Літоўская дзяржава

(Пасля перасылкі з Літоўскае княства)

Літоўская дзяржава або агульналітоўская дзяржава — паняцце ў літуанацэнтрычнай гіпотэзе, якое абазначае гіпатэтычную літоўскую этнічную дзяржаву, якая на думку літоўскіх і некаторых іншых гісторыкаў існавала на землях літоўскага засялення ў XI—XV стагоддзях.

У літоўскай гістарыяграфіі для гэтага гіпатэтычнага тэрытарыяльнага ўтварэння таксама ўжываюць і іншыя назвы — Аўкштайція, Літоўская зямля або Літоўскае княства (лац.: Ducatus Lithuaniae, літ.: Lietuvos kunigaikštystė; для XIII ст.), Віленскае княства (для XIV — пачатку XV стст), таксама Lithuania Propria (Літва ў вузкім сэнсе) ці проста Літва.

У шэрагу навуковых школ, найперш у літоўскай, а таксама ў савецкай (У. Пічэта, У. Пашута і інш.), гэтая дзяржава лічыцца зародкам, простай і непасрэднай папярэдніцай Вялікага Княства Літоўскага, потым яго цэнтральнай складовай часткай, а яе існаванне не аспрэчваецца. Праз гэта падкрэсліваецца выключная роля продкаў сучасных літоўцаў у стварэнні Вялікага Княства Літоўскага і другараднасць продкаў сучасных беларусаў. У найноўшай беларускай гістарыяграфіі замацавалася меркаванне, што такога дзяржаўна-палітычнага ўтварэння не існавала.

Самым раннім дакументальным сведчаннем існаванні такой дзяржавы на думку прыхільнікаў гэтай канцэпцыі быў дагавор 1219 года літоўскіх князёў з Галіцка-Валынскім княствам, у якім згадваюцца імёны 20 літоўскіх князёў, у т. л. Міндоўга.

На думку Уладзіміра Пашуты, палітычны лад гэтай дзяржавы развіваўся, на працягу XIII — сярэдзіны XIV ст., ад канфедэрацыі зямель праз іх саюз да адносна адзінай манархіі; тэрытарыяльны рост пачаўся ад г. зв. «Літвы Міндоўга», вакол якой аб’ядналіся землі Аўкштайціі, Жамойці, часткова — Яцвягіі і Земгаліі. Грамадскі лад дзяржавы быў пачаткова ўтвораны сінтэзам раннефеадальных інстытутаў незавершанага феадалізму на землях карэннай Літвы з развітымі інстытутамі федальна-раздробленага ладу на падпарадкаваных землях Русі; такі сінтэз прычыніў, пад сярэдзіну XIV ст., развіццё феадальнай раздробленасці і на землях Літвы.

Неабходнымі ўмовамі для ўтварэння такой дзяржавы былі разбурэнне першабытнаабшчынных і развіццё феадальных грамадскіх адносін на землях літоўскага засялення ў XII — пачатку XIII ст., а непасрэдным повадам — ваенна-палітычная пагроза балцкім плямёнам з боку нямецкіх і скандынаўскіх каланістаў, рыцарскіх ордэнаў, Польшчы, а таксама, на думку шэрагу аўтараў, напрыклад У. Пашуты, з боку мангола-татар.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

  • Пашуто В. Т. Образование Литовского государства. — М. : Изд-во АН СССР, 1959. — 531 с.: ил.