Механізм перадачы інфекцыі

Механізм перадачы інфекцыі — спосаб перамяшчэння ўзбуджальніка інфекцыйнай або паразітычнай хваробы з заражанага арганізма на ўспрымальны. Уключае паслядоўную змену трох стадый:

  • вывядзенне ўзбуджальніка з заражанага арганізма ў навакольнае асяроддзе;
  • знаходжанне ўзбуджальніка ў абіятычных (навакольнае асяроддзе) або біятычных умовах (прамежкавы гаспадар);
  • укараненне (увядзенне) узбуджальніка ў успрымальны арганізм.[1]

Механізмы перадачы ўзбуджальніка правіць

Існуе шэсць асноўных механізмаў перадачы ўзбуджальніка інфекцыі, кожны з якіх уключае ў сябе шляхі перадачы ўзбуджальніка інфекцыі:

  • аэрагенны
  • кантактны
  • трансмісіўны
  • фекальна-аральны
  • вертыкальны
  • гемакантактны

Аэрагенны правіць

 
Аэрагенныя захворванні могуць перадавацца праз кропелькі з носа і рота.

Аэрагенны механізм перадачы інфекцыі — механізм перадачы інфекцыі, пры якім узбуджальнікі лакалізуюцца ў слізістай абалонцы дыхальных шляхоў інфікаванага арганізма і пераносяцца сярод гаспадароў праз паветра. Рэалізуецца праз паветрана-кропельны і паветрана-пылавы шлях перадачы. Пры паветрана-кропельным шляху перадачы ўзбуджальнік трапляе ў паветранае асяроддзе пры кашлі, чханні і г п., знаходзіцца ў ёй у форме аэразолю і ўкараняецца ў арганізм жывёлы пры ўдыханні заражанага паветра. Пры паветрана-пылавым шляху заражэння ўзбуджальнік трапляе ў арганізм з часціцамі пылу (у выпадку магчымасці працяглага яго захавання ў знешнім асяроддзі, напрыклад, пры сухотах).[1]

Кантактны правіць

Кантактны механізм перадачы інфекцыі — механізм перадачы інфекцыі, пры якім вылучаюцца ўзбуджальнікі на скуры і яе прыдатках, на слізістай абалонцы вачэй, паражніны рота, палавых органаў, на паверхні ран, паступаюць з іх на паверхню розных прадметаў і пры кантакце з імі ўспрымальнага арганізма (часцей пры наяўнасці мікратраўм) укараняюцца ў яго.[2]

Кантактны механізм перадачы інфекцыі падзяляюць на прамы (поціскі рукі, абдымкі, пагладжвання і т. п., то-бок кантакт з крыніцай інфекцыі) і непрамы, або апасродкаваны (праз прадметы абстаноўкі, бытавую тэхніку, цацкі, посуд, сталовыя прыборы, прадметы гігіены і т. п.).

Трансмісіўны правіць

Трансмісіўны механізм перадачы ажыццяўляецца пры дапамозе казурак. Падзяляецца на інакуляцыйны (пры ўкусе) і кантамінацыйны (пры ўціранні ў пашкоджаную скуру) шляхі перадачы.

Фекальна-аральны правіць

Фекальна-аральны механізм перадачы інфекцыі — механізм перадачы інфекцыі, пры якім узбуджальнік інфекцыі лакалізуецца пераважна ў страўнікава-кішачным тракце, вызначае яго вывядзенне з заражанага арганізма са спаражненнямі (фекаліямі, мачой) або ванітавымі масамі. Пранікненне ў успрымальны арганізм адбываецца праз рот, галоўным чынам пры заглынанні забруджанай вады (водны шлях), ежы (аліментарны шлях), з бруднымі рукамі і прадметамі ўжытку (кантактна-бытавы шлях), пасля чаго ён зноў лакалізуецца ў страўнікава-кішачным тракце новага арганізма.

Вертыкальны правіць

Трансплацэнтарны (унутрычэраўны) шлях перадачы інфекцыі — пры якім узбуджальнік інфекцыі перадаецца ад маці да плода падчас цяжарнасці.

Вертыкальным механізмам перадачы інфекцыі таксама лічыцца перадача ўзбуджальніка ад маці да плода падчас праходжання ім родавых шляхоў.

Гемакантактны правіць

Гемакантактны механізм перадачы інфекцыі — механізм перадачы інфекцыі, абумоўлены кантактам з крывёю заражанага чалавека. Падзяляецца на натуральны (вертыкальны, палавы, непрамы) і штучны, звязаны з медыцынскімі маніпуляцыямі, унутрывеннымі ін’екцыямі, татуажам.

Зноскі

  1. а б М-08 металлоциты - Мещерского » Медсправка iPULSAR. Архівавана з першакрыніцы 29 сакавіка 2012.
  2. Механизм передачи возбудителя инфекции на medarticle.moslek.ru(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2011.