівае бездакорнае адчуванне прапарцыянальных суадносін паміж масамі выяўленчых форм і свабодным аб'ёмам аркуша, прызначаным для размяшчэння тэксту. Пластыка аркуша вызначаецца выразнай вытанчанасцю. На крыху высунутых уперад падножжах калон стаяць фігуры святых Васіля Вялікага і Іаана Златавуста. Вышэй над імі паказаны анёлы і Святы Георгій Дваяслоў. 3 пышнай дэкаратыўнай аздобай верхняй часткі аркуша перагукаецца вырашэнне кампазіцыі ўнізе, куды ўваходзяць картуш з гербам у сярэдзіне, прыгожая гірлянда з лістоў, кветак і садавіны[3].

 
Партрэт Б. Гасеўскага. 1690-ыя г.

Значнай і па-мастацку цікавай часткай спадчыны Лявонція Тарасевіча з'яўляюцца партрэтныя і гербавыя выявы. Яны друкаваліся на асобных аркушах ці ўключаліся ў кнігі, змяшчаліся на франтыспісах, пераўтвараючыся ў своеасаблівыя ілюстрацыі. Напрыклад, у «Літургіёне, або Служэбніку» ёсць партрэт К. С. Радзівіла. Франтыспісы шэрагу кніг упрыгожылі гербы буйных магнацкіх радоў: Агінскіх, Браніцкіх, Сапегаў, Бжастоўскіх. У 1690-я гг. мастак награвіраваў партрэтныя выявы падстолія ашмянскага Георгія Зямлі і будучага епіскапа-суфрагана беларускага Багуслава Гасеўскага. Калі ў першым прыкладзе характарыстыка вобраза дапаўняецца сімвалічнымі ўвасабленнямі «Ісціны», «Разважнасці», персаніфікацыяй «Славы», то ў другім вырашэнне менш складанае. Гэта пышны картуш з партрэтам Б. Гасеўскага. Яго, як і герб, трымаюць анёлы.[4]

Зноскі

  1. В. Шматаў
  2. Б. Лазука
  3. Б. Лазука
  4. Б. Лазука

Літаратура правіць

  • Лазука Б. Гісторыя беларускага мастацтва (у двух тамах). Том 1 — Мн.: Беларусь, 2007.
  • Шматаў В. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стагоддзяў — Мн.: Навука і тэхніка, 1984.

Спасылкі правіць