Масачусет (літаральна «людзі высокай зямлі»; англ.: Massachusett) — зніклае алганкінскае племя, якое насяляла ў XVII ст. тэрыторыю Садружнасці Масачусетс, у тым ліку горад Бостан.

Масачусет мелі агульнае паходжанне з вампаноаг і размаўлялі на адзінай мове, аднак не ўваходзілі ў склад іх канфедэрацыі. У 1614 г. налічвалі каля 3 000 чалавек, жылі ў 20 вёсках і падзяляліся на 5 родавых груп на чале з правадырамі. Асноўнымі заняткамі з’яўляліся земляробства, рыбалоўства і паляванне. У 1614 — 1617 гг. моцна пацярпелі ад эпідэмічных захворванняў, завезеных еўрапейцамі, так што ў 1620 г. каланісты-пурытане знайшлі большасць іх вёсак спустошанымі. У 1633 г. масачусет зноў пацярпелі ад эпідэміі воспы.

З 1633 г. пурытанскія місіянеры праводзілі сярод тубыльцаў актыўную працу па хрысціянізацыі, прычым ахрышчаныя індзейцы сяліліся ў асобных вёсках і прымалі еўрапейскія звычаі і норавы. У 16651669 гг. масачусет-пурытане ваявалі з магаўкамі. Падчас вайны караля Філіпа аказвалі дапамогу каланістам, служылі праваднікамі і перакладчыкамі, аднак у выніку падвяргаліся нападам як індзейцаў, так і белых. Да 1677 г. захавалася толькі каля 300 індзейцаў-хрысціян, сярод якіх былі не толькі масачусет, але нарагансет, вампаноаг, дэлавары і інш.

Нашчадкі масачусет і ў нашы дні насяляюць Садружнасць Масачусетс, аднак яны страцілі родную мову і не вызначаюцца ўрадам ЗША як самастойнае племя.

Гл. таксама правіць

Спасылкі правіць