Ліпічанская пушча

Ліпічанская пушча — ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння, лясны масіў у Мастоўскім, Дзятлаўскім і Шчучынскім раёнах Гродзенскай вобласці. Заказнік плошчай 15 153 га быў створаны ў 2002 годзе[1].

Ліпічанская пушча

Верасовы бор на пясчанай грыве (Дзятлаўскі раён)
Размяшчэнне Беларусь
Плошча 15 153 га
Дата заснавання 2002
physical
Ліпічанская пушча
Ліпічанская пушча
physical
Ліпічанская пушча
Ліпічанская пушча

Апісанне правіць

Ліпічанская пушча размяшчаецца на левабярэжжы Нёмана, у ніжнім цячэнні ракі Шчара. Паверхня — плоская пойма са старыцамі і рэдкімі ўзвышшамі, хвалістая тэраса з старажытнымі дзюнамі і інш. Сваеасаблівымі катэгорыямі рэльефа з’яўляюцца марэнныя ўзгоркі і дзюны ў выглядзе масіваў і адзнкавых форм сярод марэннай і водна-ледавіковай раўніны. Комплекс эолавых пясчаных узгоркаў і град з’яўляецца надзвычай рэдкім для Беларусі. Ліпічанскі комплес дзюн стаў эталонам эолавых форм рэльефа[2].

Паўночную частку заказніка перасякае рака Нёман у сваёй сярэдняй плыні. Рэчышча звілістае, са шматлікімі старыцамі, водмелямі, перакатамі і пясчанымі астравамі.

Глебы дзярнова-забалочаныя, поймавыя, дзярнова-падзолістыя, пясчаныя, тарфяна-балотныя і інш. Лясы шыракалістыя, яловыя высокаўзроставыя.

У заказніку адзначаны 16 відаў раслін, 11 відаў беспазваночных жывёл, 1 від ракападобных, 3 віды рыб, 18 відаў птушак і 2 віды млекакормячых, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.[3]

Флора правіць

 
Ельнік імшысты
 
Поймавая дуброва

Пераважаюць верасова-імшыстыя сасновыя бары на водна-ледавіковых і старажытнаалювіяльных пясках. Значная частка ляснога масіву — чарнічныя і кіслічныя ельнікі. Распаўсюджаны вытворныя травяныя, кіслічныя і чарнічныя бярэзнікі і вятроўнікавыя чорнаалешнікі. Уздоўж Нёмана захаваліся асобныя ўчасткі поймавых дуброў.

Сустракаюцца 754 віды вышэйшых сасудзістых раслін, з якіх 16 у Чырвонай кнізе Беларусі: гарлянка пірамідальная (Ajuga pyramidalis), касач сібірскі (Iris sibirica), лілея кучаравая (Lilium martagon), шалфей лугавы (Salvia pratensis) і інш.[4]

Фаўна правіць

Фаўна ўключае 29 відаў млекакормячых, 11 — амфібій і рэптылій, 30 — рыб, 136 — птушак. У Чырвонай кнізе Беларусі барсук (Meles meles), соня арэшнікавая (Muscardinus avellanarius), стронга ручаёвая (Salmo trutta), рыбец (Vimba vimba), вусач (Barbus barbus).[4]

Тут жывуць бабры (Castor fiber), выдры (Lutra lutra), можна заўважыць шэрую чаплю (Ardea cinerea), лебедзяў (Cygnus) і многіх іншых птушак, з рыб у р. Шчара сустракаюцца жэрах (Aspius aspius), шчупак (Esox lucius) і сом (Silurus glanis).[3] З буйных млекакормячых адзначаны высакародны алень.

Гісторыя правіць

У XIV—XV стагоддзях гэтыя тэрыторыі сталі ўласнасцю вялікага князя Літоўскага, а потым і караля Рэчы Паспалітай. Да XVI ст. лясы належалі кароне. За заслугі перад дзяржавай кароль дараваў частку сваіх лясоў вялікалітоўскім вяльможам.

У XVIII стагоддзі ў міжрэччы Нёмана і Шчары адным з першых месцаў па здабычы балотнай руды для вытворчасці жалеза была тэрыторыя ля ракі Пад’яваркі. У выніку ў месцы здабычы паўстаў населены пункт Руда Яварская. Належаў гэты руднік Радзівілам, якія валодалі дваром Явар і часткай пушчы. Ад назвы двара і пайшла назва рудніка, а пасля і вёскі.

Гэтак жа, часткай пушчы, прычым больш значнай, чым у Радзівілаў, валодалі Чацвярцінскія. Яны ў пойме ракі Чарняўка (прыток Нёмана) закладваюць руднік, які атрымлівае назву ад двара Чацвярцінскіх Ліпічна, што знаходзіўся на правым беразе р. Нёман. Такім чынам, з’явіўся населены пункт Руда Ліпічанская. Па імені двара называліся ў пушчы і глухія хутары, якія да гэтага часу захавалі назву Ліпічанская Пушча. Пасля Ліпічанскай пушчай сталі называць і ўвесь лясны масіў міжрэчча Нёмана і Шчары, уключаючы тэрыторыі, што не належалі Чацвярцінскім[5].

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў Ліпічанскай пушчы дзейнічаў атрад «Перамога», а са снежня 1943 па 12 ліпеня 1944 брыгада «Перамога» пад кіраўніцтвам Булака Паўла Іванавіча[6].

У 2002 годзе для захавання ў натуральным стане ўнікальных прыродных ландшафтаў з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл заснаваны ландшафтны заказнік.

Выкарыстанне тэрыторыі правіць

Зона адпачынку і турызму. Лясы маюць вялікае водаахоўнае значэнне.

У нумізматыцы правіць

У 2008 адчаканена памятная манета Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, прысвечаная заказніку «Ліпічанская пушча». На яе рэверсе выяўлены звычайны зімародак, на аверсе — лілея кучаравая.

Зноскі

  1. БЭ. Т.18, кн. І. С. 419
  2. itourist.by
  3. а б Липичанская пуща Архівавана 11 студзеня 2012. (руск.)
  4. а б Липичанская пуща (руск.)
  5. itourist.by
  6. История Архівавана 15 жніўня 2016. (руск.)

Літаратура правіць

Спасылкі правіць