Лісцевыя лясы ва ўмераным поясе — лясы з перавагаю дрэвавых відаў, у якіх па зіму ападае лісце. На Беларусі займаюць 32,8 % укрытай лесам плошчы, з іх шыракалістых 4,5 %, драбналістых 15,3 і лісцевых балотных лясоў 13 %.

Шыракалістыя лясы — дубовыя, грабовыя, ясянёвыя, кляновыя, у якіх пераважаюць дрэвы з шырокай лісцевай пласцінкай. У Еўропе ўтвараюць Еўрапейскую шыракаліста-лясную вобласць, якая ахоплівае паўднёвую частку Беларусі. Вызначаюцца разнастайнасцю дрэвавых відаў, густым падлескам, багатым відавым складам травяністых раслін. Найбольш пашыраны дубовыя лясы (4 %), астатнія займаюць 0,5 % укрытай лесам плошчы. Большасць лісцевых лясоў належыць да карэнных лясоў і ўмоўна-карэнных, з’яўляецца крыніцай драўніны асабліва каштоўных парод — дубу, ясеню, клёну.

У драбналістых лясах пераважаюць дрэвы з невялікай лісцевай пласцінкай. На Беларусі найбольш пашыраны бародаўчатабярозавыя, менш — асінавыя і шэраальховыя лясы. Узнікаюць на месцы хвойных і шыракалістых лясоў на высечках, гарах, на непрыдатных для сельскай гаспадаркі выкарыстання землях і належаць да вытворных лясоў. Маюць глебапаляпшальныя ўласцівасці, пасля высечкі плошчы іх выкарыстоўваюцца для аднаўлення хвойных і шыракалістых лясоў.

Лісцевыя балотныя лясы — чорнаальховыя і пушыстабярозавыя — адносяцца да карэнных лясоў на нізінных і пераходных балотах. Маюць гідралагічнае значэнне, выкарыстоўваюцца пры гідрамеліярацыі балот.

Літаратура правіць