Мадурцы (саманазва: Suku Madura) — народ у Інданезіі, карэнныя жыхары вострава Мадура і паўночнага ўсходу вострава Ява. У другой палове XX ст. у выніку міграцыйнай палітыкі ўрада шырока рассяліліся ў розных рэгіёнах Інданезіі. Агульная колькасць (2013 г.) — 8 165 тыс. чал.[1]

Мадурцы
(Suku Madura)
Фота 1978 г.
Агульная колькасць 8 165 тыс.
Рэгіёны пражывання Інданезія
Мова мадурская
Рэлігія іслам, анімізм
Блізкія этнічныя групы яванцы, балійцы, малайцы, сунды

Гісторыя правіць

Мадурцы — аўстранезійцы, нашчадкі перасяленцаў 2 тысячагоддзя да н. э. У IX — XVI стст. востраў Мадура знаходзіўся пад уплывам індуісцкіх дзяржаў суседняй Явы. Паводле легенды, у XIII ст. яванская прынцэса Дэві Бендора Гунг і яе незаконнанароджаны сын Радэн Сегора, пераможца мангольскага нашэсця на Яву, заснавалі мясцовую дынастыю, што заставалася ў васальнай залежнасці ад дзяржавы Маджапахіт. У 1624 г. Мадура была заваявана яванскімі мусульманамі. У 1743 г. трапіла пад кантроль Галандскай Ост-Індскай кампаніі. У 1945 г. увайшла ў склад Інданезіі. З часоў сярэднявечча мадурцы перасяляліся на захад вострава Ява, дзе зараз складаюць большасць мадурскага насельніцтва.

Традыцыйная культура правіць

Засушлівы клімат і вапняковыя глебы Мадуры вызначылі галоўны занятак мясцовага насельніцтва — жывёлагадоўлю. Мадурцы трымаюць пераважна быкоў, таксама коней, коз і курэй. Земляробства мае важную ролю выключна для жыхароў прыбярэжных раўнін, а таксама суседняга вострава Ява. Асноўныя сельскагаспадарчыя культуры — рыс, кукуруза, арахіс, клубневыя.

Мадурцы здаўна славіліся як выдатныя рыбакі і мараплаўцы. У мінулым яны шырока гандлявалі з рознымі астравамі Інданезіі, а ў наш час наймаюцца матросамі на камерцыйныя лініі. На востраве Ява многія выхадцы з Мадуры займаюцца вандроўным гандлем скурай, керамікай і свойскай жывёлай. З працай на моры звязана мясцовае суднабудаванне. Мадурцы майструюць як невялікія лодкі-кадаўбы з балансірамі, так і буйныя судны-праў з дзвюма мачтамі. На ўзбярэжжы развіта здабыча солі. У цэнтральных раёнах Мадуры — гарбарства і ганчарства.

Для мадурскіх паселішчаў характэрна раскіданая планіроўка. Каркасныя жытлы будуюць на невысокіх па́лях, сцены аббіваюць бамбукавымі рэйкамі, дах крыюць пальмавым лісцем, саломай або чарапіцай. У кожнай вёсцы ёсць агульны загон для жывёлы.

Паўсядзённай народнай вопраткай з’яўляецца песаа́н (саронг, штаны, кашуля з высокім каўняром або суколка і інш.). На галаву апранаюць хустку. Валасы голяць або коратка стрыгуць. Больш высакародным адзеннем лічыцца мужчынскі строй адэнг перэдан, які ўключае паліто з накладнымі кішэнямі. Жаночы народны строй кебая складаецца з саронга, тонкай баваўнянай кофты і бюстгальтара. Распаўсюджаныя ўпрыгожванні для жанчын і мужчын — срэбраныя пярсцёнкі і завушніцы.

Мадурскія сем’і бываюць як пашыранымі, так і нуклеарнымі. Главой сям’і заўсёды лічыцца мужчына, а галоўнай працаўніцай — жанчына. Шлюбы складаюць па ініцыятыве бацькоў жаніха. Пры гэтым абавязкова падпісваецца шлюбны кантракт. Хаця ў наш час усе грамадзяне Інданезіі маюць роўныя грамадзянскія правы, сярод мадурцаў захаваўся саслоўны падзел, імя чалавека заўсёды ўключае спадчынны тытул. Сельская абшчына дэса займаецца пераважна адміністрацыйным кіраваннем і ў справы сям’і не ўмешваецца.

Любімым баўленнем часу ў мадурцаў лічацца баі пеўняў і быкоў, а таксама гонкі быкоў. Распаўсюджаны вялікія застоллі кендуры, якія арганізуюцца той ці іншай асобай для суседзяў і сяброў у гонар пэўных жыццёвых падзей.

Мова правіць

Мадурская мова адносіцца да малайска-палінезійскай групы аўстранезійскіх моў. Мае 6 буйных дыялектаў. У мінулым мадурцы шырока карысталіся пісьмовай мовай каві. У наш час пры напісанні ўжываецца алфавіт на аснове лацінкі.

Рэлігія правіць

Большасць вернікаў — мусульмане-суніты, аднак у пабытовым жыцці сустракаюцца рэшткі старажытных вераванняў у добрых і злых духаў, шанаванне камянёў.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Rifai, Mien A. Lintasan sejarah Madura = Гістарычны шлях Мадуры. — Surabaya, 1993. (індан.)
  • Nugroho, Yayuk Sri Budi R. Selintas benda cagar budaya Madura = Нарысы пра культурны здабытак Мадуры. — Jakarta, 1997. (індан.)

Спасылкі правіць