Механі́чны рух — найпрасцейшая форма руху матэрыі, якая палягае ў змяненні становішча цела ў прасторы з цягам часу; прадмет вывучэння механікі.

Найважнейшай уласцівасцю механічнага руху з'яўляецца яго адноснасць. Гэта значыць, што рух як змяненне палажэння цела можа быць зафіксаваны толькі адносна іншых цел, у той ці іншай сістэме адліку. З пераходам ад аднае сістэмы адліку да іншай характарыстыкі руху могуць змяняцца.

У агульным выпадку рух цела ўяўляе сабой рэзультат складання трох рухаў: дэфармацыі, вярчэння і паступальнага руху. Змяненне формы і (або) аб'ёму цела называецца дэфармацыяй цела. Змяненне арыентацыі цела ў прасторы называецца паваротам, а рух, які пры гэтым адбываецца, — вярчальным рухам цела.

Калі рух адбываецца без дэфармацыі і павароту цела, то яго называюць паступальным. Паступальны рух можа быць як прамалінейным, так і крывалінейным. Траекторыі пунктаў цела, якое рухаецца паступальна, аднолькавыя паміж сабой — кожны пункт паўтарае рух любога іншага пункта цела з некаторым пастаянным зрушэннем.

У многіх задачах дэфармацыю цела можна не прымаць да ўвагі. У такіх выпадках можна выкарыстаць мадэль абсалютна цвёрдага цела — уяўнага цела, адлегласць паміж любымі пунктамі якога не змяняецца. Паколькі абсалютна цвёрдае цела не дэфармуецца, яго рух зводзіцца да паступальнага перамяшчэння і вярчэння. Апісаць такі рух таксама не проста, але шмат лягчэй, чым рух цел, якія дэфармуюцца. Не трэба сачыць за кожным пунктам цела. Дастаткова ведаць, як рухаецца адзін з іх і як адбываецца вярчальны рух цела.

Калі дэфармацыі і вярчэнне цела можна не прымаць у разлік, то дастаткова разгледзець толькі паступальны рух цела. Паколькі пры паступальным руху ўсе пункты цела рухаюцца аднолькава, то вывучэнне яго руху зводзіцца да вывучэння руху аднаго пункта. У такіх выпадках шырока выкарыстоўваюць мадэль матэрыяльнага пункта. Найпрасцейшым відам механічнага руху з'яўляецца рух матэрыяльнага пункта. Рух матэрыяльнага пункта цалкам вызначаны, калі задана яго траекторыя і вядома, у якім пункце траекторыі ён знаходзіцца ў кожны момант часу.

Законы руху матэрыяльных пунктаў служаць падставай для вывучэння руху макраскапічных цел. Рух любой складанай сістэмы можна разглядаць як вынік руху ўсіх матэрыяльных пунктаў, што яе складаюць.

Навука, якая вывучае заканамернасці механічнага руху і прычыны, якія яго выклікаюць, называецца механікай. Кінематыка апісвае, як рухаюцца целы, а дынаміка выяўляе прычыны руху і тлумачыць, чаму целы рухаюцца менавіта так, а не інакш.

Літаратура правіць

  • Ісачанкава, Л. А. і інш. Фізіка: вучэб. дапам. для 9-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. А. Ісачанкава, Г. У. Пальчык, А. А. Сакольскі; пад рэд. А. А. Сакольскага; пер. з рус. мовы Н. Г. Ляўчук. — Мінск: Нар. асвета, 2010. — 213 с. : іл. — ISBN 978-985-03-1373-7.