Метэо́ры (стар.-грэч.: μετέωρος — «нябесны», народная назва — зні́чкі[1]) — з’явы, што ўзнікаюць у зямной атмасферы пры пранікненні ў яе часціц касмічнага рэчыва — метэорных цел (напрыклад, аскепкаў камет ці астэроідаў). Гэтыя з’явы вывучаюцца метэарытыкай.

Анімацыя яркага метэора (-3 зор. вел.) са следам з патока Гемінід, знята 9 снежня 2010 года ў САА РАН

Утварэнне метэораў правіць

Метэорныя целы ўваходзяць у атмасферу Зямлі з адноснымі скорасцямі ад 11 да 73 км/с. Пры ўзаемадзеянні з паветрам кінетычная энергія метэорных цел ідзе на награванне і выпарэнне цел, узбуджэнне і іанізацыю малекул паветра і пары метэорнага рэчыва. Некалькі працэнтаў энергіі пераходзіць у светлавую. Даўжыня шляху метэораў у атмасферы — каля 100 км, большасць метэорных цел згарае ў атмасферы на вышыні больш за 80 км. Вельмі яркія метэоры называюць балідамі, часам яны заканчваюцца выпадзеннем на паверхню Зямлі метэарытаў. Маса метэораў найчасцей — ад міліграма да некалькіх грам. На ясным начным небе простым вокам можна бачыць звычайна каля 10 метэораў за гадзіну. За суткі ў атмасферу Зямлі пранікае некалькі мільярдаў метэорных цел, агульнай масай каля 100 т. Большасць метэорных цел — камяністыя прадукты распаду каметных ядраў, зрэдку — астэроідаў. У міжпланетнай прасторы метэорныя целы каметнага паходжання рухаюцца раямі, расцягнутымі ўздоўж арбіты каметы. Трапляючы ў зямную атмасферу, яны ўтвараюць метэорныя патокі.

Метэорам завецца не аб’ект (метэароід), а з’ява, гэта значыць, след метэароіда, які свеціцца. І гэта з’ява завецца метэорам незалежна ад таго, ці паляціць метэароід з атмасферы назад у касмічную прастора, ці згарыць у ёй за кошт трэння або зваліцца на Зямлю метэарытам.

Адметнымі характарыстыкамі метэора, апроч масы і памеру, з’яўляюцца яго хуткасць, вышыня ўзгарання, даўжыня трэка (бачны шлях), яркасць свячэння і хімічны склад (уплывае на колер гарэння). Так, пры ўмове, што метэор дасягае 1 зорнай велічыні пры хуткасці ўваходжання ў атмасферу Зямлі 40 км/с, загараецца на вышыні 100 км, а патухае на вышыні 80 км, пры даўжыні шляху ў 60 км і адлегласці да назіральніка ў 150 км, то працягласць палёту складзе 1.5 сек, а сярэдні памер складзе 0.6 мм пры масе 6 мг[2].

Метэорныя патокі правіць

Часта метэоры групуюцца ў метэорныя патокі — сталыя масы метэораў, якія з’яўляюцца ў вызначаную пару года, у вызначаным краю неба. Шырока вядомыя такія метэорныя патокі, як Леаніды, Квадрантыды і Персеіды. Усе метэорныя патокі параджаюцца каметамі ў выніку разбурэння падчас раставання пры мінанні ўнутранай часткі Сонечнай сістэмы.

Падчас візуальных назіранняў метэорных патокаў здаецца, што метэоры вылятаюць з аднаго пункта на небе — радыянта метэорнага патока. Гэта тлумачыцца падобным паходжаннем і адносна блізкім размяшчэннем касмічнага пылу ў касмічнай прасторы, якая з’яўляецца крыніцай метэорных патокаў.

У міфалогіі правіць

Традыцыя загадваць жаданне на зоркі, якія падаюць, звязана з верай у тое, што знічка — гэта анёл, які спускаецца на зямлю па душу чалавека, які адыходзіць у іншы свет. І нібыта, пакуль ён ляціць па небе, ён не можа нікому адмовіць. Таму, атрымліваецца, чалавек са сваімі жаданнямі звяртаецца непасрэдна да анёла.

Таксама дзе-нідзе верылі, што калі зорка ўпадзе на зямлю, то на тым месцы разальецца смала і нельга будзе будаваць дом. Такое меркаванне часцей сустракаецца ва ўкраінскіх вераваннях. Там лічылі, што чорт гуляе па небе і спрабуе падмяніць зоркі на свае свечкі, а анёл скідвае іх. Знічка — гэта падае сам чорт або яго свечка, таму і разліваецца смалой, далятаючы да зямлі. Акрамя таго, сцягваць зоркі з неба маглі ведзьмы, выкарыстоўваючы пры гэтым звычайную нітку. Ім гэтыя нябесныя целы былі патрэбны для павелічэння магічнай сілы[3].

Зноскі

  1. Болсун А. І., Рапановіч Я. Н. Слоўнік фізічных і астранамічных тэрмінаў. Мн., 1979.
  2. В. Н. Петров (1939). "Некоторые проблемы физики метеоров" (PDF). Успехи физических наук. XXII (4): 449–463.
  3. Што думалі нашы продкі, гледзячы на начное неба? // Звязда, 19.01.2018.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

Спасылкі правіць