Моладзь — сацыяльна-дэмаграфічная група, вылучаная на аснове сукупнасці ўзроставых характарыстык і асаблівасцей сацыяльнага становішча. Маладосць як пэўная вызначаная фаза, этап жыццёвага цыкла біялагічна ўніверсальная, але яе дакладныя ўзроставыя рамкі, звязаны з ёй сацыяльны статус і сацыяльна-псіхалагічныя асаблівасці маюць сацыяльна-гістарычную прыроду і залежаць ад грамадскага ладу, культуры і ўласцівых дадзенаму грамадству заканамернасцей сацыялізацыі.

Сучасная моладзь даўжэй навучаецца ў школе і, адпаведна, пазней пачынае самастойнае працоўнае жыццё. Ускладніліся і самі крытэрыі сацыяльнай сталасці. Пачатак самастойнага працоўнага жыцця, завяршэнне навучання і набыццё стабільнай прафесіі, атрыманне палітычных правоў, матэрыяльная незалежнасць ад бацькоў, уступленне ў шлюб і нараджэння першага дзіцяці — усе гэтыя падзеі, якія ў сваёй сукупнасці даюць чалавеку пачуццё поўнай даросласці, і адпаведны сацыяльны статус, наступаюць не адначасова, і сама іх паслядоўнасць і сімвалічнае значэнне кожнай з іх не аднолькавыя ў розных сацыяльных слаях. Адсюль і дыскутыўнасць храналагічных, абсалютных узроставых межаў: ніжняя мяжа маладосці ўстаноўлена паміж 14 і 16 гадамі, а верхняя — паміж 25 і 30 гадамі і нават пазней.

Не менш важным, чым падаўжэнне перыяду маладосці, з'яўляецца ўскладненне самога працэсу сацыялізацыі. Фарміраванне асобы маладога чалавека адбываецца сёння пад уплывам некалькіх адносна аўтаномных сацыяльных фактараў, найважнейшымі з якіх з'яўляюцца: сям'я, школа, супольнасць аднагодкаў (моладзевыя арганізацыі, розныя нефармальныя, стыхійныя групы і супольнасці), сродкі масавай інфармацыі. Ужо само багацце гэтых інстытутаў і сродкаў уздзеяння дае асобе, якая фарміруецца, значна большую ступень аўтаноміі ад кожнага з іх у асобнасці як ніколі ў мінулым. Арганізацыя выхавання і навучання моладзі па ўзроставым прынцыпе ўзмацняе гэту ўзроставую гамагеннасць, спрыяючы выпрацоўцы спецыфічнай «моладзевай» самасвядомасці і стылю жыцця («субкультуры»).

Паскарэнне тэмпаў грамадскага жыцця цягне за сабой павышэнне ролі і значэння моладзі ў грамадска-палітычным і культурным жыцці. Справа не столькі ў абсалютным росце колькасці маладых людзей, колькі ў зменлівых сацыяльных умовах. Чым вышэй тэмп тэхніка-эканамічнага развіцця, чым хутчэй абнаўляюцца веды, умовы працы і побыту, тым больш прыкметнымі становяцца сацыяльна-культурныя адрозненні паміж пакаленнямі. Новыя праблемы і падзеі штурхаюць на пошукі прынцыпова новых рашэнняў і крытычную пераацэнку мінулага вопыту.

Спасылкі правіць