Манул

млекакормячае сямейства каціных

Ману́л (ад манг.: manuul[1]) (Otocolobus manul, Felis manul) — адзіны від падроду Otocolobus сямейства каціных, часам вылучаюць у асобны род.

Манул
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Felis manul Pallas, 1776

Сінонімы
Otocolobus manul
Арэал

выява

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  552765
NCBI  61408
EOL  328665
FW  224050

Назва правіць

Сваю другую назву — кот Паласа — ён атрымаў у гонар нямецкага натураліста Петэра Паласа, які адкрыў манула на ўзбярэжжы Каспійскага мора ў XVIII стагоддзі. Лацінская назва Otocolobus паходзіць ад грэчаскага us, otos — вуха, kolobos — выродлівы, г.зн. «выродлівае вуха».

Апісанне правіць

Вонкава падобны на свойскага ката. Даўжыня цела да 60-65 см, хваста да 30-31 см, маса да 3,5-5 кг. Тулава масіўнае, лапы кароткія і тоўстыя, галава шырокая, сплошчаная, вушы маленькія, круглявыя, шырока расстаўленыя. На тулаве і на хвасце пышная поўсць; хвост адносна кароткі і выглядае «абсечаным». На шчоках пучкі падоўжаных валасоў — бакі. Поўсць на спіне мае 9000 валаскоў на 1 см² даўжынёй 7 см. Афарбоўка буравата- або вохрыста-шэрая з вузкімі папярочнымі палосамі на задняй частцы цела.

Пашырэнне правіць

Сустракаецца ў арыдных абласцях Цэнтральнай і Сярэдняй Азіі, на Іранскім нагор’і. У горы паднімаецца да 4800 м. Паўсюль рэдкі, месцамі на мяжы знікнення. У Расіі сустракаецца ў Алтайскім краі, Бураціі і ў Чыцінскай вобласці. Унесены ў Чырвоную кнігу Расіі, у Чырвонай кнізе МСАП яго стан ацэнены як блізкі да ўразлівага.

Разводзіцца ў заапарках. На пачатак 1980 года ў заапарках свету ўтрымліваліся 54 манулы. У няволі добра размнажаецца.

Асаблівасці біялогіі правіць

Трымаецца паасобку. Аснову харчавання складаюць пішчухі і дробныя грызуны. Радзей ловіць зайцоў-талаеў, байбакоў і птушак. Паядае розных насякомых.

Гон праходзіць у лютым, цяжарнасць каля 60 дзён, у прыплодзе 2-6 кацянят, якія нараджаюцца сляпымі, бачаць на 10-12-ы дзень, самастойна паляваць пачынаюць на 3-4-м месяцы жыцця. Палавой спеласці дасягаюць на першым годзе жыцця. Працягласць жыцця да 12 гадоў.

Зноскі

  1. Слоўнік іншамоўных слоў : у 2 т. / А. М. Булыка. — Мінск : БелЭн, 1999.  — Т. 2 : М-Я. — 1999. — 736 с. — ISBN 985-11-0153-2, С.28

Літаратура правіць