Могілкі

месца пахавання

Могілкі — участак тэрыторыі, адмыслова прызначаны для пахавання памерлых або іх праху пасля крэмацыі. Пахаванне ў зямлі — старажытны і найбольш распаўсюджаны спосаб пахавання.

Брама Кальварыйскіх могілак у Мінску

Прадстаўнікоў розных канфесій у мінулым хавалі асобна, кожнага на сваіх могілках. Дыферэнцыяцыя па рэлігійнай прыналежнасці вызначала і ўласцівыя той ці іншай этнаканфесіянальнай групе пахавальныя абрады, спосабы пахаванняў, атрыбуты, сімволіку і мемарыяльныя знакі. Так, магілы праваслаўных размяшчаліся галавой на захад, католікаў — на ўсход. Мемарыяльнымі знакамі служылі крыж або камень з выявай крыжа (крыж ставілі звычайна ў галавах нябожчыка, камень — у нагах). На поўначы Беларусі сустракаліся масіўныя вычасаныя з каменю крыжы-жальнікі. У іудзеяў надгробнымі знакамі служылі камяні з выявай 6-канечнай зоркі, у мусульман (татар) — 5-канечнай зоркі і паўмесяца.

Ha могілках стараліся хаваць сем’ямі. Людзей нявызначанай веры, самагубцаў, тапельцаў хавалі за межамі могілак. Магільныя ўзгоркі часам пакрывалі драўлянымі прамавугольнікамі ў выглядзе века труны ці абгабляванымі гранёнымі калодамі. Час ад часу родзічы і блізкія нябожчыкаў падсыпалі надмагільныя бугаркі, абкладвалі іх дзёрнам або невысокім зрубам, абмуроўвалі, абнаўлялі мемарыяльныя знакі (у святочныя дні крыж абвязвалі ўзорнымі ручнікамі, фартушкамі, вянкамі), садзілі дрэвы, кветкі. На памінкі, радаўніцу, на велікодным тыдні на могілкі прыходзілі, каб аддаць даніну павагі і ўшанаваць памяць памерлых продкаў.

За стан могілак адказваюць мясцовыя органы ўлады — сельскія і гарадскія Саветы дэпутатаў у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб пахаванні і пахавальнай справе» ад 25 кастрычніка 2001 года.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

  • Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: БелСЭ, 1989. — 375 с.

Спасылкі правіць